Пошук

Польскі ПЭН-клуб патрабуе неадкладнага вызвалення Аляксандра Фядуты


Заява Польскага ПЭН-клубу, 16 красавіка 2021.

11 красавіка ў Маскве быў выкрадзены Аляксандр Фядута, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, вядомы публіцыст і гісторык літаратуры і культуры (доктар філалагічных навук, што абараніў дысертацыю ў Ягелонскім універсітэце ў 2017 годзе). У выкраданні афіцыйна прызнаўся беларускі КДБ, сцвярджаючы, што на тэрыторыі іншай дзяржавы дзейнічаў на падставе артыкула 108 КПК Рэспублікі Беларусь, дзе гаворыцца пра “затрыманне ў сувязі з непасрэдным падазрэннем у здзяйсненні злачынства”. Відавочна, што любыя дзеянні беларускіх спецслужбаў у сталіцы Расіі не былі б магчымыя без ведама, згоды і ўдзелу праваахоўных органаў Расійскай Федэрацыі. Гэта надае справе міжнародны характар.

Аляксандр Фядута як гісторык культуры займаецца ўзаемаадносінамі Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі. Акрамя такіх кніг, як “Чытач у творчай свядомасці А.С.Пушкіна”, “Праблема чытача ў літаратуры пушкінскай эпохі” альбо манаграфіі “Філамат у імперыі”, прысвечанай Францішку Малеўскаму, сябру Міцкевіча, ён мае на сваім рахунку даследаванні пра польскіх ссыльных на Урале, пра польскіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Расійскай Імперыі, а таксама падрыхтаваў зборнік успамінаў палякаў, што жылі і працавалі ў ХІХ ст. у Пецярбургу. Яго выдавецтва “Лімарыус” – адно з нешматлікіх і самых заслужаных у сучаснай беларускай культуры, якой Аляксандр Фядута служыць таксама як крытык паэзіі і тэатру. За крытыку рэжыму Лукашэнкі і апазіцыйную дзейнасць падчас прэзідэнціх выбараў ён заплаціў зняволеннем у адзіночнай камеры ў 2010 годзе, прызнаны тады Amnesty International вязнем сумлення. Публічную крытыку непрызнанага светам прэзідэнта працягвае і цяпер, падтрымліваючы сваім пяром шырокі пратэставы рух. У вачах улады Фядута вінаваты ў тым, што абараняе дэмакратыю.

Польскі ПЭН-клуб далучае свой голас да пісьменнікаў, што прадстаўляюць ПЭН-клубы іншых краін, да голасу сусветнай публічнай думкі. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Аляксандра Фядуты, а таксама ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Мы рашуча асуджаем міжнародныя правакацыі, што спрабуюць абгрунтаваць беззаконнасць у блізкай нам краіне.

Арыгінал заявы па спасылцы.