Пошук

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох новых палітвязняў


У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачванняў па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”) Ганны Вішняк і  па ч.2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) Сяргея Палоніса, а таксама  вынясеннем судом Жлобінскага р-на прысадаў аб пазбаўленнеі волі на тры гады па ч.1 арт. 342 КК у дачыненні да супрацоўнікаў БМЗ Яўгена Говара, Аляксандра Баброва яшчэ раз падцвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед Ганны Вішняк і Сяргея Палоніса, якія былі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”) і па ч. 1 арт. 342 КК (“Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”), а таксама асуджаных да трох гадоў пазбаўлення волі Яўгена Говара, Аляксандра Баброва як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Ганну Вішняк, Сяргея Палоніса, Яўгена Говара, Аляксандра Баброва і спыніць іх крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РГА “Прававая ініцыятыва”.