Пошук

Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні трох новых палітычных зняволеных


Супольная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Сяргей Скок – асуджаны прысудам суда Круглянскага р-на Магілеўскай вобласці  на тры гады пазбашлення волі  па ч.2 арт. 339 (хуліганства) і  арт. 368 КК (абраза прэзідэнта );
  2. Вольга Клімкова – асуджаны прысудам суда Круглянскага р-на Магілёўскай вобласці  на тры з паловай гады пазбаўлення волі па ч.2 арт. 339 (хуліганства) арт. 368 КК (абраза прэзідэнта);
  3. Максім Сяргеенка – асуджаны прысудам суда Круглянскага р-на Магілёўскай вобласці   на тры з паловай гады пазбаўлення волі  па ч.2 арт. 339 (хуліганства) арт. 368 КК (абраза прэзідэнта);

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Сяргея Скока, Вольгі Клімковай, Максіма Сяргеенкі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Сяргея Скока, Вольгі Клімковай, Максіма Сяргеенкі і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман канстанта”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

“Ініцыятыва FORB”;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;