Пошук

Без права на культуру: тэатр у цэнтры ўвагі. Беларусь 2020


Дадатак да публічнай справаздачы за 2020 год паводле маніторынгу парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.

Пачынаючы са жніўня гэтага года ў Беларусі была зафіксаваная рэкордная колькасць рэпрэсіўных мер у дачыненні да дзеячаў культуры. Улада заўсёды звяртала пільную ўвагу на культуру, але гэта было звязана не з падтрымкай, а з празмерным кантролем. Цяпер масавыя звальненні, забароны на правя­дзенне мерапрыемстваў, затрыманні і арышты ўжо нікога не здзіўляюць — улада разбурае культурны ландшафт, які ствараўся не адно дзесяцігоддзе.

*У дадзеным артыкуле аўтар разглядае толькі сітуацыю ў сферы тэатра, не абясцэньваючы тое, што адбываецца ў іншых сферах. Таксама ў тэксце прыведзеная не ўся статыстыка затрыманняў, звальненняў і арыштаў, а зроблены толькі агульны аналіз сітуацыі.

Самацэнзура як лад існавання

Пасля распаду Савецкага Саюза кантроль над мастацтвам з боку ўлады аслабеў, але ў пачатку 2000­-х ад яго ўжо немагчыма было пазбавіцца. Рэп­рэсіі ў сферы культуры былі ціхімі і этапнымі, мелі «прафілактычны характар». Рэкамендацыі аб правядзенні мерапрыемстваў, неабходнасць узгадненняў і гастрольных пасведчанняў, чыноўнікі, якія прыходзяць на мастацкія івэнты, паказы «для сваіх» і «для ўсіх» — сістэма пачала актыўна абмяжоўваць арт­-інструментарый, і бліжэй да 2010 года гэтая рэальнасць зрабілася прывычнай. Так зацвердзілася звычка да самацэнзуры — многія дзеячы культуры, якія працавалі ў дзяржаўных (ды і незалежных) інстытуцыях, у думках фіксавалі зоны «куды нельга» і свядома сябе абмяжоўвалі, каб не трапляць пад афіцыйную цэнзуру і не псаваць рэпутацыю — сваю ці ўстановы. Гэта паўплывала на фармаванне культурнай ідэнтычнасці: арт­-эксперыменты з’яўляліся павольна і рэдка, бо многія баяліся, што не «прапусцяць» або «забароняць». Мяжа недапушчальнага фармавалася ў галовах актараў, а свабода давалася цяжка.

Канечне, самацэнзура мела і станоўчыя бакі: многія арт-­дзеячы пачалі пашыраць свой мастацкі інструментарый. Гэта зрабілася стымулам для развіцця мастацтва і пры гэтым выклікала татальную стомленасць ад неабходнасці прытрымлівацца ўмоўных абмежаванняў. Да 2015­га ў Беларусі пачалі масава адкрывацца міждысцыплінарныя прасторы (ЦЭХ, ВЕРХ, Корпус 8, Сталоўка XYZ, Ok16, HIDE, Lo-­FI), якія прапаноўвалі пляцоўку для адносна свабоднага мастацтва. Мастакі пачалі актыўна знаходзіць спосабы вярнуць сабе творчую свабоду — канечне ж, усё яшчэ ў рамках пэўнай цэнзуры. І гэтая свабода не тычылася радыкальнага арту, які межаваў з забароненым кантэнтам, — дзеячы культуры ўсяго толькі хацелі выказваць толькі блізкія ім ідэі новай моваю.

Альтэрнатыва і свабода творчасці

Тры гады таму ў Беларусі з’явілася альтэрнатыўная арт-­прастора Культурны хаб Ok16. Будынак непрацоўнага завода на трэндавай Кастрычніцкай вуліцы быў выкуплены Белгазпрамбанкам і аддадзены пад творчыя патрэбы беларускай інтэлігенцыі. Гэта быў першы шматфункцыянальны лофт, які зрабіўся пляцоўкай для ўзаемадзеяння сучасных беларускіх актараў. Ініцыятарам адкрыцця арт-­прасторы выступіў Віктар Бабарыка. У 2020 годзе ўдзельнікамі яго перадвыбарчай кампаніі сітуацыйна зрабіліся многія супрацоўнікі хаба. Марыя Калеснікава была арт­-дырэктарам Оk16 і доўгі час змагалася «ўсяго толькі» за свабоднае мастацтва, як і тэатральны прадзюсар Іна Кавалёнак. Але з­-за шчыльнага супрацоўніцтва з Віктарам Бабарыкам куратаркі апынуліся за кратамі (Марыя Калеснікава, прызнаная палітзняволенай, працягвае знаходзіцца пад следствам, а Іна Кавалёнак ужо на свабодзе).

Хаб быў прасторай, дзе людзі мастацтва вучыліся ўзаемадзейнічаць адно з адным, знаходзіць агульную мову і кампрамісы. Гэта тычылася і літаральнага падзелу прасторы, і сумесных праектаў. За некалькі гадоў свайго існавання Ok16 актуалізаваў сучасны тэатр у Беларусі і паставіў на ногі новае пакаленне маладых тэатральных дзеячаў (Лізавета Машковіч, Аляксандр Адамаў, Паліна Дабравольская, Яўгенія Давідзенка, Мікіта Ільінчык і інш.). І гэта толькі малая частка зробленага хабам, блізкая тэатральным дзеячам.

Свабода творчасці — ключавая ідэя для разумення працы Ok16. Менавіта за гэтым сюды прыходзілі актары, арганізатары мерапрыемстваў і аматары сучаснага мастацтва. Студэнты, заціснутыя ў рамкі акадэмічнай сістэмы, знайшлі магчымасць выказацца без пільнай увагі сваіх майстраў, выбраць любы матэрыял і атрымаць адэкватны фідбэк ад арт-­супольнасці. Незалежныя рэжысёры актыўна эксперыментавалі, засвойваючы нетэатральную прастору і элементы site­-specifiс. Мастакі атрымалі бясплатныя «майстэрні» і неабмежаванае поле для дзейнасці. Абмежаванне было толькі адно — не перашкаджаць іншым.

Культурны хаб Оk16 прадставіў магчымасць развівацца ў незалежным кірунку дзеячам культуры, якія не маглі рэалізаваць частку сваіх ідэй у дзяржаўных інстытуцыях. Альтэрнатыўная пляцоўка пачала карыстацца попытам не толькі ў арт­-супольнасцяў, але і ў глядацкай аўдыторыі. Міждысцыплінарная прастора, якая прапаноўвала рознае мастацтва — эксперыментальнае і тра- дыцыйнае, але адносна свабоднае ад абмежаванняў па плане і ўнутранай цэнзуры, — прыцягвала аўдыторыю сваёй шчырасцю.

Унікальнасці таму, што адбывалася ў хабе, надавала і сталая прысут­насць на мерапрыемствах Віктара Бабарыкі, якога многія ведалі па фестывалях «ТЭАРТ», галерэі «Арт­-Беларусь» з калекцыяй беларускага жывапісу, вернутага на радзіму. Рабілася зразумелым, што мастацтва неабходнае не толькі яго стваральнікам, але і тым, хто ўкладае ў яго грошы і сілы. Пры гэтым у стваральнасці не было кантролю — толькі адкрытае прыняцце і магчымасць развіцця.

Чэрвеньскі арышт Віктара Бабарыкі быў складана і трывожна ўспрыняты ў культурнай суполцы. Усе яго праекты спрыялі салідарызацыі тэатральных дзеячаў і дазвалялі ствараць альтэрнатыўную арт­супольнасць, якая актыўна прасоўвалася ў сваіх мастацкіх пошуках. У той момант гаворка ішла не толькі пра кандыдата ў прэзідэнты, але і пра буйнога мецэната ў сферы мастацтва, які многім дапамог пачаць і працягнуць сваю арт­-кар’еру. Гэты арышт не мог застацца незаўважаным і стымуляваў культурную супольнасць да салідарызацыі.

А калі да справы Віктара Бабарыкі далучылі 150 жывапісных прац і іншых культурных каштоўнасцей калекцыі Белгазпрамбанка агульнай вартасцю каля 20 млн даляраў — стала зразумела, што ў расправе з няўгодным лідарам улады не стануць лічыцца ні з культурнай каштоўнасцю твораў, ні з інтарэсамі публікi. Унікальная калекцыя твораў мастацтва стала закладніцай палітычных абставінаў. Карціны дагэтуль знаходзяцца «пад арыштам» і недаступныя для гледача.

План як спосаб ціску

На абвастрэнне сітуацыі паўплывала і першая хваля пандэміі. Вясной тэатральныя дзеячы выжывалі на мінімальныя заработныя платы, а незалежныя актары шукалі спосабы зарабіць. Падтрымкі ад дзяржавы не было практычна ніякай. У тэатрах існуе план па гледачу — колькі чалавек павінна наведаць установу, а таксама план па колькасці мерапрыемстваў — колькі івэнтаў неабходна правесці. У час пандэміі план па гледачу быў скарочаны, але да канца года ўстановы ўсё адно павінны былі выканаць план па колькасці мерапрыемстваў. У першую хвалю пандэміі Мінкульт і кіраўніцтва тэатраў імкнуліся перавесці спектаклі ў анлайн-­фармат і забяспечыць бяспеку працаўнікоў. У другую — нават пры наяўнасці акцёраў, якія захварэлі на каранавірус, — многія тэатры працягвалі функцыянаваць. На дадзены момант COVID-­19 у інстытуцыях «няма» — гэта вызначаецца і Мінкультам, якому нявыгадна закрываць культурныя ўстановы, і ўнутранай іх палітыкай — хоць якая праца дазваляе выплаціць мінімальныя прэміі супрацоўнікам. Пры гэтым менавіта план па колькасці мерапрыемстваў — выдатны сродак для маніпуляцыі дзяржаўнымі ўстановамі, бо невыкананне плана пагражае штрафамі і скарачэннем фінансавання.

Рэакцыя на гвалт і фальсіфікацыі

Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў многія калектывы спрабавалі далучыцца да агульнанацыянальнай забастоўкі. Частка супрацоўнікаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Новага драматычнага тэатра, РТБД, Вялікага тэатра оперы і балета, Дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага і іншых тэатраў праявілі жэсты салідарнасці. Але з-­за шэрага прычын забастовак не адбылося. Асноўным каменем спатыкнення зрабілася тое, што забастоўку трэба аб’явіць за два тыдні да яе правядзення і прад’яўляць патрабаванні непасрэдна кіраўніцтву. У многіх творчых калектывах кіраўніцтва — людзі, каштоўныя ў арт-­свеце, да якіх супрацоўнікі ставяцца з павагай. Больш за тое, многія супрацоўнікі тэатраў, асабліва старэйшае пакаленне, не хацелі «развальваць» інстытуцыі, усведамляючы, што дзяржаве будзе прасцей паставіць іх дзейнасць на доўгую паўзу. У гэтым выпадку меркаванне, што «пазакрываюць усіх і нават не падумаюць», цалкам справядлівае: ад дзяржавы, вектар развіцця якой накіраваны далёка не на культуру, можна чакаць чаго заўгодна. Пры гэтым значная частка калектываў прадстаўляла функцыю мастацтва як рупар справядлівасці, а без пляцоўкі і гледача казаць пра тое, што адбываецца ў краіне, праз метафары і наўпрост немагчыма. Падтрымка пратэстоўцаў выяўлялася ў розных творчых акцыях, лістах і відэазваротах.

У ліпені паўстаў рух «Культпратэст», які аб’яднаў людзей творчых прафесій. Арт­-дзеячы выказваліся пра тое, што адбываецца ў краіне, і дзяліліся адно з адным актуальным мастацтвам, якое адлюстроўвае грамадска­-палітычнае жыццё.

Многія акцёры, рэжысеры і іншыя працаўнікі тэатраў праяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю на масавых акцыях пратэсту, у тым ліку разнастайных культурных івэнтах. Гэта зрабілася каталізатарам шэрагу звальненняў — кіраўніцтва інстытуцый дагэтуль атрымлівае распараджэнні, якія нясуць як рэкамендацыйны, так і абавязковы характар. Часта такія распараджэнні маюць вусны характар або трапляюць да кіраўнікоў у форме лістоў. Любое выказванне ў сацсетках і тым больш у прэсе трапляе пад пільную ўвагу з боку Мінкульта.

Разгром Купалаўскага

Сёлета Нацыянальны акадэмічны тэатр ім. Янкі Купалы павінен быў святкаваць свой 100­-гадовы юбілей і рыхтаваў прэм’еру культавага спектакля «Тутэйшыя» паводле п’есы Янкі Купалы. Аднак 16 жніўня калектыў Купалаўскага тэатра падпісаў адкрыты зварот да беларусаў. У ім купалаўцы патрабавалі ўзбуджэння крымінальных спраў супраць тых, хто аддаваў злачынныя загады, і ўсіх, хто мае дачыненне да злачынстваў. Заява супрацоўнікаў аднаго з галоўных нацыянальных тэатраў выклікала шырокі рэзананс і водгук у мірных грамадзян, якія сутыкнуліся з жорсткімі дзеяннямі сілавых структур.

Ужо праз дзень, 17 жніўня, дырэктар тэатра Павел Латушка быў звольнены, што зрабілася каталізатарам масавых акцый пратэсту ў культурнай супольнасці. Купалаўцаў падтрымалі 112 супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, працаўнікі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, Вялікага тэатра оперы і балета, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. Максіма Горкага, замежныя дзеячы культуры, у тым ліку расійскія акцёры Канстанцін Райкін і Алег Басілашвілі.

Калектыў дамогся сустрэчы з ужо былым міністрам культуры Юрыем Бондарам, якому быў прад’яўлены ўльтыматум: альбо на пасаду дырэктара вяртаецца Павел Латушка, альбо вядучыя акцёры і вялікая частка працаўнікоў тэатра звальняецца. Міністр жа звярнуўся да купалаўцаў з просьбай засяродзіцца на творчасці, а не на палітыцы. Падтрымаць калектыў на гэтай сустрэчы сабраліся гледачы і работнікі іншых культурных інстытуцый, якія чакалі ля ўпрыгожанага бел­чырвона-­белымі сцягамі ўвахода ў тэатр.

Наступнай раніцай купалаўцы не здолелі трапіць у будынак — паводле афіцыйнай версіі гэты дзень быў адведзены пад дэзынфекцыю тэатра ў мэтах прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Праўда, як аказалася, у гэты час праводзіўся ператрус — асабістыя рэчы акцёраў у грымёрках былі перастаўленыя. І практычна адразу ж на тэлеканале СТБ выйшаў сюжэт пра тое, які разгульны лад жыцця вядуць купалаўцы: на кадрах былі сметніцы, набітыя пустымі бутэлькамі з­пад алкаголю, дзіўныя кампазіцыі з дэкарацый, якія павінны былі дэманстраваць пагром. Пра тое, як хутка дзяржава адраклася ад вядучых дзеячаў культуры, узнагароджаных разнастайнымі медалямі і прэміямі, казаць не даводзіцца. Калектыў тэатра быў несправядліва дыскрэдытаваны вядучымі дзяржаўнымі СМІ Беларусі.

У выніку было напісана больш за 60 заяў на звальненні ад акцёраў і працаўнікоў тэатра, якія складалі асноўную частку калектыву. Сярод іх былі народныя артысты Беларусі Зоя Белахвосцік і Арнольд Памазан, заслужаныя артысты Беларусі Алена Сідарава, Юлія Шпілеўская, Ігар Дзянісаў, Наталля Качаткова, Георгій Маляўскі, вядомыя акцёры Павел Харланчук, Святлана Анікей, Дзмітрый Есяневіч, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін. Больш за тое, крыху пазней Зою Белахвосцік звольнілі з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і не далі давесці курс — яе студэнты сёлета завяршаюць навучанне.

Выконваць абавязкі дырэктара быў прызначаны намеснік міністра культуры Валерый Грамада. Праз некалькі месяцаў пасля інцыдэнту з Купалаўскім тэатрам міністра культуры Юрыя Бондара таксама замянілі экс­памочнікам прэзідэнта — інспектарам Брэсцкай вобласці Анатолем Маркевічам. А Павел Латушка, які ўвайшоў у Каардынацыйную раду, доўгі час атрымліваў розныя пагрозы і быў вымушаны з’ехаць з краіны. Затрымліваючы членаў Каардынацыйнага савета, улада імкнулася дэзарганізаваць яго працу і дэмаралізаваць каманду. Крыху пазней Латушка ўдакладніў, што яму быў пастаўлены «ўльтыматум: пакінуць краіну або быць прыцягнутым да крымінальнай адказнасці».

У свой 100­-гадовы юбілей сцэна апусцела, а акцёрам рэгіянальных тэатраў паступілі прапановы ад Міністэрства культуры на праслухоўванне ў Купалаўскі. На дадзены момант інфармацыя пра тое, хто ўвайшоў у абноўлены калектыў тэатра, нідзе адкрыта не публікавалася.

На сцэне Купалаўскага тэатра паспеў выступіць харэаграфічны ансамбль «Харошкі» і канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга — у зале было каля 10 чалавек. Можна выказаць здагадку, што, нягледзячы на ўсе афіцыйныя заявы супрацоўнікаў гэтых калектываў, ім выставілі ўльтыматум, як і Народнаму хору Рэспублікі Беларусі імя Г. І. Цітовіча, які выступаў пазней. У хору засталося 13 нявыкананых канцэртаў, якія работнікі павінны адпрацаваць па плане. Выканаўцы адмовіліся выступаць на пляцоўцы Купалаўскага і прапанавалі альтэрнатыву — выязныя канцэрты па абласных гарадах. Аднак прапанова была адхіленая.

Масавыя звальненні

З дзеяннямі купалаўцаў салідарызаваліся многія калектывы, і гэта паслужыла каталізатарам звальненняў вядучых акцёраў, рэжысёраў і супрацоўнікаў тэатраў па ўсёй Беларусі. Гэта выяўлялася ў лістах супрацоўнікаў у Міністэрства культуры, Савет Міністраў, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў, розных творчых акцыях і відэазваротах, што асуджаюць акты гвалту ад сілавікоў.

Шырокі рэзананс выклікала звальненне Андрэя Новікава — дырэктара Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. На працягу 20 гадоў ён узначальваў інстытуцыю, арганізоўваў адзін з лепшых міжнародных фестываляў — Моладзевы тэатральны форум «[email protected]кантакт» — і зрабіў абласны тэатр адным з цэнтраў тэатральнага жыцця Беларусі. Зняцце з пасады было абгрунтаванае тым, што ён адмовіўся звальняць супрацоўнікаў, якія праяўляюць актыўную палітычную пазіцыю.

На звальненне Андрэя Новікава адрэагавалі і замежныя калегі. Напрыклад, вядомы расійскі тэатразнаўца Павел Руднеў выказаўся аб тым, што такіх тэатральных менеджараў, як дырэктар магілёўскага драмтэатра, ён сустракае вельмі рэдка, а пазбаўляцца ад іх — недаравальна. І гэта сапраўды так — Андрэй Новікаў на працягу гадоў ствараў у тэатры экалагічную атмасферу, запрашаў маладых рэжысёраў, усведамляючы рызыкі, кампетэнтна выконваў дзяржаўную праграму і акуратна ўпісваў у рэпертуар касавыя камедыі.

З-­за ўдзелу ў грамадска-­палітычным жыцці пацярпеў і галоўны рэжысёр тэатра Уладзімір Пятровіч, які стварыў спектакль па кнізе «Час сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч, — яго затрымалі падчас экскурсіі і арыштавалі на 3 сутак. Загадчыца літаратурнай часткай тэатра Вольга Семчанка таксама была затрыманая падчас удзелу ў мірных шэсцях.

Салідарнасць з супрацоўнікамі тэатра выказалі спецыялісты Магілёўскага абласнога музея ім. П. В. Масленікава — яны напісалі зварот на імя начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, аднак гэта ніяк не паўплывала на сітуацыю.

Каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета таксама праходзілі канцэрты салідарнасці ў падтрымку мірных пратэстоўцаў. Перад операй 27 кастрычніка ў зале загучаў гімн «Магутны Божа», і з установы былі звольненыя дзеячы, якія выказаліся перад пачаткам спектакля супраць гвалту і беззаконня ў краіне, — першая скрыпка аркестра Рэгіна Саркісава, скрыпачка Ала Джыган і альтыстка Аляксандра Пацёміна. Таксама былі звольненыя заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, уладальнік медаля Францыска Скарыны, дырыжор Андрэй Галанаў, саліст оперы Ілля Сільчукоў. Трупа тэатра сабрала больш за 200 подпісаў у падтрымку звольненых, патлумачыўшы, што яны «з горыччу назіраюць за абуральнай абыякавасцю вышэйстаячых асоб да калектыву Вялікага тэатра Беларусі, да лёсу работнікаў культуры і мастацтва нашай краіны».

Некаторыя культурныя дзеячы пачалі звальняцца самі. Напрыклад, з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі сышлі акцёры Андрэй Новік і Мікалай Стонька. Пазіцыя Новіка было ў тым, што немагчыма «выйсці на сцэну дзяржаўнага тэатра, калі сяброў, калег, педагогаў, куміраў у лепшым выпадку выкідваюць на вуліцу толькі з-­за іх грамадзянскай пазіцыі». Другі акцёр РТБД быў «супраць цэнзуры ў тэатры і супраць таго, што цяпер пачалі спецыяльна прыходзіць так званыя кантралёры з Міністэрства культуры, каб сачыць, каб ні да, ні пасля, а ўжо тым больш падчас спектакля не было знакаў салідарнасці, грамадзянскай пазіцыі».

Супрацоўнікі Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў таксама падпісалі заявы на звальненне з­-за грамадзянскай пазіцыі.

12 супрацоўнікаў Новага драматычнага тэатра далучыліся да страйку і адмовіліся працаваць на сцэне. Аднак кіраўніцтва выставіла ім абвінавачванне ў страце на суму ў 15 000 беларускіх рублёў за нібыта не адыграныя спектаклі, больш за тое, на супрацоўнікаў быў пададзены пазоў у суд. Паводле заканадаўства, акцёр, які сарваў спектакль, павінен пакрыць прычыненую тэатру грашовую страту. Прэцэдэнт часткова камічны, бо ў суму ўключылі нібыта не раздадзеныя гледачам сродкі індывідуальнай абароны — маскі. Сітуацыя вырашылася на карысць акцёраў, аднак адразу ж пасля суда яны падалі заявы на звальненне. Дзеянні кіраўніцтва дадзенага тэатра адлюстроўваць тое, што адбываецца ў калектыве шмат гадоў, — не так даўно адбыўся скандал з адмененай прэм’ерай Юры Дзівакова. Пастаноўка «Клапа» па п’есе Уладзіміра Маякоўскага была перапыненая падчас рэпетыцый, а прычынай стаў недавер мастацкага кіраўніцтва да працэсу працы рэжысёра. Праца падалася начальству занадта «авангарднай». Пры гэтым сумненняў у прафесіяналізме Юрыя Дзівакова няма ні ў тэатральнай супольнасці, ні ў іншых тэатраў, якія яго запрашаюць.

За «адмову ад працоўных абавязкаў», гэта значыць за ўдзел у страйку, з Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра звольнілі галоўнага рэжысёра Генадзя Мушперта, які прапрацаваў там больш за 26 гадоў. Крыху пазней стала вядома пра звальненне яшчэ аднаго рэжысёра гэтага тэатра, заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленкі. Падчас акцый пратэсту ён быў затрыманы разам з жонкай Валянцінай Харытонавай. Пра гэта іх калегі даведаліся проста падчас вячэрняга спектакля і адмовіліся граць яго да канца. Дырэкцыя прымусіла артыстаў пісаць тлумачальныя запіскі, а нязгодную з гэтым Лізавету Мілінцэвіч звольнілі.

Сітуацыя выйшла з-­пад кантролю, і рэпрэсіі рабіліся ўсё больш абсурднымі. Так, Максім Коржыцкі, былы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. Якуба Коласа, быў арыштаваны на 10 сутак за тое, што паставіў свечку ў памяць забітага Рамана Бандарэнкі каля помніка воінам-­інтэрнацыяналістам. Акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. Максіма Горкага Ігар Андрэеў таксама быў затрыманы падчас шанавання памяці Рамана Бандарэнкі. А Аляксандра Рацько з Гродзенскага абласнога тэатра лялек затрымалі пасля таго, як ён паспрабаваў пераплысці Нёман, імкнучыся пазбегнуць затрымання.

Рэзананс выклікала затрыманне акцёра тэатра ім. Максіма Горкага Аляксандра Ждановіча, якога ведаюць па ролі Маляваныча з дзіцячай тэлеперадачы «Калыханка». Крыху пазней з’явілася інфармацыя пра яго звальненне са Свята-­Елісавецінскага манастыра, але ў фэйсбуку акцёр напісаў, што не знаходзіцца ў юрыдычных адносінах з манастыром і таму звольніць яго не маглі юрыдычна.

Сур’ёзнасць таго, што адбываецца, працягвае ўзрастаць, нягледзячы на абсурднасць некаторых рэпрэсіўных мер. На тэатральных дзеячаў, якія ўдзе­льнічаюць у пратэсных акцыях, актыўна цісне Мінкульт. Больш за тое, падчас мірных маршаў некаторыя акцёры атрымалі цялесныя пашкоджанні. Алену Гіранок, актрысу Тэатра­-студыі Кінаакцёра, затрымалі падчас пратэстаў і збілі, удары траплялі ў твар і галаву. А ў снежні падчас нядзельнага пратэснага маршу быў затрыманы акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ілля Ясінскі. Артыст быў моцна збіты і дастаўлены ў бальніцу з пераломам двух адросткаў пазванкоў — падобная траўма магла прывесці да інваліднасці і заканчэння акцёрскай кар’еры. Варта адзначыць, што цяпер з акцёрам усё ў парадку.

Супрацоўнікі многіх тэатральных інстытуцый пісалі відэазвароты і адкрытыя лісты ў падтрымку мірных пратэстоўцаў і за спыненне гвалту ў краіне. Увага калектывам і іх пазіцыі надавалася розная, аднак тэатрам не пераставалі прыходзіць лісты «зверху» з намёкамі пра тое, што выказваць грамадзянскую пазіцыю ў працоўны час не варта. Любая адкрытая праява пазіцыі да гэтага часу расцэньваецца як падстава для звальнення — часта за «парушэнне працоўнай дысцыпліны» і «адмову ад выканання працоўных абавязацельстваў».

Пры гэтым тэатрам не скарачаюць планы, нягледзячы на COVID і адсутнасць прытоку гледачоў. Неафіцыйнай прычынай з’яўляецца тое, што многія ў жніўні і верасні прадэманстравалі актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Удар ад класікаў

Затрыманні, арышты і звальненні сталі звыклай рэальнасцю, якая ўжо не так шакіруе, як раней. Акцыі забараніць можна, але забараніць творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і іншых класікаў, якія пісалі пра нацыянальную ідэю, — абсурдна і практычна немагчыма. Хоць і такое адбывалася за апошнія месяцы: у Гродзенскім абласным тэатры лялек адмянілі паказ «Паэмы без слоў» Янкі Купалы. Паводле афіцыйнай версіі, у аднаго з акцёраў быў знойдзены каранавірус. Акцёры мяркуюць, што віной усяму стала іх рашэнне выказаць словы салідарнасці перад спектаклем.

Паняцце самацэнзуры ўжо пераасэнсоўваецца, працэс салідарызацыі ў арт­-супольнасці незваротны, бо пачаўся задоўга да падзей 2020 года. Любоў дзяржавы да «традыцыйнага мастацтва» пачынае паварочвацца супраць яе. Школьнікаў водзяць у тэатр на спектаклі па класічных тэкстах, але яны не толькі пра каханне, дружбу і цярпенне. Аказваецца, Астроўскі таксама піша пра карупцыю, Чэхаў — пра псеўдаспецыялістаў, а Горкі — пра праблемы рэжыму.

Як бы дзяржава ні спрабавала нівеляваць грамадзянскія пазіцыі калектываў, зрабіць гэта практычна немагчыма. Нават калі градус выказванняў на нейкі час спадае — сутнасць іх не мяняецца. Гледачы ведаюць, што адбываецца з тэатральнымі інстытуцыямі, і нават у дзіцячых спектаклях пра справядлівасць бачаць палітычныя падтэксты, якія не закладвае трупа. Гледача не атрымаецца падмануць карцінкай «стабільнай працы», а супрацоўнікі тэатраў і так выдатна ведаюць, што адбываецца ўнутры. Пасля сітуацыі з Купалаўскім, калі ўлада змагла дыскрэдытаваць адзін з галоўных нацыянальных калектываў, астатнія трупы сталі выбіраць больш бяспечныя шляхі выказвання салідарнай пазіцыі. Усё гэта адбываецца ў тым ліку праз ціск Мінкульта. Супрацоўнікі тэатраў актыўна праяўля­юць сваю грамадзянскую пазіцыю на мірных акцыях пратэсту, аднак афіцыйнай пазіцыі ў большасці калектываў няма з­-за боязі разбурыць інстытуцыі, у якіх яны працуюць.

Спампаваць pdf-версію справаздачы на беларускай мове

Спампаваць pdf-версію справаздачы на рускай мове