Пошук

Беларускі ПЭН-цэнтр далучаецца да заявы БАЖ і патрабуе спыніць атаку на TUT.BY і іншыя медыярэсурсы


Патрабуем спыніць ціск на TUT.BY. Заява ГА “БАЖ” Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Раніцай 18 траўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў прыйшоў з ператрусамі ў рэдакцыю, да журналістаў і рэдактараў найбольш папулярнага беларускага інтэрнэт-партала TUT.BY. Амаль адначасова TUT.BY быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі. Ператрусы адбываюцца таксама ў рэдакцыях структурных падраздзяленняў TUT.BY — AV.BY, RABOTA.BY.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” лічыць гэтыя факты працягам наступу на свабоду слова. Спасылкі ўладаў на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў.

Гэта не першыя спробы ціску на найбуйнейшы і папулярны беларускі інфармацыйны партал. У жніўні 2018 года некалькі рэдактараў TUT.BY трапілі пад крымінальны пераслед па так званай “справе БелТА“, на пачатку 2019 года галоўны рэдактар партала Марына Золатава была па гэтай справе асуджаная. Напрыканцы 2020 года партал TUT.BY пазбавілі статусу СМІ, неаднойчы на яго адрас з боку службовых асоб гучалі пагрозы заблакаваць дзейнасць.

Сённяшнія дзеянні ў дачыненні да найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад. На раніцу 18 траўня за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 16 журналістаў і медыяспецыялістаў, 11 з іх — па крымінальных справах.

Тыдзень таму прадстаўнікі медыясектара падпісалі адкрыты супольны зварот “Спыніць паляванне на ведзьмаў!”. Дзеянні супраць TUT.BY, AV.BY і RABOTA.BY паказваюць, што гэты заклік пакуль не пачуты.

Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе ад уладаў неадкладна спыніць атаку на TUT.BY, AV.BY, RABOTA.BY і рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў Беларусі. Беларускі ПЭН-Цэнтр далучаецца да патрабавання.