Пошук

Абвешчаны доўгі спіс прэміі Арсенневай


Журы прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з доўгім спісам прэтэндэнтаў на ўзнагароду. У яго ўвайшлі:

  1. Міхал Бараноўскі “Volumen.2”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
  2. Алеся Башарымава “Расамаха”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
  3. Вольга Гапеева “Словы, якія са мной адбыліся”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
  4. Артур Камароўскі “Вада пачынае жыць”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
  5. Марыя Мартысевіч “Як пазбыцца Маматута”. Выдавецтва “Koska”, Мінск.
  6. Ванда Марцінш Душ Рэйш “Мора мары”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.
  7. Юля Цімафеева “ROT”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск; выдавецтва “Вясна”, Прага.

Па статуце прэміі ў доўгі спіс можа ўвайсці ад 6 да 10 кніг, сябры журы вылучылі 7 кніг.

“Найперш хацелася б падзякаваць паэтам за працу, за пошук, за шчырасць, за тое, што беларуская паэзія застаецца надзвычай багатым і пярэстым феноменам. Чытаючы кнігі сёлетніх намінантаў, я не магла не заўважыць гэтых пошукаў, не сфармуляваць для сябе важных назіранняў, гэта надзвычай урадлівая глеба. Парадавала таксама, што ўжо на этапе лонг-ліста ў журы ўзніклі спрэчкі, якія патрабавалі прафесійнай дыскусіі: заўсёды добра, калі ёсць аб чым спрачацца”,

— дзеліцца сваімі ўражаннямі сябра журы, пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі: паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль, паэт і перакладчык Сяргей Прылуцкі, пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец, паэтка, бард, выкладчыца Лера Сом, паэт, перакладчык і лаўрэат прэміі Наталлі Арсенневай 2020 Андрэй Хадановіч.


Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”.

У  2020 годзе прэмію атрымаў Андрэй Хадановіч за кнігу “Школа травы”, у 2019 – Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў і яго кніга “Перавыбранае”. Першым лаўрэтам прэміі быў Уладзімір Някляеў, які ў 2017 годзе атрымаў ўзнагароду за кнігу “Толькі вершы”.


Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”.  Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Беларускага Харытатыўнага Траста.


Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас [email protected].