Пошук

Літаратары горада Граца патрабуюць вызвалення беларускіх палітвязняў


Асацыяцыя пісьменнікаў аўстрыйскага гораду Грац накіравала ліст амбасадару Рэспублікі Беларусь у Аўстрыі з патрабаваннем неадкладнага вызвалення беларускіх палітвязняў і спынення гвалту і беззаконня.

“Цягам многіх месяцаў мы атрымліваем інфармацыю пра парушэнне грамадзянскіх правоў і правоў чалавека, пра пераслед літаратараў і іншых творчых асоб на іх Радзіме ў Беларусі. Брыгады, апранутыя ў чорнае, нападаюць на мірных дэманстрантаў, не зважаючы на іх жыццё і здароўе, у тым ліку на пісьменніц і пісьменнікаў, разумныя і памяркоўныя галасы якіх ніхто не хоча пачуць… Мы ўжо звярталіся да вас у верасні з нагоды знікненення Марыі Калеснікавай, але не атрымалі ніякага адказу”,

— гаворыцца ў лісце.

Аўтары ліста згадваюць таксама арыштаваную перакладчыцу Вольгу Калацкую і патрабуюць яе вызвалення і зняцця з яе ўсіх абвінавачванняў. 

“З уручэннем Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч беларуская літаратура атрымала міжнароднае прызнанне. Мы патрабуем свабоды для ўсіх незаконна затрыманых і несправядліва асуджаных дзеячаў беларускай культуры”,

– пішуць пісьменнікі Граца. 

Ліст падпісалі прэзідэнтка Асацыяцыі Ільзэ Кіліч і кіраўнік Асацыяцыі Ёпа Ётакін, прэзідэнт Аўстрыйскага ПЭН-клубу Гэльмут Нідэрле, а таксама іншыя літаратары.   

Азнаёміцца з лістом цалкам (на нямецкай мове) можна тут.