Пошук

Выйдзі спаткаці вясну! – разам з беларускай культурай ва ўсёй яе жыццесцвярджальнай моцы. Выпуск 22


Часам глядзіш, як удар за ўдарам наносяць нам – нам, таму што кожны несправядлівы прысуд, кожнае звальненне за пазіцыю, кожная зачыненая культурніцкая прастора – гэта асабістае, і бачыш, як, ачуняўшы ад шоку першых удараў, мы ўжо ляцім абараняць сваё. І абаронім.

Затрыманні, прысуды, пераслед

Юрась Дзяшук

Юрася Дзешука, журналіста з Бярозаўкі, аштрафавалі на 1450 рублёў за тое, што ён нібыта крычаў «Жыве Беларусь» на судзе над Вітольдам Ашуркам. На відэа з залі суда бачна, што ён знаходзіўся там як журналіст і здымаў Вітольда пасля прысуду. 

Вадзіму Дзмітранку, архітэктару, якога затрымалі 15 лістапада падчас разгону на плошчы Перамен і вінавацяць адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, пагражае да 8 гадоў зняволення. Пасля затрымання ў лістападзе яго моцна збілі, так што ён быў дастаўлены ў шпіталь хуткай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені, драпінамі, выцятасцямі ды іншымі траўмамі. 

 

1 сакавіка суд Віцебска пакараў 23-гадовага віцябляніна годам пазбаўлення волі ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу за тое, што ён “дастаў з насценнага кранштэйна будынка крамы флагшток з дзяржаўным сцягам Беларусі і дэманстратыўна кінуў яго на зямлю”.   

Вольга Такарчук

Вольга Такарчук, якая вядзе YouTube блог на 30000 падспісчыкаў, зноў затрыманая 2 сакавіка ў Мінску. Яе адпусцілі пад падпіску. Папярэдні раз Вольгу затрымалі 25 студзеня за адзіночны пікет, падчас якога яна выпускала з акна бчб балонікі.

Міхась Зізюк, паэт, затрыманы 3 сакавіка ў Навагрудку. Ён быў адным з тых, хто ўдзельнічаў у экскурсіях па горадзе, якія сталі праходзіць пад наглядам міліцыі і чыіх удзельнікаў потым сталі затрымліваць. 4 сакавіка Міхась атрымаў штраф 30 базавых велічынь за “распаўсюд незарэгістраваных улётак” і выйшаў на волю. 

У Гродна працягваецца суд над актывістам, музыкам гурта Mister X Ігарам Банцэрам,  якога судзяць за перформанс. Ігар не прызнае віну, адмовіўся ад адваката і абвясціў сухую галадоўку. Суд адхіліў хадайніцтва Ігара, каб суд вёўся па-беларуску. 

Ігар Банцар

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце дзейнасці праваабарончага цэнтра “Вясна” па арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 

12 сакавіка журналіста Рамана Васюковіча будуць судзіць за ўвоз у Беларусь кнігі “Беларускі Данбас”. 

Анастасія Перавошчыкава, жыхарка Гомеля, якая распрацавала сцяг Навабеліцкага раёна г. Гомеля, знаходзіцца ў зняволенні з канца студзеня 2021. Яе судзілі 6 разоў запар, кожны раз на 15 сутак. Па месцы жыхарства Анастасіі і ў доме яе дзядулі былі праведзеныя вобшукі, у выніку якіх канфіскаваная ўся тэхніка.


Ціск, звальненні, забароны

Аксана Плікус

З Аксанай Плікус, актрысай Гродзенскага драматычнага тэатра, якая прымала ўдзел у запісы ў падтрымку звольненых калег,  а таксама ўдзельнічае ў творчых імпрэзах, якія адбываюцца на альтэрнатыўных пляцоўках, не працягнулі кантракт – 31 сакавіка яе апошні працоўны дзень. 

2 сакавiка заблакавала рахункi Iгара Казмерчака, уладальнiка крамы беларускiх нацыянальных сувенiраў i рэдактара сайта orsha.eu.

2 сакавіка быў сарваны запіс канцэрта гурта “Дай дорогу!”. Міліцыя наведала адзін з мінскіх клубаў за гадзіну да пачатку запісу, усім прысутным было загадана разысціся пад пагрозаю затрымання АМАПам. У Брэсце каманда таксама не можа выступіць: улады адмовілі гурту ў выдачы гастрольнага пасведчання. Музыкаў можна падтрымаць, зрабіўшы ахвяраванне.

Таццяна Нядбай

3 сакавіка Першую намесніцу старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяну Нядбай выклікалі на допыт у Следчы Камітэт у сувязі са справай Прэс-клуба. Таццяна выйшла адтуль, падпісаўшы дакумент аб неразгалошванні. 

Крама нацыянальнай сімволікі Symbal.by, у тым ліку анлайн-крама, 3 сакавіка спыніла сваю працу. Пераслед крамы пачаўся ў чэрвені 2020, калі краму на праспекце Машэрава патрабавалі зачыніць праз нібыта парушэнні санітарных нормаў, а людзей, што стаялі ў чарзе, каб набыць тавары і падтрымаць краму, затрымлівалі. Былі канфіскаваныя 419 цішотак з надпісам «ПсихоЗ%». Нягледзячы на шматлікія праверкі, якія прайшлі ў тым ліку ў кампаній і прадпрымальнікаў-партнёраў Symbal.by, і на тое, што мытня не выпусціла з Беларусі і не вярнула ў краму больш як 200 пасылак з замовамі замежных пакупнікоў, анлайн-крама працягвала працаваць да 30 студзеня 2021, калі чатырох супрацоўнікаў крамы затрымалі проста на працы і прысудзілі ім 15 і 20 сутак адміністратыўнага арышту. 

Віктар Шадурскі

Віктар Шадурскі, дэкан факультэта міжнародных зносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аднаго з найбольш ліберальных факультэтаў краіны, звольніўся са сваёй пасады. Сам Віктар заўжды заступаўся за студэнтаў і адстойваў іх інтарэсы. 

Часопісы «Наша гісторыя», «Асцярожна: дзеці!» і «Дуда», якія выдае Наша Ніва, забаранілі прадаваць у «Белсаюздруку». Рэдакцыя звярнулася да чытачоў з просьбай набыць часопіс у іх офісе, і за два дні, дзякуючы салідарнасці людзей, разышлося больш нумароў, чым раней прадавалася за месяц.

Moving Art Festival, незалежны фестываль мастацтваў, які меў адкрыцца 6 сакавіка ў памяшканні MAF, якое належыць заводу “Гарызонт”, перанесены, таму што ўласнік абмежаваў доступ да памяшкання. 


Сімволіка

Сваё экспертнае меркаванне датычна “вайны сцягоў” выказалі былы кіраўнік інстытута сацыялогіі Беларускай акадэміі навук, а цяпер навуковы супрацоўнік дэпартаменту сацыяльных навук у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце Генадзь Коршунаў, а таксама дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Ластоўскі ў матэрыяле Deutsche Welle. 

фота Deutsche Welle

Сярод шматлікіх выпадкаў рэпрэсій за бел-чырвона-белую сімволіку выдзяляецца наступны. Ілля Квачэнка, жыхар менскага кварталу «Пірс», павесіў на балконе бел-чырвона-белы сцяг. 3 сакавіка каля яго дома з’явіліся невядомыя, ён адмовіўся адчыняць дзверы і здымаць сцяг, а праз нейкі час пад’ехаў эвакуатар і забраў яго аўтамабіль. Раніцай 4 сакавіка Іллю выклікалі ў РАУС, а 5 сакавіка яму прысудзілі 15 сутак адміністратыўнага арышту. 

Дырэктар ляснога гадавальніка Барысаўскага лясгаса атрымаў загад ад дырэктара лясгаса: каб ніводнага белага цюльпана на іх пунктах продажу не было.


Творчы супраціў

Былы дырэктар Музею гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, з якім у студзені  2021 года не працягнулі кантракт за падтрымку пратэстаў, запускае гістарычную праграму на Youtube, і ў першым выпуску расказвае пра першых пасяленцаў Магілёўшчыны. 

karikatu.rama

Праца карыкатурыста karikatu.rama, прысвечаная справе Арцёма Сарокіна і Кацярыны Барысевіч. 

“Отказ от алкоголя в знак солидарности – шаг, который позволит сохранить нам трезвость ума в сложный период и помнить о том, как всё было на самом деле”, – каментуе аўтар свой твор. 

Аповед пра ўмовы ўтрымання ў Гродзенскай турме, праілюстраваны малюнкамі аўтара. 

У новым выпуску праекта “Словы мацней” музыка гурта «Гарадскі вал» і перакладчык Раман Абрамчук чытае ўрывак з апавядання Максіма Гарэцкага «Усебеларукі з’езд 1917-га года». 

4 сакавіка прайшоў вялікі анлайн-канцэрт класічнай музыкі KEDUK / RADUNSKI, на якім выступіў таксама вядомы беларускі оперны спявак Ілля Сільчукоў, звольнены з Вялікага тэатра оперы і балета разам з шэрагам іншых вядучых артыстаў, і які быў вымушаны эміграваць у ЗША.  

малюнак Анастасіі Булыбенка

Анастасія Булыбенка, зняволеная па справе студэнтаў 12 лістапада, з СІЗА дасылае маці разам з лістамі малюнкі і піша:

«Я ні кропелькі не баюся, павер. Гатовая да абсалютна любога развіцця падзей».

Беларускія медыкі стварылі ініцыятыву для пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў медыцыне.

Беларусы сталі ў шахматным парадку на Катэдральнай плошчы Вільні з рэпрадукцыямі вядомых твораў пратэставага мастацтва, каб “дагрукацца да сэрцаў з дапамогай мастацтва”. Так прайшла акцыя “Жывая выстава”.


Галасы асобаў

Юры Стыльскі

Юры Стыльскі, лідар гурта “Дай Дорогу!”:

Цяпер калі ты не падтрымліваеш тое, што адбываецца [з боку ўладаў], значыць, ты непажаданы. Нічога страшнага, усё ў парадку: адпачнём. Мы можам граць анлайн-канцэрты, як нядаўна і рабілі. А на падтрымку штаноў знойдзем. Цяпер, вядома, кавід перашкаджае, а ў цэлым нас чакаюць і ва Украіне, і ў Расіі”.

 

Таццяна Грыневіч-Матафонава, фота svaboda.org

Таццяна Грыневіч-Матафонава, чыя скрыпка стала адным з сімвалаў леташніх пратэстаў, была вымушаная з’ехаць ад пераследу ў Стамбул і працягвае там беларускую справу:

“Каб нас заглушыць, над плошчай уключалі гучную музыку савецкіх гадоў, тады танцавалі пад яе – вальс, факстрот. Знаходзілі спосаб. Было добра, душэўна. Хоць і страшна, бо вакол амапаўцы, туды-сюды шныпараць бусікі. Жанчыны потым казалі: бывала, такая навальваецца роспач, што разгоняць або арыштуюць, але ўлучалася скрыпка, усе падхоплівалі „Купалінку“, адчай адступаў”.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч, вядомы паэт і перакладчык, аўтар беларускага перакладу песні “Муры”, якая стала адным з гімнаў беларускага пратэсту:

“Усё ў нас будзе добра. Варта проста не згубіць дарогі і дайсці, бо да мэты можа быць нашмат бліжэй, чым сёння падаецца”.

 

 

 

Вольга Бабкова, літаратарка, вольная купалаўка, гісторык-архівістка, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра:

Вольга Бабкова, фота svaboda.org

“Я заўсёды думала: як у 1942-1943 гадах, калі пачалося знішчэнне мінскага гета на Нямізе, увесь горад працягваў жыць сваім жыццём? Людзі хадзілі ў філармонію, якая адчынілася, у кіно… А побач цяклі рэкі крыві. Людзі не маглі не ведаць, што там адбывалася. Горад увесь прапітаны крывёю. Цяпер я іду міма Валадаркі, ведаючы, што там сядзіць мая сяброўка, але я прыходжу дадому, гатую вячэру, п’ю каву і нават магу ўсміхнуцца… Столькі пакутаў вакол, але мы прыцягваем жыць. Зразумела, жыць не гарманічным жыццём, не шчаслівым жыццём… Але жывём, хоць і дыхаць цяжка”.


Міжнародная салідарнасць

Украінскія калегі пры падтрымцы Украінскага ПЭН-клуба зрабілі падрабязны агляд і аналіз рэпрэсій у дачыненні да беларускіх пісьменнікаў, блогераў, журналістаў – у межах праекта EmptyChairPeople.

Беларусы Уроцлава правялі тэатралізаваную акцыю супраць удзелу БТ у «Еўрабачанні». 

На мінулым тыдні ў Вене ў знак салідарнасці з бастуючымі рабочымі Беларусі адкрылася выстава сучаснага мастацтва “Таемны музей працоўнага руху”. 

Марыя Калеснікава стала адной з лаўрэаткак Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу. 

У варшаўскай галерэі «Кардэгарда» распачалася фотавыстава «Беларусь: марш свабоды».


Спампаваць pdf-версію 22-га выпуску маніторынга культурнага супраціву