Пошук

“Я жыў, смяяўся і спяваў так многа, хоць часта збіты, чорны, без надзей”. Дайджэст культурнага супраціву, выпуск 25


Фота: «Дзень Волi», ілюстрацыя Вольгі Якубоўскай
У сваім апошнім слове Вольга Калацкая прачытала верш з перакладзенай ёю кнігі – і гэтым усё сказана.  “Бязмоўныя бястварыя бязвінныя ахвяры мы бяспраўныя”  

Як дапамагчы беларускай культурнай супольнасці? ПАДТРЫМАЙЦЕ кампанію “Save Our Songs”.


Затрыманні, прысуды, пераслед

22 сакавіка ў Ваўкавыску на курсах “Мова Нановазатрымалі ўсіх удзельнікаў, каля 30 чалавек. Паступова ўсіх адпусцілі, пасля таго як яны падпісалі дакумент пра тое, што ім вядома аб адміністратыўнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. 

Анжаліка Борыс

Анжаліку Борыс, старшыню Саюза палякаў, затрымалі ў Гродне 23 сакавіка. Нагодай для затрымання стала адміністрацыйная справа за правядзенне неафіцыйнага свята “Казюкі”. Ёй прысудзілі 15 сутак адміністратыўнага арышту.  Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненні да яе і іншых асобаў паводле ч. 3 арт. 130 КК «Наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб». Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення.

Марына Міхеева

 

У межах гэтай справы ператрусы прайшлі ў польскай школе імя караля Стэфана Баторыя (Гродна), а таксама ў Анджэя Пачобутажурналіста і сябра Рады незалежнага Саюза палякаў, Сяргея і Вольгі Верамеенкаў, уладальнікаў крамы “Адметнасць”. 

У хаце мастачкі Марыны Міхеевай, дзе яна жыве з мужам Мікалаем, 24 сакавіка адбыўся ператрус, пасля чаго іх абодвух адвезлі ў Калінкавіцкі РАУС.

Ягора Тубелевіча, беларускамоўнага блогера, 24 сакавіка затрымалі: у кватэры прайшоў агляд, пасля Ягора забралі.

Сяргей Лаўрушчык

Сяргей Лаўрушчык, жыхар Навагрудка, быў затрыманы 23 сакавіка ў сябе дома. Міліцыя прыйшла да яго з мэтай прафілактыкі, як і да іншых актывістаў (тых, каго затрымлівалі за ўдзел у пратэстах), але знайшла зброю, якая захоўвалася ў сямейным музеі, што і паслужыла нагодай для затрымання.

Дзмітрыю Кубараву, дызайнеру, палітзняволенаму, 24 сакавіка прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 

Юрый Данскоў, музыка гурта Shaman Jungle, актывіст “Сход-Беларусь”, затрыманы дома 25 сакавіка.

Іна Дабратвор

Іна Дабратвор, маці пяцярых дзяцей, 25 сакавіка была аштрафаваная на 200 базавых велічыняў (5800 рублёў) за вывешаныя на акне партрэты Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі ды герб “Пагоня”. 

Вользе Калацкай, перакладчыцы, прысудзілі два гады “хатняй хіміі” за поўху журналісту дзяржаўнага тэлебачання Рыгору Азаронку. У сваім апошнім слове на судзе Вольга прачытала верш Маргарэт Этвуд. 

Сярод больш як 200 затрыманняў 25 сакавіка, звязаных з Днём волі, ёсць і творчыя людзі.

Сяргей Белаокі

Сяргей Белавокі, мастак (затрымалі на прыпынку каля Цырка ў Мінску, асуджаны на 30 сутак адміністратыўнага арышту), Дзяніс Аргер, фатограф і дызайнер (15 сутак), Максім Свістуноў, мастак (12 сутак), Дар’я Іксанава, студэнтка мастацкага каледжа (15 сутак), Ларыса Бялькоўская, дызайнерка (адпусцілі), Улляна Ляскевіч, удзельніца самадзейнага тэатра “Турандот” (затрыманая ў Гродна).

Дзмітрый Строцаў, паэт, выдавец, грамадскі актывіст, 26 сакавіка быў выкліканы ў Савецкі РАУС, каб даць сведчанні аб тым, хто кідаў кактэйлі Молатава на тэрыторыю ўчастка ў кастрычніку 2020 года. Ён перанёс візіт на панядзелак. 

 

На кіраўніка гарадзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку і мастака Алеся Пушкіна завялі крымінальную справу. Прычына – дэманстрацыя ў Цэнтры партрэта ўдзельніка антыбальшавіцкага пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара. Генпракуратура лічыць, што гэта «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму».
→ 26 сакавіка Павел Мажэйка затрыманы.

Яўген Цярэнцьеў

→ У Ірыны Новік, журналісткі Hrodna.life, якая праходзіць сведкай па справе, прайшоў ператрус.
→ 27 сакавіка ў Алеся Пушкіна адбыўся начны ператрус, у выніку якога забралі тэлефоны і тэхніку ўсіх чальцоў сям’і, у тым ліку няпоўнагадовых сына і дачкі. У майстэрні панішчылі карціны, пабілі шкло.
→ 29 сакавіка Паўла Мажэйку вызвалілі пад падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы.

Затрыманыя 27 сакавіка падчас спробы мірнага марша ў Мінску Яўген Цярэнцьеў, музыка гурта Teleport, Настасся Пятрова, артыстка аркестра Опернага тэатра (15 сутак).

У Навагрудку 27 сакавіка затрымалі 10 чалавек, якія прыйшлі на экскурсію ў краязнаўчы музей.


Ціск, звальненні, забароны

Суд прызнаў кнігу «Белорусский Донбас» – журналісцкае расследаванне пра ўдзел беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны, ролю беларусаў у ім і ўплыў канфлікту на Беларусь, ролю спецслужбаў і самога Аляксандра Лукашэнкі – экстрэмісцкай. Адна з аўтараў кнігі, журналістка Кацярына Андрэева, цяпер за кратамі.


Сімволіка

Цімур Буйко

 

Арыштоўваюць не толькі за сцягі і кветкі, а таксама за гірлянды, налепкі, значкі, шапку, шкарпэткі, шыльду з нумарам дома і назвай вуліцы – усё гэта расцэньваецца як пікет.

Цімура Буйко, паэта, супрацоўніка Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук, 26 сакавіка пакаралі 15 суткамі адміністратыўнага арышту за “пікет шляхам размяшчэння на заплечніку значка з «Пагоняй» і надпісам «Жыве Беларусь»”.


Творчы супраціў

Віталь Алексяёнак, дырыжор аркестра Мюнхенскага ўніверсітэта, выпусціў кнігу “Белыя дні Мінска” ў нямецкім выдавецтве S. Fischer. Кніга праз сапраўдныя гісторыі апавядае пра падзеі 2020 года, якія змянілі Беларусь, беларусаў і многіх людзей па-за яе межамі.

«Словы мацней»: спявачка Валерыя Суравіцкая (LEAR) чытае верш Валерыя Маракова «Дзяўчыне». Музыка Дзяніс Шматко, які быў затрыманы падчас маніфестацый пасля выбараў і асуджаны на суткі, чытае ўрывак са знакамітага верша «Пасеклі Край наш» расстралянага ў 1937 паэта Алеся Дудара.

Фатографка Volya для праекта Meduza зрабіла серыю фота жанчын, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, каб паказаць, як колеры і адзенне гэтых колераў сталі палітычным выказваннем. 

Тут можна знайсці песні, прысвечаныя Дню волі.

Новае натхняльнае відэа ад праекта Freedom Belarus – пра беларускіх жанчын і пераемнасць. 

Артысты Перамогі: Naviband, VAL і Маргарыта Ляўчук, анлайн-канцэрт 26 сакавіка, прысвечаны Дню волі. 

Да Дня тэатра 27 сакавіка Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» паказала прэм’еру – трылогію “Страх”, створаную па п’есе Бертольда Брэхта «Страх і галеча Трэцяга рэйха». 


Галасы асобаў

Вольга Калацкая

Вольга Калацкая:

“Магчыма, гэта будзе трохі пафасна гучаць, і чалавек, які не быў там, не зможа да канца зразумець, што я ўкладаю ў гэту фразу. Але я адчула, што тваю свабоду ніхто ніколі не можа адняць. Няважна, ёсць краты ці няма іх. У мяне даўно адным з улюбёных выслоўеў было «свабода — гэта катэгорыя ўнутраная»”.

 

 

Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў, журналіст, выкладчык, філосаф:

“Уся культурная палітыка дзяржавы апошнія дваццаць з нечым гадоў займалася выхаваннем узорных калгаснікаў, у выніку чаго ў нас сфармаваўся правінцыйны, агрэсіўны, несамакрытычны тып культуры, культура залежнасці і падпарадкавання, сляпога выканання загаду, бязлітаснасці да іншай асобы, татальнага адмаўлення грамадзянскіх правоў”.

 

Святлана Алексіевіч звярнулася да беларусаў з нагоды Дня волі:

Святлана Алексіевіч

 

“Гэты дзень быў асаблівым для Беларусі заўсёды, але ў гэтым годзе большасць беларусаў як ніколі чакалі 25 сакавіка. Даўно мы не былі настолькі адзіныя ў сваіх жаданнях. Яшчэ ніколі нам не былі так блізкія гісторыі кожнага палітвязня – цяпер іх 299. Наша мара – свабода. Каб дамагчыся свабоды, кожны з нас павінен яе выбраць”.

 

Віктар Манаеў

Віктар Манаеў, які 40 год адслужыў у Купалаўскім, распавёў, чаму не змог застацца ў тэатры:

“Тэатр — гэта заўсёды калектыўная творчасць. Тэатр для мяне — гэта не толькі сцены, гэта мой рэжысёр, гэта калегі, якіх ты любіш і шануеш. Вось і адказ аб прычынах сыходу для мяне”.

 


Міжнародная салідарнасць

Беларускі ПЭН-цэнтр, Платформа грамадзянскай салідарнасці (CSP), Міжнароднае партнёрства за правы чалавека (IPHR) і Truth Hounds падрыхтавалі сумесную справаздачу, якая дае ацэнку парушэнням правоў чалавека супраць дзеячаў культуры, актывістаў і мастакоў беларускімі ўладамі ў адказ на пратэсты пасля выбараў у Беларусі.

Выстава беларускіх мастакоў «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў» адкрылася ў Кіеве 25 сакавіка.

«Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў», фота svaboda.org

Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) адхіліў Белтэлерадыёкампанію ад удзелу ў Еўрабачанні.


Спампаваць pdf-версію 25-га выпуску маніторынга культурнага супраціву