Пошук

«Словы мацней»: мастачка Наталля Жукава чытае верш Уладзіслава Галубка


У новым выпуску відэапраекта «Словы мацней» мастачка Наталля Жукава чытае верш «Сярмяжнік» беларускага драматурга Уладзіслава Галубка.

23 лістапада 2020 года ў Мінску праходзіў «Марш мудрасці». Вельмі часта ў пратэсную восень у панядзелак на раніцу, назаўтра пасля нядзельных маніфестацый і брутальных затрыманняў, у цэнтр горада выходзілі пенсіянеры, якіх да пары да часу ніхто не чапаў з увагі на іх пашанотны ўзрост (вельмі скора і гэтыя маральныя бар’еры сілавікі адкінулі ад сябе). Затое людзей, якія ішлі побач з пенсіянерамі, кропкава адсочвалі і неўзабаве затрымлівалі. Так, да адной з пенсіянерак падышла дзяўчына і падарыла букет кветак, а неўзабаве пасля гэтага была затрыманая. Гэта была мастачка Наталля Жукава. За такі звычайны кранальны жэст яе асудзілі на 12 сутак адміністратыўнага арышту па 23.34, якія Наталля адбывала ў Баранавіцкім ізалятары. Там да Наталлі прыйшла ідэя серыі плакатаў, дзе вельмі сцісла паказвалася, за што судзілі беларусаў, імправізаваныя выставы з імі можна было пабачыць шмат дзе ў Мінску.

Уладзіслаў Галубок (1882-1937) нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка на Берасцейшчыне. Унук паўстанца 1863 года. Праз розныя нястачы змяніў шмат прафесій, працаваў на чыгунцы і ў крамах, займаўся мастацтвам і рабіў копіі карцін на продаж, добра ведаў Менск і ваколіцы, людзей розных спецыяльнасцей, што потым прыдалося ў літаратурнай працы. У Менску ім былі напісаныя першыя апавяданні (выдадзеныя ў Пецярбурзе), тут жа нямала працаваў ён, ствараючы беларускамоўнае асяроддзе, у тым ліку бываў у Таварыстве помачы ахвярам вайны, клубе «Беларуская хатка».

Апошняе падарожжа Максіма Багдановіча ў Ялту ў самы неспрыяльны і халодны час было сагрэта добрым кажухом, які падараваў Уладзіслаў Галубок. З 1917 года і да самай смерці праца яго найбольш была звязаная з тэатрам: напісаннем п’ес, акцёрскай, рэжысёрскай, дэкаратарскай дзейнасцю. Ён разам з усёй сям’ёй працаваў ў Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі. У 1920-я Галубок цалкам паглынуты стварэннем і працай у вандроўным тэатры, з якім ён найчасцей і атаясамліваецца. Фактычна ўсе раёны і сельсаветы, мястэчкі і вёскі Беларусі пабачылі беларускія спектаклі дзякуючы Уладзіславу Галубку. Гэта адзіны ў гісторыі беларускага тэатру падобны выпадак. У 1928 годзе Галубок атрымлівае званне першага народнага артыста Беларусі.

Як і шмат хто, у 1930-я драматург і тэатральны дзеяч пад ціскам рэпрэсій пераходзіць на прасавецкія пазіцыі. Яго пераводзяць у Гомель, дзе трупа вандроўнага тэатра ператвараецца ў БДТ-3. Аднак і тут ціск працягваецца. У 1937-м — арышт, канфіскацыя архіву, катаванні і смерць у засценках НКУС.

Усе мінулыя выпускі па тэгу #словы мацней.