Пошук

“Каждый ищет своих”… 30-ты выпуск дайджэста пра беларускую культуру падчас грамадска-палітычнага крызісу


Фота: ілюстрацыя Лізаветы Ганчаровай
“З кожным днём у Беларусі павялічваецца колькасць песень “пратэсту” і колькасць палітвязняў, колькасць санкцый і колькасць асуджаных па “змагарскіх” артыкулах, колькасць напісаных вершаў ды пастаўленых спектакляў і колькасць расчараваных у магчымасці зменаў”.

Спампаваць pdf-версію 30-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Максім Шаўлінскі

Максім Шаўлінскі, музыка і актывіст, быў асуджаны 23 красавіка на 2 гады “хіміі” за паклёп на супрацоўніка міліцыі. На перыяд да абскарджвання ён знаходзіцца на волі. Па спасылцы можна паслухаць яго альбом эксперыментальнай электроннай музыкі. 

Аляксей Крукоўскі, музыка і этнограф, затрыманы каля свайго дома ў Мінску 26 красавіка, атрымаў 11 сутак адміністратыўнага арышту. 

Анастасію Вайтовіч і Юрыя Ланкевіча затрымалі 26 красавіка пад касцёлам Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі на плошчы Свабоды ў Мінску і прысудзілі ім па 15 сутак адміністратыўнага арышту за тое, што яны хацелі паставіць пад касцёлам знічы ў памяць ахвяр трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. 

Марыю Амасовіч пакаралі 20 суткамі арышту за тое, што яна пакінула свечку ў памяць Чарнобыльскай трагедыі на ганку царквы ў Віцебску, а яе сяброўка Лізавета Кірыенка атрымала 10 сутак за тое, што стаяла побач. Запаліўшы свечкі, дзяўчаты “выразілі свае погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця”.

Ганна Важнік

На Ганну Важнік, настаўніцу музыкі, распачалі крымінальную справу за жарт у Twitter. Яна змяніла тэкст гімна на больш жартаўлівы, і міліцыя ўспрыняла гэта як здзек з дзяржаўнай сімволікі.

Алеся Пушкіна, мастака, 28 красавіка этапавалі з Гродна ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску. Верагодная прычына пераводу ў тым, што яго справу будуць аб’ядноўваць са справай Саюза палякаў.

Судовы працэс над Паўлам Севярынцам пачнецца 12 траўня ў Магілёўскім абласным судзе. Па той жа справе будуць судзіць актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча, а таксама грамадзкую актывістку Ірыну Шчасную.

Алесь Бяляцкі і яшчэ некалькі праваабаронцаў 3 траўня выкліканыя на допыт у Следчы Камітэт па крымінальнай справе, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Таццяна Брыч

Таццяна Брыч, настаўніца рускай мовы і літаратуры з Белаазёрску, з 27-гадовым стажам, была звольненая праз сваю грамадзянскую пазіцыю. 

У вёсцы Амелянец Брэсцкай вобласці закрываюць беларускамоўную школуу новым навучальным годзе дзяцей перавядуць у іншую – у вёсцы Пагранічная, за 17 кіламетраў ад Амелянца. Павел Кендысь, настаўнік геаграфіі, лічыць адной з прычынаў тое, што школу ў Пагранічным, якую некалькі гадоў таму адбудавалі, трэба даўкамплектаваць, бо дзяцей там не хапае. Старшыня Камянецкага райвыканкама Валянцін Зайчук сцвярджае, што закрыццё школы ніяк не звязана з беларускай мовай навучання, тым не менш, гэта яшчэ адзін сумны прыклад палітыкі, накіраванай не на падтрымку беларускай мовы. 

Ігар Банцэр, фота svaboda.org

Ігара Банцэра, музыку, актывіста, якому 19 сакавіка прысудзілі паўтара года «хіміі» за хуліганства і вызвалілі да разгляду яго апеляцыйнай скаргі, шукае міліцыя. Яны сцвярджаюць, што ён не аплаціў нейкія штрафы, хаця Ігар кажа, што ўсё аплаціў. Пасля пяці месяцаў у СІЗА ў Ігара выявіўся гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам пасля 16-дзённага галадавання.   

У Віцебскай вобласці на аўкцыёнах паскоранымі тэмпамі прадаюцца дзяржаўныя аб’екты адукацыі і культуры. Такая тэндэнцыя тлумачыцца скарачэннем колькасці вучняў і чытачоў у сельскай мясцовасці і ў малых гарадах рэгіёну. 

У маскоўскім «Театр.doc» увечары 1 траўня паліцыя сарвала прэм’еру спектаклю «Суседзі», прысвечанага падзеям жніўня 2020 года ў Беларусі.


Сімволіка

Андрэя Пархоменку 26 красавіка затрымалі дома ў Мінску, прычынай затрымання стала бел-чырвона-белая скрыня ад тэлевізара LG, якую палічылі пікетаваннем.

Дзяніса Музыкіна з Мінска асудзілі на 13 сутак за “пікетаванне налепкамі на акне ў выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў у БЧБ-расфарбоўцы, ручнікамі…”


Жыццё за кратамі

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева

Ігару Ільяшу, мужу Кацярыны Андрэевай (журналісткі, суаўтаркі кнігі “Беларускі Данбас”) удалося атрымаць спатканне з Кацярынай да яе этапавання ў калонію ў Гомелі. Ёй з пачатку красавіка не передаюць газету «Новы час», лісты аддаюць толькі заказныя. У калоніі дзейнічаюць свае правілы па перадачах: не больш за 4 перадачы і 2 бандэролі за год, і толькі ад сваякоў. Не сваякі цяпер могуць дасылаць толькі лісты, паштоўкі і тэлеграмы. 

Кацярына Андрэева была затрыманая 15 лістапада (разам з аператаркай Дар’яй Чульцовай) за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Ім прысудзілі два гады калоніі агульная рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Дар’я і Ігар Лосікі

Дар’і Лосік, жонцы Ігара Лосіка, палітзняволенага блогера і журналіста, які знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года, на вялікі жаль, не дазволілі спатканне з мужам. Лістоў ад яго Дар’я таксама не атрымлівае. Ігар знаходзіцца ў турме №8 г. Жодзіна. Нядаўна ён скончыў азнаёмлівацца з матэр’яламі справы, аднак пакуль невядома, калі яна будзе перададзеная ў суд – іншыя абвінавачаныя пакуль працягваюць вывучэнне матэрыялаў. 

Ад Аляксандра Фядуты на волю прыйшоў першы ліст, ад 26 красавіка. Ён піша:

“Сёння на шпацыры паўгадзіны глядзеў на неба. Сіняе-сіняе і белыя аблокі, прыгожа”. Як вядома ад Марыны, жонкі спадара Фядуты, з боку медыцынскай часткі стаўленне да яго добрае”.

29 красавіка быў месяц як Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі. Belsat апублікаваў яго нататкі з Гродненскай турмы. Ён піша, што атрымлівае лісты і паштоўкі пра мастацтва.

Таццяна, якая адсядзела 30 сутак па палітычным артыкуле, зрабіла замалёўкі і распавяла пра жыццё ў ізалятарах на Акрэсціна і ў Жодзіна.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

26 красавіка – дзень памяці трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёлета, у 35-я ўгодкі трагедыі, рэжым не толькі не падымаў гэтую тэму адкрыта і не асвятляў яе праўдзіва, а спрабаваў прымусіць замаўчаць нават тых, хто хацелі пакінуць знічы пад цэрквамі. Аднак грамадства і мастацтва не маўчаць, і на гэтую тэму многія стварылі творы.

Радыё Свабода падрыхтавала мультымедыйны праект, у якім расказвае храналогію падзей да і пасля катастрофы, пра чатыры злачынствы савецкіх уладаў у першыя тыдні пасля аварыі, пра яе наступствы для Беларусі, а таксама публікуе «чарнобыльскія галасы» (відэа і аўдыё інтэрв’ю з героямі кнігі Алексіевіч), унікальны фотаальбом і спіс мастацкай літаратуры, прысвечанай аварыі.

Гурт J:МОРС прысвяціў Чарнобыльскай катастрофе новую песню – 1986, у якой відавочная сувязь з сённяшняй Беларуссю. 

“Зялёны партал” арганізаваў анлайнавую чытку главаў з кнігі Святланы Алексіевіч “Чаронбыльская малітва”. У чытцы ўзялі ўдзел творчыя людзі, медыйныя персоны, а таксама прадстаўнікі і прадстаўніцы экалагічнага руху ў Беларусі.  

Уладзімір Цэслер, “26.04.1986. Вадзяныя знакі” 

Аляксей Кулінковіч, “26.04.1986”

Жаночая акцыя ў Малінаўцы

 

Жаночая акцыя прайшла ў Мінскім мікрараёне Малінаўка. Гэты раён называюць «чарнобыльскім»: пасля аварыі тут сталі даваць кватэры перасяленцам з пацярпелых абласцей.

29 красавіка ў межах выставы «Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў» адбылася анлайн-дыскусія на тэму: «Мастацтва ў выгнанні: спрыянне зменам скрозь межы», з удзелам Вольгі Шпарагі, Лесі Пчолкі, Аляксея Барысёнка і іншых беларускіх творцаў.

 

Жыхары Сеніцы пад Мінскам падрыхтавалі моцны фотапраект – заклікаюць падтрымліваць палітзняволеных.

 

Артысты Перамогі: анлайнавы канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча 1 траўня ў падтрымку беларускай культурнай супольнасці. 

Беларусы Літвы пры падтрымцы фонда культурнай салідарнасці зладзілі сямейную акцыю, падчас якой дзеткі малявалі велікодныя паштоўкі для палітвязняў Беларусі.


Галасы асобаў

Таццяна Гацура-Яворская, праваабаронца, арганізатарка шматлікіх культурных ініцыятыў, сярод якіх фестывалі дакументальнага кіно, грамадскае аб’яднанне “Звяно” і выставы “Машына дыхае, а я – не”, напісала ў сваім Фэйсбуку:

Таццяна Гацура-Яворская

“Здаецца, што ўжо не засталося прасторы для выказвання пратэсту з тым, што адбываецца, але гэта не так. Так, мітынгі забароненыя, за белыя лісты паперы і налепкі – суткі, за БЧБ штаны – звальненні. Абсурд набірае абароты і прыносіць індывідуальныя пакуты. 

Па-першае, трэба памятаць, што гэта Рэакцыя. Гэта значыць, усё-ткі, нягледзячы на ​​рэпрэсіі, якія адбываюцца, яны адбываюцца таму што людзі супраціўляюцца. Мы робім, таму яны вымушаныя рабіць у адказ. Мы наперадзе, яны за намі. 

Па-другое, мы ведаем што яны могуць рабіць, што ад іх чакаць і ў чымсьці падрыхтавацца, а вось ім значна складаней – мы паўсюль, адкуль з’явіцца чарговы БЧБ сцяжок або нязгодны, незразумела, залезці кожнаму ў галаву немагчыма. Гэта наша перавага”.

Алесь Бяляцкі

Зварот Алеся Бяляцкага, кіраўніка «Вясны», сябры Беларускага ПЭН-цэнтра, з нагоды ўручэння прэміі АБСЕ «Абаронца дэмакратыі» і 25-годдзя праваабарончага цэнтру:

“У Беларусі цяпер адбываецца цывілізацыйная гуманітарная катастрофа. На вачах у дэмакратычнага Захаду планамерна знішчаецца грамадзянская супольнасць. Засталося яшчэ трохі, і Беларусь ператворыцца ў аналаг Паўночнай Карэі ў Еўропе і стане крыніцай пастаяннай нестабільнасці і пагрозы міру ў рэгіёне”.

Лідзія Савік

Лідзія Савік, даследчыца сталінскіх рэпрэсій:

“У мяне такое адчуванне, што мы зноў вярнуліся ў 1937-мы, прычым у больш жорсткім варыянце. Калі нас, даследчыкаў літаратуры, дапусцілі ў архіў КДБ, калі мы пагарталі тыя жудасныя папкі, на якіх было напісана «Совершенно секретно» і «Хранить вечно», то ніяк не маглі даўмецца: як такое ўвогуле магло адбыцца?! На кожным допыце яны задавалі следчым адно пытанне: «За што?» А хіба сёння мы яго не чуем?” 

Алег Трусаў, фота racyja.com

Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ: 

“Калі мы пакінем дзве дзяржаўныя мовы, то за бліжэйшыя 25 год у нас застанецца адна дзяржаўная мова, і, вядома, не беларуская. Калі за гэты час нас не захопіць Расія, то нас чакае лёс нават не Ірландскай рэспублікі, але, бадай, лёс Белфаста (Паўночнай Ірландыі), якая належыць Брытаніі, а мова ірландцаў там у поўным заняпадзе”.

 

Яўгенія Пастэрнак

Яўгенія Пастэрнак, беларуская пісьменніца:

“Гэтыя сцягі [чырвона-зялёныя] вешаюць, выдатна ўсведамляючы, што гэта пакаранне. Калі ты дзяржаўны сцяг вешаеш як пакаранне, ты прызнаешся ў тым, што ніякімі іншымі шляхамі нічога зрабіць не можаш. Гэта абсалютна «акупанцкая» штука: вось вы, партызаны, вось мы вам над вёскай павесім – і вы будзеце пакутаваць, але жыць пад гэтым сцягам. Я смяюся, калі бачу гэтыя сцягі над дамамі, думаю, якія добрыя людзі ў гэтым доме жывуць, ім нават сцяг за гэта паставілі”.


Міжнародная салідарнасць

Прадстаўнікі незалежнай і дзяржаўнай тэатральнай сцэны Беларусі, якія аднолькава пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў, звяртаюцца да замежных культурных арганізацый, прафесійных аб’яднанняў і фондаў з просьбай звярнуць увагу на сітуацыю і дапамагчы даступным спосабам. Гэта магла б быць рэзідэнцыя для актораў, стажыроўка, навучанне, майстар-класы, сумесны пошук бяспечных фарматаў існавання тэатраў ды іншае.

Камісія замежных справаў парламенту Чэхіі зрабіла заяву, у якой засуджае пераслед палякаў у Беларусі і ўзяцце пад варту лідараў Беларускага саюзу палякаў.

У Рызе прайшла выстава арак, адна з іх прысвечаная беларускім жанчынам, якія па начах выходзілі завязваць стужачкі, каб падтрымаць імкненне беларусаў да волі. 

У траўні ва ўкраінскім выдавецтве “Видавництво 21” выйдзе кніга інтэрв’ю ўкраінскай паэткі, перакладчыцы і журналісткі Іі Ківа з беларускімі пісьменнікамі і пісьменніцамі – “Мы прачнемся іншымі: размовы з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі аб мінулым, сучаснасці і будучыні Беларусі”.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

 

У траўні 3 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. Гэта дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч (12 траўня), блогер Павел Спірын (20 траўня), студэнтка і мастачка Кася Будзько (25 траўня).

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2


Як дапамагчы беларускай культурнай супольнасці? ПАДТРЫМАЙЦЕ кампанію “Save Our Songs”.