Пошук

“З адзінак вырастуць мільёны”. 29 выпуск дайджэста пра беларускую культуру падчас грамадска-палітычнага крызісу


Фота: ілюстрацыя да вокладкі Лены Крашэўкі
Ёсць працэсы непадуладныя мастацтву. Яно не можа вызваліць палітвязняў, не можа прымусіць рэжым спыніць гвалт над краінай і правесці сумленныя выбары. Але мастацтва можа не даць людзям прывыкнуць да бязладдзя і несправядлівасці, бо мы не можам дазволіць сабе супакоіцца і змірыцца.

Як дапамагчы беларускай культурнай супольнасці? ПАДТРЫМАЙЦЕ кампанію “Save Our Songs”.


Пераслед, прысуды, культурная палітыка 

Аляксандру Фядуту і траім іншым затрыманым па справе аб падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту прад’яўленае абвінавачванне ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. 

Аляксей Санчук

Працягваецца судовы працэс над Аляксеем Санчукомпачаты 15 красавіка. Яго затрымалі ў лістападзе разам з камандай бубначоў «Патрабуем разысціся» (яны сталі своеасаблівым сімвалам летніх і восеньскіх пратэстаў – гралі дваровыя канцэрты, «задавалі рытм» на нядзельных маршах). Кагосьці з музыкаў тады аштрафавалі, хтосьці адбыў «суткі», а на Санчука, які проста прысутнічаў на рэпетыцыі, завялі крымінальную справу. Аляксей не быў прафесійным музыкам, проста захапляўся музыкай і вучыўся ёй. 

Лэслі Найф

Да Лэслі Найфа (Уладзіслава Наважылава), лідара гурта Gods Tower, 21 красавіка прыйшоў Следчы камітэт. Паводле папярэдняй інфармацыі, яму можа пагражаць крымінальная справа за абразлівы каментар у Facebook. Таксама яго накіравалі на псіхалагічную экспертызу. 

Аўтамабіль, у якім ехалі Ілля Маліноўскі, музыка, і Максім Гарчанок, журналіст, спынілі па дарозе ў Пінск. Праз восем гадзін абодвух мужчын адпусцілі, забраўшы тэхніку і тэлефоны. Ілля распавёў, што падчас затрымання з яго беларускай мовы здзекаваліся, яго абражалі за яе выкарыстанне і патрабавалі размаўляць па-руску. 

Адам Шпакоўскі

Адам Шпакоўскі, 65-гадовы пенсіянер, быў затрыманы ў Мінску 22 красавіка, бо на яго паскардзіліся суседзі за тое, што «ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай».

Зміцер Дашкевіч, літаратар, актывіст, былы палітвязень, разам з некалькімі іншымі актывістамі, быў затрыманы 23 красавіка каля рэстарацыі «Поедем, поедим», дзе ён штопятніцу з 2018 года дзяжурыць у знак пратэсту супраць адкрыцця гастранамічнай установы ля народнага мемарыялу. Змітру прысудзілі 20 сутак адмінстратыўнага арышту 26 красавіка. 

Крама “Адметнасць”

У гродненскую краму «Адметнасць» прыйшоў ліст з Упраўлення гандлю і паслуг мясцовага гарвыканкаму. У ім чыноўнікі просяць даць пісьмовыя тлумачэнні наконт продажу «товаров с незарегистрированной оккупационной бело-красно-белой символикой, в том числе пронацистско-протестных БЧБ-флагов». У адказ на ліст уладальнікі крамы адказалі, што “ў краме ніколі не прадавалася і не будзе прадавацца, якая-небудзь прадукцыя датычная да нацызму, альбо іншых экстрэмісцкіх антычалавечных ідэалогій”.

У студзені 2021 года ў краму прыходзіла міліцыя, было заяўлена, што ў дачыненні да Сяргея Верамеенкі, уладальніка крамы, актывіста, вядзецца адміністратыўны працэс. У сакавіку 2021 у Сяргея адбыўся ператрус. 

Рашэнне аб ліквідацыі Польскай школы было прынята Эканамічным судом горада Брэста 19 красавіка. Гэта абгрунтоўваецца “абаронай дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў”. Тэрмін ліквідацыі – да 19 ліпеня. Рашэнне пакуль што не ўступіла ў законную моц і можа быць абскарджанае. 

Культурна-асветніцкую ўстанову “Цэнтр гарадскога жыцця” ў Гродна хочуць ліквідаваць. Гэтая ўстанова працуе ў Гродне амаль пяць гадоў і за гэты час стала культавым месцам для творчых асоб. Тут адбыліся больш за 250 культурніцкіх і асветніцкіх імпрэз, 35 выстаў, больш за сотню прэзентацый, творчых сустрэч, майстар-класаў, некалькі вялікіх фестываляў – такіх, як кінафэст «Watch Docs» і фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova», навуковыя канферэнцыі, канцэрты, прэзентацыі кніг і сустрэчы з літаратарамі.

19 сакавіка 2021 года ў «Цэнтры гарадскога жыцця» адкрылася выстава мастака Алеся Пушкіна, сярод прац была карціна, якая, па версіі ўладаў, парушае закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

Кацярына Галоўлева

З Кацярынай Галоўлевай, спявачкай, Нацыянальны тэатр оперы і балета не працягнуў кантракт.  Кацярына таксама жонка былога галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ, звольненага з тэатра ў 2019 годзе пры неадназначных абставінах.

Гарадзенку Любоў Сарлай (якую затрымлівалі за БЧБ-нагавіцы) звольнілі з «Белпошты», дзе яна працавала з 2008 года.

Канцэрты гурта J:Mopc у гродненскай вобласці адмененыя. Пра гэта распавёў Уладзімір Пугач. Афіцыйнае тлумачэнне: “Тэхнічныя прычыны” і “каронавірус”. Уладзімір Пугач уваходзіць у асноўны склад Каардынацыйнай Рады. 23 снежня 2020 года яго выклікалі ў Следчы камітэт.  

Адмены канцэртаў могуць быць звязаныя з “чорнымі спісамі” – у іх трапляюць музыкі, якія крытыкавалі ўлады пасля выбараў 2020, і цяпер яны не могуць атрымаць гастрольныя пасведчанні, без якіх у Беларусі не праводзяцца канцэрты. Вось прыкладны спіс артыстаў – некаторыя з іх самі адмовіліся выступаць у Беларусі пры Лукашэнку, але большасць не можа атрымаць гастролькі.  

Намётавы фестываль “Раса” (аналаг амерыканскага фестывалю, які ладзіцца ў пустыні Нявады), які беларусы планавалі правесці на аэрадроме пад Шчучынам з 29 чэрвеня па 4 ліпеня, не адбудзецца, таму што гарадскія ўлады адмовіліся ад ранейшых дамоўленасцяў. Арганізатары шукаюць іншыя лакацыі. 

Паказы спектакля “Белый Кролик Красный Кролик”, якія тэатр HomoCosmos запланаваў на 20-22 красавіка, адмененыя. Спачатку ім адмовіла “ў мэтах бяспекі” пляцоўка “Бетон”, а за некалькі гадзін да запланаванага паказу было ануліравана гастрольнае пасведчанне – “па эпідэміялагічных прычынах”.    

Спектакль па п’есе Сашы Філіпенкі «Былы сын» не дазволілі ў Беларусі, прэм’ера адбудзецца ў Кіеве. Раман быў напісаны на беларускім матэр’яле, а сам Філіпенка неадначасова выказваў крытыку рэжыму Лукашэнкі. 

Сяргею Пятрухіну, блогеру, які знаходзіцца ў турме №4 Магілёва, адміністрацыя калоніі адмаўляецца аддаваць газету “Новы Час”, на падставе таго, што яна “экстрэмісцкая”, хаця рашэння аб прызнання выдання экстрэмісцкім нікім не прымалася. 

Калі цікавыя і вартыя пляцоўкі не зачыняюць па адкрыта палітычных матывах, яны вымушаныя зачыняцца, напрыклад, праз павышэнне арэнднай платы, як гэта адбылося з прыватным “Цікавым музеем” у Гродна. Музей і так не быў прыбытковым, нават у найлепшыя часы ён выходзіў максімум на самаакупальнасць, але праз павышэнне арэнды ў шэсць разоў і іншыя выдаткі, якія яго ўладальнік Алег Ёрш лічыць неапраўдана завышанымі, увогуле мусіў зачыніцца. Гэта страта для горада.


Сімволіка

У Гродна паверх будынка тралейбуснага ўпраўлення павесілі вялізныя палосы тканіны чырвонага і зялёнага колераў, не зважаючы на тое, што яны закрываюць вокны будынка.

Валер Юдзін

Валер Юдзін, фатограф-фрылансер, затрыманы ў Гродне. Хутчэй за ўсё, прычынай стаў БЧБ-сцяжок у яго машыне. 23 красавіка яго адпусцілі з ІЧУ, суд прызначаны на 28 красавіка.

Адміністратыўныя арышты за сімволіку сталі амаль нашай паўсядзённасцю, і гэтыя выпадкі настолькі абсурдныя, што не хочацца верыць, што гэта насамрэч адбываецца, таму мы не будзем іх пералічваць, але адзначым – сітуацыя не паляпшаецца. 

Кампанію з 20 асобаў затрымалі 24 красавіка ў Жодзіна на прыватнай сустрэчы, на іх склалі пратаколы за “пікетаванне”. Многія з іх раней прайшлі праз затрыманні. Вядома, што яны не мелі з сабой сімволікі, але на фотаздымках УУС на падлозе раскладзены вялікі бел-чырвона-белы сцяг. 


Жыццё за кратамі

Эдуард і Віктар Бабарыкі

Эдуард Бабарыка, мэнэджар культуры, сын Віктара Бабарыкі, з 18 чэрвеня ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, ён абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» Крымінальнага кодэксу. Па словах яго дзяўчыны Аляксандры, Эдуард знаходзіцца ў добрым настроі і максімальна плённа выкарыстоўвае час: медытуе, займаецца ёгай, шмат чытае, вучыцца маляваць па кнігах – за 10 месяцаў навучыўся маляваць чалавека. Умовы ў СІЗА такія:

«Зняволеных не выводзяць на прагулкі, ім не перадаюць лістоў, за рэдкім выключэннем: у адвольны „спіс дазволеных“ уключаюць пераважна знаёмых і сяброў, і туды рэдка трапляе хтосьці „старонні“. Памыцца вязні могуць раз на тыдзень. У прыбіральню выводзяць два разы на дзень. У камеры 4 чалавекі. Некаторыя з іх кураць. Вентыляцыя практычна адсутнічае. Святла не відаць у прамым сэнсе».

Анастасія Перавошчыкава

Анастасія Перавошчыкава, жыхарка Гомеля, якая распрацавала сцяг Навабеліцкага раёна г. Гомеля, знаходзіцца ў зняволенні з канца студзеня 2021 і прызнаная палітзняволенай.  Яе судзілі 7 разоў запар, кожны раз на 15 сутак, нібыта за ўдзел у партызанскіх акцыях, – разам гэта 105 сутак, яна мусіць выйсці 9 траўня. Маці Анастасіі расказала, што дачку перавялі з Гомеля ў Буда-Кашалёў і зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання. Пісьмовыя прылады выдаюць на абмежаваны час, яна не можа чытаць і маляваць, як раней. 

Павел Севярынец знаходзіцца за кратамі больш за 10 месяцаў, за гэты час яго маці Таццяна атрымала 75 лістоў, з якіх бачна, што Павел не падае духам: піша кнігу, трымае пост і прапаведуе ў камеры. 26 красавіка стала вядома, што Паўла перавялі ў Магілёў. 

Наталля Хершэ

Наталля Хершэ – грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання, яна прыляцела ў Беларусь увосень 2020 года, каб на ўласныя вочы ўбачыць, што адбываецца, была затрыманая на жаночым маршы ў Мінску 19 верасня. За тое, што Наталля сарвала балаклаву з амапаўца, яе асудзілі на 2,5 гады зняволення. Наталля – таксама мастачка. Цяпер яна адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі, дзе шые вопратку. Пакуль цэх, дзе яна працуе, адшывае грамадзянскую вопратку, але хутка замова будзе выкананая, а іншых замоваў пакуль няма. Калі яны не з’явяцца, работнікаў цэха абавяжуць шыць форму для сілавых ведамстваў. Наталля праз брата звярнулася да прадпрыемстваў і кампаній, якія маюць патрэбу ў спецвопратцы для работнікаў. Яна просіць іх замовіць пашыў у папраўчай калоніі Гомеля, інакш ёй давядзецца адмовіцца ад працы, і тады яе могуць пазбавіць карэспандэнцыі, пасылак або сустрэч з роднымі.

Аляксандр Фядута знаходзіцца за кратамі з 12 красавіка. Яго адвакатка – пад падпіскай аб неразгалошванні. Што вядома на сёння: у Аляксандра скача ціск, лісты яму не перадаюць, а ён папрасіў перадаць больш паперы – для лістоў і працы. 

Алесь Пушкін

Алесю Пушкіну, мастаку, пагражае да 12 гадоў зняволення за карціну. Ён знаходзіцца ў Гродненскім СІЗА. Спатканне з ім блізкім не дазваляюць, лісты, якія яму дасылаюць людзі, вяртаюцца назад з пазнакай, што адрасат там не ўтрымліваецца. Вось што кажа жонка Алеся, Яніна:

«Яны хочуць зрабіць паказальны суд, усіх напужаць. Яны думаюць над Пушкіным зрабіць паказальны суд, а насамрэч Пушкін зробіць паказальны на ўвесь свет працэс над мастаком, – кажа Яніна. – І зганьбіць іх на ўвесь свет. Таму невядома, хто каго пужае. Гэта не ўлада будзе тварыць над мастаком, а мастак над імі. Уласна, тут і так усё зразумела, хто тут фашыст».

Беларускі фонд культурнай салідарнасці пачаў збор сродкаў у падтрымку мастака.

Сваякі людзей, якія адбываюць адміністратыўны арышт, паведамляюць пра тое, што калі прымаюць кнігі для зняволеных – што ўжо само па сабе цуд – абмяжоўваецца іх час на чытанне, напрыклад, 30 хвілін у суткі.


Творчы супраціў і культурны актывізм  

У шматлікіх гарадах і мястэчках Беларусі вуліцы маюць назвы, звязаныя з савецкім часам, прычым часта гэтыя назвы не маюць ніякага дачынення да Беларусі. 

Максім Жукаў, віцяблянін, прапанаваў – у рамках абмеркавання назваў трох новых вуліц у раёне Чаромушкі – назваць іх у памяць пра выбітных мастакоў Эль Лісіцкага, Казіміра Малевіча, Іегуды Пэна або ў памяць пра пісьменнікаў Васіля Быкава, Міхася Лынькова, Лазара Лагіна ці ўшанаваць у назвах вуліц навукоўцаў Жарэса Алфёрава, Аляксея Сапунова, Івана Салярцінскага, бо лёсы гэтых людзей былі звязаныя з Віцебшчынай, а іх дзейнасць праславіла гэтую зямлю. 

«Вольны хор» сумесна з Лявонам Вольскім і «Вольным аркестрам» прэзентавалі кліп на песню «Зямля».  Гэта першая праца з серыі сумесных відэапрац грамадскай кампаніі «Годна» і «Вольнага хору», у якіх культавыя песні легендарных беларускіх музыкаў і сучасных папулярных гуртоў загучаць у выкананні хору з аркестрам. 

Працягваюцца анлайнавыя канцэрты з серыі “Артысты Перамогі” ў падтрымку беларускіх музыкаў. 24 красавіка выступіў гурт Tochka K. 

Ганна Мурайда, “Хлусня страшнейшая за радыяцыю. 35-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС”;

Вольга Якубоўская, “Сям’я пад белымі крыламі”;

Уладзімір Цэслер, “Дзень нараджэння Марыі Калеснікавай”;

 

Фотапраект «Скрадзеныя людзі»: як жывуць сем’і палітвязняў. Аўтарка праекта –  Шура Піліповіч-Сушчыц. 

У берасцейскім лёгкаатлетычным манежы дэманструецца выстава твораў мастака Сяргея Казака. Сярод розных тэмаў можна пабачыць серыю, прысвечанную беларускім спартоўцам, на адной з карцін можна пазнаць Аляксандру Герасіменю –  яна ўзначальвае Фонд салідарнасці спартоўцаў. 

Таварыства беларускай мовы ў Гродна выступіла ў абарону Цэнтра гарадскога жыцця. 

У падтрымку рэпрэсаваных дзеячаў культуры і сям’і палітзняволенага 18-гадовага Ціхана Клюкача Беларускі фонд культурнай салідарнасці запусціў дабрачынны аўкцыён.


Галасы асобаў

Ксенія Луцкіна

Ксенія Луцкіна, былая журналістка БТ, якая звольнілася адтуль пасля выбараў і збіралася стварыць свой альтэрнатыўны канал, але 22 снежня была затрыманая па абвінавачванні ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры. На БТ яна зрабіла шмат гістарычных перадачаў, а цяпер піша ў лістах тату:

“Мы аб’ехалі ўсю Беларусь, жадаючы паказаць беларусам, якая ў нас цудоўная краіна, якая прырода і гісторыя багатая! Я заўсёды была ўпэўненая ў тым, што каб палюбіць сваю краіну па-сапраўднаму, яе трэба зведаць. Дзеля гэтага і працавала 15 год”. 

Раман Абрамчук

Раман Абрамчук, аўтар песень, публіцыст і экскурсавод, які ў кастрычніку адбыў 10 сутак адміністратыўнага арышту, некаторы час таму адчуў асабістую небяспеку і прыняў рашэнне з’ехаць за мяжу. Ён распавядае, ці спакайней і вальней там, дзе ён цяпер знаходзіцца. 

“Застаюся ў іх [беларускіх падзеях] галавой і сэрцам. Кожны дзень сачу за падзеямі і перажываю вельмі моцна. І разам з тым, так, нейкі стрэс зняўся. Вось гэты страх, што прыйдуць па цябе, ён сышоў. Але  з’явіліся многія іншыя клопаты. Таму сказаць, што памяняў штосьці дрэннае на штосьці добрае, не магу. Скажам, штосьці дрэннае на штосьці менш дрэннае”.

Уладзімір Пугач, фота: Максім Маліноўскі

Уладзімір Пугач каментуе адмену канцэртаў “J:Морс”:

“Будзем спрабаваць і далей пры першай жа магчымасці граць для вас. Важна верыць, што гэта наша з вамі краіна ўжо цяпер, сёння. Мы ў ёй жылі, жывем і будзем жыць. Калі мы самі ў гэта не будзем верыць, то нікога не зможам пераканаць. Рана ці позна ў нас атрымаецца”.

 

Павел Аракелян

Павел Аракелян, музыка, які ў лістападзе 2020 года быў затрыманы і адбыў 15-суткавы адміністратыўны арышт за канцэрт:  

«Я не дакранаўся да інструмента з таго часу, як запісаў песню «Заўтра». А саксафон я не браў у рукі амаль са жніўня мінулага года. Такі поўны штыль. На бягучы момант я сказаў усё, што мог. У краіне цяпер такая сітуацыя, што аб якой-кольвечы творчасці я пакуль не магу думаць».

Андрэй Хадановіч, фота: tut.by

Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, другі намеснік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра. 

“Найлепей пачуваюцца паэты, я думаю, людзі, якія і раней маглі пісаць у стол, а сёння могуць пісаць у блогі. Паэты, публіцысты, калумністы, фрылансеры самага рознага кшталту, індывідуальныя вольныя стралкі. Нашмат цяжэй пачуваюцца рэжысёры тэатраў ці дырыжоры сімфанічных аркестраў, альбо скульптары-манументалісты. Я думаю, што росквіт іх творчасці непасрэдна звязаны з агульнай сітуацыяй свабоды і адсутнасці кантролю, адсутнасці цэнзуры ў дзяржаве”.


Міжнародная салідарнасць

Заява Міжнароднай асацыяцыі гуманітарыяў у сувязі з затрыманнем члена МАГ Аляксандра Фядуты. 

ПЭН Амерыка выступіў супраць затрымання Аляксандра Фядуты і прызваў да яго неадкладнага вызвалення. 

Медаварня Groennfell Meadery з амерыканскага штата Вермонт выпусціла медавуху Stary Olsa, прысвечаную беларускаму фольк-гурту.

Фільм Андрэя Куцілы “Муры”, які здымаўся ля выхаду з ізалятара на Акрэсціна, дзе ў ноч з 13 на 14 жніўня пачалі масава вызваляць пратэстоўцаў, затрыманых пасля выбараў, трапіў у нацыянальны конкурс Кракаўскага кінафестывалю-2021, які пройдзе з 30 траўня па 6 чэрвеня. 

Анлайнавы канцэрт класічнай музыкі на дзень народзінаў Марыі Калеснікавай адбыўся 24 красавіка. На ім выступілі – каб павіншаваць Марыю – музыкі з Германіі, Расіі, Беларусі, Бразіліі, Гішпаніі. 

У мінулым годзе ПЭН Амерыкі пачаў рыхтаваць штогадовы Freedom to Write Index. Гэта справаздача, якая мае на мэце інфармаванне грамадства пра пагрозы і рызыкі, з якімі сёння сутыкаюцца пісьменнікі і пісьменніцы па ўсім свеце. Гэты дакумент паказвае, якія краіны найбольш небяспечныя для пісьменнікаў і пісьменніц, грамадскіх дзеячаў і дзяячак.

Беларусь, якая нават не ўзгадвалася ў Індэксе 2019 года, цяпер займае пятае месца сярод краінаў з самай вялікай колькасцю зняволеных  пісьменнікаў і пісьменніц, дзяячаў і дзяячак культуры і грамадскіх актывістаў ды актывістак. 

Выстава “Беларусь: Марш Свабоды” адкрылася на сайце віртуальнай галереі Virturama. 

Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння 

У красавіку чатыры чалавекі, якія дбаюць пра культурнае развіццё нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. Гэта гарадзенскі журналіст і сябра “Саюзу палякаў” у Беларусі Андрэй Пачобут (16 красавіка), менеджарка культуры і музыка Марыя Калеснікава (24 красавіка), відэаблогер Дзмітрый Казлоў (Шэры Кот) (26 красавіка) і менеджар культуры Іван Канявега (29 красавіка).

Адрас для лістоў Андрэю Пачобуту, Марыі Калеснікавай: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Адрас для лістоў Дзмітрыю Казлову і Івану Канявегу: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А


Спампаваць pdf-версію 29-га выпуску маніторынга культурнага супраціву