Пошук

Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні двух новых палітычных зняволеных


Супольная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі) і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Аляксандр Кулага – асуджаны  прысудам суда Брагінскага р-на на два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу па ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), накіраваны для адбыцця пакарання;
  2. Уладзімір Чыжэўскі – асуджаны прысудам суда Астравецкага р-на  на адзін год і тры месяцы пазбаўлення волі па ч.1 арт. 368  (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады);

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Аляксандра Кулагі і Уладзіміра Чыжэўскага палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Аляксандра Кулагу, Уладзіміра Чыжэўскагаі спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве ” Хьюман канстанта”;

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.