Пошук

“Мы стаім на плячах героеў…” 33-і выпуск дайджэста пра беларускую культуру падчас грамадска-палітычнага крызісу


Тыдзень прайшоў пад цёмнай хмарай цяжкіх падзеяў. Усё складаней знаходзіць словы, каб гаварыць пра гэта.   

Спампаваць pdf-версію 33-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Юлія Чарняўская

Юлія Чарняўская – навуковец, празаік, драматургіня, кандыдатка культуралогіі, былая прафесарка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, спецыялістка па культурнай антрапалогіі, аўтарка кніг па культуралогіі, а таксама п’ес, раманаў, аповесцей, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра – была затрыманая 18 траўня, падчас атакі на медыя рэсур tut.by і яго каманду, і блізкія не ведалі, дзе яна знаходіцца. 20 траўня, пасля шырокага рэзанансу, з’явілася інфармацыя, што спадарыня Чарняўская знаходзіцца на допыце ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў  Камітэта дзяржкантролю. На дадзены момант яна пад хатнім арыштам.

Ксенія Тырсікава, арт-менеджэрка, была затрыманая нібыта за ўдзел у жаночай акцыі 12-га траўня і асуджаная на 15 сутак адміністратыўнага арышту. 

Ігару Банцару, музыку і грамадскаму актывісту, пакінулі прысуд без зменаў: 1.5 года “хіміі”.  

Ігнату Сідорчыкупаэту, актору і рэжысёру, пакінулі прысуд без зменаў: 3 гады “хіміі”.

Уладзімір Гундар

Уладзіміру Гундару, краязнаўцу і вядомаму актывісту з Баранавічаў, прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (арт. 366 Крымінальнага кодэкса – гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак).  

Мію Міткевіч, культурную менеджэрку, асудзілі на тры гады калоніі за допісы «ВКонтакте» пра міліцыянтаў.

У Анатоля Кудласевіча, пісьменніка і актывіста, супрацоўнікі КДБ 20 траўня правялі ператрус (ён цягнуўся 5 гадзін, канфіскаваны кампутар і іншыя носьбіты інфармацыі) і правялі допыт у якасці сведкі па справе Аўтуховіча. 

Анатоль Кудласевіч

Генеральны Пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што пракуратура шукае адказных за генацыд беларусаў сярод літоўцаў і палякаў і рыхтуе адпаведныя дакументы, якія накіруе ў гэтыя дзяржавы.

Дзяржаўная прапаганда працягвае дыскрэдытаваць незалежную беларускую культуру. У адной з публікацый выказваецца пагроза арганізацыям-заснавальніцам літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсенневай (гэта Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Партнёрамі прэміі выступаюць Фонд культуры і адукацыі Орса-Рамана і Беларускі Харытатыўны Траст), а самі арганізацыі называюцца “фашысцкімі”, таксама прагучалі абразы ў бок сяброўкі журы Ганны Севярынец і самой патронкі прэміі – паэткі Наталлі Арсенневай.  


Сімволіка

Вітольд Ашурак

Працягваецца пераслед і пакаранне за бел-чырвона-белыя колеры і сімволіку.

ГУБАЗіК выступае з ініцыятывай па ўключэнні БЧБ-сцяга ў спіс нацысцкай сімволікі ў як мага больш кароткія тэрміны.

Трагедыя за кратамі

Вітольд Ашурак, палітзняволены, грамадскі актывіст, які шмат рабіў дзеля захавання гістарычнай памяці, 21 траўня памёр у калоніі Шклова, дзе адбываў пакаранне – 5 гадоў зняволення. Афіцыйная прычына – прыпыненне сэрца. Удава Вітольда, аднак, сцвярджае, што раней у яго не было праблем з сэрцам. Родныя не атрымлівалі ад Вітольда лістоў з канца красавіка. Раней у сваіх лістах актывіст распавёў, што зняволеных па палітычных артыкулах у калоніі пазначаюць жоўтымі меткамі. 

Вечарам 22 траўня ў Лідзе (дзе жыў Вітольд) затрымлівалі людзей, якія неслі свечкі да Фарнага касцёла, каб ушанаваць памяць загінулага.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Мастацтва ў падтрымку TUT.BY:

Ві Валюкевіч; Лізавета Ганчарова; Аня Радзько; Вольга Якубоўская 

 

Вядомыя беларускі зняліся для фотапраекта ў нацыянальных строях. 

Вольныя Купалаўцы 23 траўня паказалі легендарны спектакль “Паўлінка” – са шчаслівым канцом. Першы раз спектакль быў пастаўлены тэатрам у акупацыі  23 траўня 1944. Сёння ён ставіцца тэатрам у выгнанні… 

Спектакль “Імжа” паказалі анлайн акторы і акторкі, звольненыя з Новага драматычнага тэатра восенню. 

34mag.net выпусцілі фільм “Мастацтва на маршы”. Гэта аповед пра тое, як беларусы раптам палюбілі сваіх артыстаў, а многія адкрылі артыстаў у сабе.

У падтрымку рэпрэсаваных культурных дзеячоў, беларускі пісьменнік Саша Філіпенка ахвяраваў на дабрачынны аўкцыён тры выданні сваіх раманаў, якія падпіша персанальна для пераможцы аўкцыёну.


Галасы асобаў

Ліля Квацабая

Ліля Квацабая, мастачка:

“Новае пакаленне будзе будаваць Беларусь наноў, такую, у якой хочацца жыць і якой хочацца ганарыцца. Яны ўжо гэта робяць. Яны – гэта дзяўчынка, якая піша на асфальце «Жыве Беларусь». Гэта хлопец, які збіраў подпісы за кандыдата ў прэзідэнты і сядзіць у турме. Гэта мастачка, якая ўдзельнічала ў пратэсце з дзёрзкім крэатыўным плакатам. Гэта ўсе мы”.

 

Вольга Калацкая

Вольга Калацкая, перакладчыца, якой прысудзілі 2 гады “хатняй хіміі: 

“Мне здаецца, нам усім цяпер вельмі важна, замест таго каб заганяць сябе ў нуду, сесці і цвяроза, спакойна прааналізаваць, што мы зрабілі не так. Чаму мы мелі велізарны, фантастычны, каласальны патэнцыял пратэсту ў жніўні, канкрэтна 16-30 жніўня, але дазволілі сабе яго змарнаваць”.

 

Наталля Каляда, courtesy photo

Наталля Каляда, праграмная дырэктарка Creative Politics Hub, арт-дырэктарка Беларускага Свабоднага тэатра: 

“Дэмакратычныя змены, якія павінны былі адбыцца ў жніўні, не адбыліся. І мы падышлі да моманту, калі існуе адзіны варыянт, каб спыніць усе рэпрэсіі ў Беларусі. Гэта палітычная смерць Лукашэнкі ад тысячы маленькіх стратэгічных, палітычных парэзаў”.


Міжнародная салідарнасць

Ва Украіне паставілі забаронены ў Беларусі спектакль паводле рамана Сашы Філіпенкі “Бывший сын”. 

18 траўня адбылася анлайн-гутарка “Стан свабоды творчасці”арганізаваная Асацыяцыяй па пытаннях культурнай палітыкі Германіі. У ёй таксама ўзяла ўдзел беларуская паэтка і перакладчыца Ганна Комар, якая распавяла пра стан свабоды творчасці ў Беларусі ў 2021 годзе.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

У траўні 3 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. Гэта дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч (12 траўня), блогер Павел Спірын(20 траўня), студэнтка і мастачка Кася Будзько (25 траўня).

Адрас для лістоў Расціславу і Касі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Адрас для лістоў Паўлу: ПК №2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1