Пошук

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенага Арцёма Баярскага і спынення ягонага крымінальнага пераследу


Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Як нам стала вядома, 18 красавіка пасля адбыцця 25-ці сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у мірным сходзе супрацоўнікамі МУС быў затрыманы студэнт БДУ Арцём Баярскі. У дачыненні да яго была ўзбуджаная крыміанльная справа і прад’яўленыя абвінавачванні па ч.1 арт. 361-1 КК (стварэнне эсктрымісцкага фармавання). Арцем быў змешчаны пад варту ў СІЗА № 1. 

Нам вядома, што Арцём заявіў свайму адвакату аб тым, што 24 сакавіка ен быў падвергнуты катаванням з боку супрацоўнікаў МУС, якія змушалі яго прызнацца на відэа ў адміністраванні пабліка “Мая краіна Беларусь” . 25 сакавіка гэтае відэа з прызаннямі Арцёма было размешчанае ў тэлегарм-канале вядомага прапагандыста дзяржаўнага ТВ Азаронка.

У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, адзначаем наступнае:

Пераслед Арцема Баярскага адбываецца на фоне масавых поствыбарчых рэпрэсій і глыбокага крызісу з правамі чалавека ў краіне. У апошні час у мэтах барацьбы з іншадумствам і пратэстнай актыўнасцю грамадзян улады ўсё часцей прыбягаюць да прымянення гэтак званага антыэкстрэмісцкага заканадаўства. Беларуская праваабарончая супольнасць і раней звяртала ўвагу на недасканаласць і неадпаведнасць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека існуючага заканадаўства ў галіне барацьбы з эстрэмізмам і яго правапрымяняльнай практыкі. Аднак зараз, пасля таго, як Генеральнай пракуратурай Беларусі былі прадстаўленыя змены ў адпаведны закон, мы з усёй адказнасцю адзначаем, што сапраўднымі мэтамі гэтага закона з’яўляецца змаганне з іншадумствам у краіне ў найгоршых традыцыях часоў СССР.

Прызнанне лакальных сацыяльных чатаў экстрэмісцкімі, а іх стваральнікаў і мадэратараў стваральнікамі эскрэмісцкіх фармаванняў, мэтамі якіх з’яўляецца “арганізацыя і правядзянне несанкцыянаваных сходаў”  уяўяляе скрайне небяспечную тэндэнцыю і грубэйшым чынам пасягае на фундаментальныя, гарантаваныя Канстытуцый краіны і міжнароднымі нормамі права, свабоды – свабоду мірных сходаў, выказвання свайго меркавання і свабоду асацыяцый.

Арцём Баярскі выключна мірным чынам рэалізоўваў  свабоду мірных сходаў і выказвання свайго меркавання. Ягоная грамадская дзейнасць ніякім чынам не ўяляе пагрозу нацыянальнай ці грамадскай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маральнасці насельніцтва, правам і свабодам іншых асобаў. Адпаведна, такога кшталту дзейнасць мае законныя і легітыныя мэты і не можа падлягаць дапушчальным абмежаванням, устаноўленым у арт. 19, 21 і 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Мірныя пратэсты, нязгода і крытыка палітыкі дзейснай улады з’яўляецца неад’емным правам грамадзянаў Беларусі, а пераслед і пазбаўленне волі за гэта з боку дзяржавы з’яўляецца нічым іншым, як парушэннем правоў чалавека. 

Таксама адзначаем, што мера стрымання, абраная органамі следства ў дачыненні да Арцёма, носіць дэманстратыўна жорсткі характар, яна абраная без уліку дадзеных і характэрыстык асобы, выключна з рэпрэсіўнай мэтай.

Кіруючыся п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, адзначаем выключна палітычны характар пераследу Арцёма Баярскага з боку ўладаў і прызнаем яго палітзняволеным.

У сувязі з гэтым мы патрабуем:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты Арцёма Баярскага і спыніць ягоны крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных Беларусі і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
  3. Узбудзіць крымінальную справу і правесці раследванне фактаў катаванняў прадстаўнікамі МУС Арцёма Баярскага і прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман канстанта”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.