Пошук

“Гісторыю на Акрэсціна не пасадзіш”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 35


Фота: малюнак Лізы Лянкевіч
“Калі адчуеш, што агонь ужо не сагрэе, калі вада замест праўды намывае толькі глею, калі паветрам дыхаць ты ўжо не мусіш, памятай: ты быў і застаешся дрэвам Беларусі…” (Belaroots, “Аднакарэнныя”)

Спампаваць pdf-версію 35-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Уладзімір Пятроў

З Уладзімірам Пятровым Оперны тэатр не працягнуў кантракт.

Уладзімір Пятроў – народны артыст Беларусі, у трупе з 1993 года – у жніўні 2020 разам з Паўлам Латушкам і іншымі купалаўцамі браў удзел у запісах зваротаў супраць гвалту.

Паводле інфармацыі Беларускай Рады Культуры, пасля гучных звальненняў з Вялікага тэатра оперы і балету вядучых салістаў новы дырэктар Вячаслаў Гарбузаў збіраецца звольніць да канца лета артыстаў, якія запісалі відэазварот з асуджэннем гвалту. У ім прынялі ўдзел 188 чалавек.

Трох палітзняволеных з незарэгістраванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішавувывезлі ў Польшчу з СІЗА.  Яны не маюць права вярнуцца ў Беларусь. Вядома, што вызваленне ўзамен на дэпартацыю з краіны прапаноўвалі таксама журналісту Анджэю Пачобуту і старшыні саюзу Анжаліцы Борыс, але яны адмовіліся. Анджэю Пачобуту не перадаюць лекаў для сэрца.

Ірэна Бернацкая, Марына Цішкоўская і Ганна Панішава

Дзяніс Іваноў, артыст камернага хору, затрыманы 1 чэрвеня на працоўным месцы, атрымаў 15 сутак адміністратыўнага арышту. 

Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раеўская

У кватэры Аляксея Кузьміна, саліста гурта “Закон Гука”, 2 чэрвеня адбыўся вобшук.

Да Дзяніса Дудзінскага, актора і шоўмэна, і Кацярыны Раецкай, яго жонкі, 2 чэрвеня прыйшлі з вобшукам з Дэпартамента фінансавых расследаванняў. 

У кватэры Валярыны Куставай, паэткі і журналісткі, 3 чэрвеня сілавікі ўзламалі дзверы і правялі вобшук. Самой Валярыны ў кватэры ў гэты час не было.

Дадому Аліны Нагорнай, моўнай актывісткі, 3 чэрвеня спрабавала трапіць міліцыя. Гэта не першая іх спроба. 

Ігар Кліменка

У кватэру да Ігара Кліменкі, артыста хора Беларускай дзяржаўнай філармоніі, 3 чэрвеня намагаліся трапіць невядомыя.

Генпракуратура Беларусі хоча дапытаць экс-прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса па справе аб генацыдзе насельніцтва Беларусі падчас Другой Сусветнай вайны. Пра гэта заявіў кіраўнік следчай групы – старшы пракурор Генпракуратуры Беларусі Эдуард Скуратаў.

За паўгода працы новага Міністра культуры Анатоля Маркевіча змянілася мінімум шэсць кіраўнікоў тэатраў, музяеў і бібліятэк.


Сімволіка

Дзмітры Руто

Дзмітрыя Руто, журналіста Tribuna.com, якога затрымалі 1 чэрвеня за бел-чырвона-белы шалік ў аўто, асудзілі на 15 сутак адміністратыўнага арышту. 

Зінаіда Смірнова, 62-гадовая пенсіянерка, атрымала штраф 870 рублёў за шалік у белых і чырвоных колерах. 

Жыхару Брэста прысудзілі 3 месяцы арышту за тое, што ён сарваў з флагштока дзяржаўны сцяг і кінуў яго на зямлю. 

Вольга Верамеенка, уладальніца гродненскай крамы “Адметнасць”, якая спецыялізуецца на продажы тавараў з нацыянальнай сімволікай, была затрыманая 3 чэрвеня за “пікетаванне”. Сілавікі забралі некалькі скрыняў з бел-чырвона-белымі таварамі. Ціск на краму аказваецца са студзеня. 

Барыс Хамайда

Барыс Хамайда, віцебскі актывіст які распаўсюджвае беларускамоўныя выданні пад бел-чырвона-белым парасонам, затрыманы 3 чэрвеня паводле абвінавачвання ў несанкцыянаваным пікетаванні. Яму прысудзілі 8 сутак адміністратыўнага арышту.

Аляксандру Івуліну, журналісту і блогеру, прысудзілі 30 сутак адміністратыўнага арышту за сцяг, вывешаны ў акне. Па словах Аляксандра і сведкаў, сцяг там не вісеў у гэтым годзе, значыцца, міліцыянты павесілі яго туды, каб сфатаграфаваць і прадставіць у якасці сведчання правапарушэння. Аляксандр Івулін актыўна падтрымлівае пратэст, у тым ліку матэр’яламі на сваім Youtube канале.


Жыццё за кратамі

Ангеліна Туравец, якая адбывала 20 сутак адміністратыўнага арышту ў Віцебскім ІЧУ за маску з бел-чырвона-белым прынтам, распавяла, што кнігі ім выдавалі на 30 хвілін у дзень. 

Стэфанія Ціхінская, рэжысёрка і мастачка, якая выйшла пасля 10 сутак адміністратыўнага арышту за бчб сэрцайкі ў акне, распавяла пра ўмовы ўтрымання “палітычных”: перадачы, якія прымаюць у блізкіх зняволеных, не перадаюць зняволеным, могуць атабраць зубную пасту і шчотку, калі пашанцуе, то можна дапрасіцца пракладкі, туалетную паперу, лекі. 

Аляксандр Васілевіч і Надзея Зелянкова, фота solidaritywithalexander.com

Надзея Зелянкова, жонка Аляксандра Васілевіча, сузаснавальніка анлайн-выданняў kyky.org і The Village-Беларусь, уладальніка агенцтва Vondel/Hepta і прасторы Галерэя Ў, пра ўмовы яго ўтрымання ў СІЗА:

«Увесь гэты час ён у турме. Ён не становіцца здаравейшым. Ён жоўтага колеру. Часам перастае жаўцець, становіцца нармальнага, белага. Потым шэрага, потым зноў жоўтага. Вочы ў яго ўвесь час у гноі. Звязкі на назе як былі парваныя і трэба рабіць аперацыю, так яны і будуць парваныя. У яго выпала пломба, ён не можа яе зрабіць у турме».

Алесь Пушкін

 

Алесь Пушкін адмовіўся размаўляць з расейскамоўным следчым. Тым часам яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 30 жніўня. 

Марыю Калеснікаву без яе дазволу 3 чэрвеня здымалі для дзяржаўнага тэлебачання. 

Наталля Хершэ, палітзняволеная мастачка, знаходзіцца ў карцары. Брату Наталлі паведамілі, што яна «дапускае парушэнне вызначанага парадку адбыцця пакарання». Палітзняволеная знаходзілася ў ШІЗА з 6 па 23 траўня, а 24 траўня трапіла туды зноў.

Паўлу Севярынцу дазволілі спатканне з жонкай і сынам. 

Кася Будзькопалітзняволеная, якая праходзіць па студэнцкай справе, піша ў адным з лістоў пра тое, чым для яе з’яўляецца досвед штодзённых судовых паседжанняў:

“На самом деле, если бы меня судили одну, то это было бы настоящей пыткой, каждый день кататься в убер дискомфорте, сидеть и слушать всю эту бредятину и почти не отдыхать. Все перечисленные минусы компенсируются одним плюсом –11 клёвых человек, из-за которых не так тяжело вставать в 6 утра, сидеть на заседании, шутить и слушать смешные шутки, поддерживать друг друга в случае чего, в общем, с ними ездить на суды даже весело))))”


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Ірэна Кацяловіч падрыхтавала агляд дзесяці беларускіх дызайнераў і дызайнерак,  чыя творчасць стала люстэркам грамадскіх настрояў гэтых месяцаў супраціву

 

Андрэй Цяпін – “Дзясятка”: кліп, які нагадвае нам пра нашую барацьбу.  

Ліза Лянкевіч “А хто яшчэ сябе адчувае ў клетцы? – Беларусы. А што адчуваюць беларусы за рэальнымі кратамі?”; Вольга Якубоўская “Пішыце лісты палітзняволеным. Няхай цеплыня вашых сэрцаў дапаможа ім перажыць гэтыя цёмныя часы”; Цьерд Роярс, “Прызнанне Рамана Пратасевіча на беларускім ТВ”; Ежы Ёрш, KGB-TV; Ліля Квацабая ⬇️

 

Артысты Перамогі: канцэрт Сяргея Пукста, сродкі ад якога пойдуць на аперацыю для Лявона Цімохіна – гісторыка, настаўніка, паэта, экс-дэпутата Маладзечанскага гарсавету, які дамогся ўсталявання ў цэнтры Маладзечна помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.


Галасы асобаў

Маргарыта Ляўчук, оперная спявачка:

Маргарыта Ляўчук

“Ёсць такая вар’яцкая тэорыя: чым горш робіцца і распальваецца абстаноўка, тым хутчэй адбудзецца пералом. І, магчыма, тады гэта ўсё скончыцца, і мы пераможам, і гэта будзе вельмі выпакутаваная Перамога, здабытая літаральна крывёй.

Усё ж такі яшчэ не ўсе зразумелі, што адбываецца. Можа, нам і дадзена ўсё гэта для таго, каб дайшло да кожнага. І дойдзе. Беларусь маленькая краіна, у кагосьці сваяка звольняць, у кагосьці сябра пасадзяць, ў чыіхсьці знаёмых бізнэс адбяруць”.

Мікола Папека, паэт, абвінавачаны па “карагоднай справе”:  

“Прысудзяць нам тэрміны – мы адбудзем, а ім з іх прысудамі давядзецца жыць да канца дзён”. 

Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік:  

“Гэтая рэвалюцыя не скончылася. Людзі сышлі з вуліц, бо гвалт у краіне зашкальвае. Бо канцлагер нарэшце дабудаваны – на руінах цырку. Проста рэвалюцыя перайшла на новы этап. Можна загнаць людзей у турмы і прымусіць сядзець дома, можна зрабіць выгляд, што ўсё скончылася, але супраціў у галовах толькі мацнее. Гісторыю на Акрэсціна не пасадзіш”.  


Міжнародная салідарнасць

Фота-прынт мурала ў Мінску

Асацыяцыя нямецкіх выдаўцоў і кнігагандляроў стварыла петыцыю, дзе асуджае незаконнае затрыманне Рамана Пратасевіча.

Вядомы расійскі стрыт-арт мастак Слава ПТРК праводзіць аўкцыён у падтрымку сем’яў беларускіх палітвязняў: ён прадае фота-прынт мурала ў Мінску, на якім у 2016 годзе сімвалічна дамаляваў калючы дрот. 

Еўрапейская пісьменніцкая рада 5 чэрвеня ладзіла анлайнавую літаратурную сустрэчу пад назвай INVASION OF REALITY. Асобная секцыя анлайн-сутрэчы была прысвечана Беларусі, у ёй удзельнічалі паэтка і актывістка Ганна Комар, паэтка і блогерка Марыя Мартысевіч, пісьменнік і перакладчык Дзмітрый Плакс і грамадская дзяячка Алена Макоўская.

“Беларусь вачыма дзяцей” выстава дзіцячага малюнка ў Стакгольме.

“Беларусь вачыма дзяцей”


Як дапамагчы беларускай культурнай супольнасці? ПАДТРЫМАЙЦЕ кампанію “Save Our Songs”.