Пошук

Без права на культуру. Беларусь 2020


Публічная справаздача за 2020 год паводле маніторынгу парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.

Пра маніторынг: задачы, метадалогія

У жніўні 2019 года Беларускі ПЭН-цэнтр пачаў падрыхтоўку комплекснага даследавання рэалізацыі культурных правоў у Беларусі. Усведамляючы праблемнасць культурнага поля Беларусі, адсутнасць даследаванняў па рэалізацыі культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, арганізацыя распрацавала спецыяльны падыход да вывучэння сітуацыі і збору інфармацыі. У кастрычніку 2019 года Беларускі ПЭН распачаў сістэматычны збор інфармацыі, які дазволіў бы зафіксаваць рэальныя парушэнні, адсочваць дынаміку і структуру таго, што адбываецца.

З’яўляючыся аб’яднаннем літаратараў, першапачаткова Беларускі ПЭН планаваў правесці маніторынг рэалізацыі культурных правоў менавіта ў вобласці вытворчасці і спажывання літаратурных твораў. Але разумеючы праблемнасць сітуацыі і ў іншых сферах культуры, у якіх таксама не вядзецца ўлік парушэнняў, прыняў рашэнне фіксаваць іх і ў абласцях музыкі, кіно, дызайну, выяўленчага мастацтва.

Мэта маніторынгу: сістэматычна фіксаваць выпадкі парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў у Беларусі.

Даследаванню падлягаюць:

  1. суб’екты парушаных правоў, іх характарыстыкі;
  2. уразлівыя вобласці культурных правоў;
  3. рэальныя і фармальныя прычыны парушэння правоў або дыскрымінацыі;
  4. праблемы ў заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы, якія прыводзяць да парушэння правоў;
  5. магчымасці і механізмы аднаўлення парушаных правоў.

Маніторынг ахоплівае ўсю тэрыторыю Беларусі і сфакусаваны на дзеячах культуры розных сфер. Збор інфармацыі ажыццяўляўся на падставе: аналізу публічных крыніц інфармацыі рэспубліканскага і рэгіянальнага значэння, дзяржаўных і недзяржаўных СМІ (агулам 15); аналізу сацыяльных сетак і про- фільных telegram-каналаў творчых супольнасцяў (агулам 15); камунікацыі з творчымі аб’яднаннямі і ініцыятывамі па ўсёй Беларусі (каля 20 партнёрскіх кантактаў); камунікацыі з беларускімі праваахоўнымі арганізацыямі; персанальных зваротаў дзеячаў культуры і ўласнага актыўнага назірання, як у выпадку з судамі ў дачыненні да дзеячаў культуры; тэматычных круглых сталоў і экспертных абмеркаванняў.

Чаканні і рэальнасць 2020 года

З аднаго боку, Рэспубліка Беларусь падпісала практычна ўсе асноўныя міжнародныя дакументы, якія тычацца сферы культуры, а Канстытуцыя дзяржавы прызнае і гарантуе асноўныя правы ў вобласці культуры. У прыватнасці:

  • прызнаецца культурная разнастайнасць і адказнасць дзяржавы за захаванне культурнай спадчыны і свабоднага развіцця культур усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (арт.15);
  • прызнаецца права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, карыстацца роднай мовай і выбіраць мову дачыненняў, устанаўлення гарантый свабоды выбару мовы выхавання і навучання (арт. 50);
  • Канстытуцыя гарантуе права прымаць удзел у культурным жыцці, а таксама ўстанаўлівае абавязацельствы дзяржавы па развіцці культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў дзеля агульных інтарэсаў (арт. 51);
  • грамадзяне маюць права на атрыманне, захаванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра культурнае жыццё (арт. 34);
  • канстытуцыйная норма пра ахову інтэлектуальнай уласнасці гарантуе абарону маральных і матэрыяльных інтарэсаў аўтараў твораў (арт. 51).

З іншага боку, палажэнні Канстытуцыі развіваюцца ў законах і падзаконных актах. Для сферы культуры асноўным актам з’яўляецца Кодэкс пра культуру, які ўступіў у дзеянне ў лютым 2017 года. Яго распрацоўка павінна была прывесці да ліквідацыі супярэчнасцяў, што накапіліся за пэўны час, і гарманізацыі заканадаўства, у тым ліку з нормамі міжнародных дакументаў і канвенцый, ратыфікаваных Беларуссю, але, як паказвае аналіз практыкі, сам Кодэкс стварае ўмовы для сістэмных парушэнняў, якія рэалізуюцца ў правапрымяняльнай практыцы.

Фрагментарныя запазычанні элементаў міжнароднага права пры захаванні старой парадыгмы прадстаўленняў пра ўпраўленне культурай прывялі да таго, што многія палажэнні Кодэкса пра культуру выявіліся супярэчнымі адны адным. Напрыклад, прызнаючы на ўзроўні агульных палажэнняў свабоду творчасці, акт уключае працэдуру «пацвярджэння статусу творчага працаўніка».

Эксперты і дзеячы ў вобласці культуры адзначаюць шэраг праблем, звязаных як з характарам заканадаўства, што рэгулюе дзейнасць у сферы культуры, так і з асаблівасцю правапрымяняльнай практыкі*. Сярод іх:

  • Абмежавальны характар і выбарчае прымяненне асобных норм. Выбарчаму прымяненню норм права спрыяюць заблытанасць і няяснасць беларускага заканадаўства, якія дазваляюць у розных выпадках выкарыстоўваць адны і тыя ж нормы права як для забаронаў, так і для дазволаў.
  • У практыцы правапрымянення перавагу заўсёды маюць дзяржаўныя ўстановы культуры, тады як у дачыненні да недзяржаўных дзейнічае выбіральнасць. Недзяржаўныя актары практычна цалкам выключаныя з сістэмы дзяржаўнай падтрымкі, субсідый і прэферэнцый, якія распаўсюджваюцца (за рэдкім выключэннем) толькі на дзяржаўныя ўстановы культуры.
  • Існае заканадаўства пакідае магчымасці для дыскрымінацыйных дзеянняў і ігнаравання шырокай культурнай разнастайнасці. Прынцып недыскрымінацыі розных грамадскіх груп і супольнасцяў проста не ўстаноўлены беларускім заканадаўствам, хаця па сэнсе гарантаваны на ўзроўні базавых прынцыпаў (забеспячэнне роўнасці правоў і магчымасцяў грамадзян, недапушчэнне ўстанаўлення перавагаў і прывілеяў і г.д.). У некаторых палажэннях Кодэкса пра культуру, калі ідзе гаворка пра спецыфічныя групы і забеспячэнне для іх асаблівых умоў доступу да культуры, то маюцца на ўвазе толькі людзі з інваліднасцю, жыхары сельскай мясцовасці і моладзь. Іншыя гендарныя, нацыянальныя, субкультурныя і да т.п. групы не згадваюцца, хаця ў правапрымяняльнай практыцы яны часта сутыкаюцца з неабгрунтаванымі абмежаваннямі.
  • Перашкоды і абмежаваныя магчымасці для выкарыстання міжнароднага фінансавання. Акрамя таго, што атрыманне замежнай бязвыплатнай дапамогі строга зарэгулявана, уключаючы канчатковы пералік мэтаў, на якія яна можа быць накіраваная, яе атрыманне для многіх недзяржаўных арганізацый праблематычна як па ідэалагічных прычынах, так і па прычынах крайняй суб’ектыўнасці дзяржаўных органаў пры выдачы дазволаў і праходжанні неабходных працэдур.
  • Нягледзячы на наяўнасць у Кодэксе пра культуру зафіксаваных форм і механізмаў узаемадзеяння грамадскіх і дзяржаўных структур у прыняцці рашэнняў і фармаванні палітыкі ў вобласці культуры, удзел арганізацый грамадзянскай супольнасці абмежаваны толькі магчымасцю дарадчага голасу і па запрашэнні дзяржаўных органаў.

Такім чынам, беларускае заканадаўства ў сферы культуры закладае шэраг дыскрымінацыйных механізмаў на інстытуцыянальным узроўні, абмяжоўваючы магчымасці адных груп і арганізацый і забяспечваючы прэферэнцыі іншым. І большасць з іх замацавана не на ўзроўні зместу нормаў заканадаўства, а на ўзроўні правапрымяняльнай практыкі, выбарчага ці суб’ектыўнага тлумачэння норм, магчымасці апеляваць да розных заканадаўчых актаў, якія рэгулююць адну і тую ж сферу.

Выяўленне і даследаванне выпадкаў парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў у Беларусі былі неабходныя для таго, каб зрабіць іх бачнымі ў культурнай прасторы, вынесці на ўзровень абмеркавання ў прафесійным асяродку, грамадскім дыскурсе, зрабіць прадметам абмеркавання з дзяржаўнымі органамі для ўзаемадзеяння і выпраўлення сітуацыі.

Такім быў план і бачанне вынікаў маніторынгу, сыходзячы са «звыклай» беларускай рэальнасці ў кантэксце сферы культуры бліжэй да кастрычніка 2019 года. Але асаблівасці палітычнай сітуацыі канца 2019 і ўсяго 2020 гадоў: серыя публічных акцый пратэсту супраць гэтак званай «паглыбленай інтэграцыі» Расіі і Беларусі (снежань–студзень 2019–2020 гг.), ігнараванне дзяржавай пандэміі COVID-19 з лютага–сакавіка 2020 года і — апагей усяго — характар падрыхтоўкі і правядзення электаральнай кампаніі (выбары прэзідэнта) і поствыбарны перыяд — прывялі да кардынальна іншага дыскурсу і характару парушаных правоў у дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў у краіне агулам. Разам з тым вялікая ўдача ў тым, што Беларускі ПЭН спланаваў, падрыхтаваў і арганізаваў маніторынг да гэтага часу, што прывяло да магчымасці задакументаваць становішча дзеячаў культуры і арганізацыі культуры ў перыяд грамадска-палітычнага і прававога крызісаў 2020 года.

Асноўныя вынікі маніторынгу

Такім чынам, колькасць зафіксаваных выпадкаў парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў у Беларусі ў 2020 годзе дасягнула ліку 593. Мы таксама разумеем, што ёсць выпадкі, якія не ахопленыя намі, бо яны не атрымалі агалоскі або не былі праінтэрпрэтаваныя як парушэнні.

Асноўнае нарастанне выпадкаў парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры зафіксавана пачынаючы са жніўня 2020 года. Калі ў першыя 7 месяцаў года колькасць зафіксаваных выпадкаў не перавышала 25 у месяц, то са жніўня колькасць вырасла ў некалькі разоў, а максімум быў зафіксаваны ў лістападзе: 143 выпадкі парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў у Беларусі.

Характэрна, што парушэнні правоў чалавека, якія з’яўляюцца прадметам дадзенага маніторынгу, можна размеркаваць на тры групы суб’ектаў, у адрас якіх яны адбываліся:

1. Прыватныя асобы: непасрэдна дзеячы культуры, літаратары, мастакі, музыкі, студэнты профільных устаноў або людзі іншых творчых прафесій, а таксама тыя грамадзяне, якія не адносяцца ні да адной з творчых груп, але пацярпелі ў адказ на створаны імі мастацкі акт (напрыклад, звальненне з МЗС супрацоўніка за публікацыю ў сацыяльнай сетцы сваіх вершаў, у якіх асуджаўся гвалт на вуліцах горада пасля выбараў у жніўні 2020 года; дадатковае пакаранне за здзейснены мастацкі пратэст у зале суда, якое атрымаў актывіст палітычнай партыі).

У маніторынгу за даследаваны перыяд зафіксавана 494 парушэнні ў адрас фізічных асоб творчых прафесій і 6 парушэнняў у адрас людзей, якія здзейснілі той ці іншы мастацкі акт.

2. Арганізацыі і супольнасці. У дадзеную групу ўвайшлі як арганізаваныя саюзы, супольнасці або юрыдычныя асобы (напрыклад, Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, Беларускі ПЭН-цэнтр, Нацыянальны акадэмічны тэатр ім. Янкі Купалы, Гродзенскі абласны драматычны тэатр і інш.; крамы «Вітаўт», «Цудоўная крама» і інш.; музычныя групы VAL, Shuma, Laudans і інш.; фестывалі «Лістапад», Watch Docs Belarus і «Студзеньскія вечары» і іншыя групы і арганізацыі), так і агулам супольнасці мастакоў, незалежных музыкаў, тэатральныя пляцоўкі і іншыя нефармальныя творчыя аб’яднанні.

Агулам 67 выпадкаў.

3. Культурная спадчына: факты дыскрэдытацыі і дыскрымінацыі беларускай мовы; прычыненне шкоды пабудовам, якія маюць статус гістарычнай спадчыны, а таксама дыфамацыі сімвалаў, якія маюць гістарычнае значэнне і набылі асаблівую актуальнасць у кантэксце поствыбарнай сітуацыі, якая паўстала ў краіне.

Агулам 26 выпадкаў.

Як бачна з дыяграмы ніжэй, 84% зафіксаваных парушэнняў правоў чалавека ў даследаванай вобласці закранула прыватных асоб, 11% — арганізацыі і супольнасці, 4% — культурную спадчыну. Аналізаваць размеркаванне выпадкаў па месяцах з гледзішча суб’ектаў парушаных правоў няма падстаў, бо гэта дастаткова стыхійныя падзеі і, зноў жа, не на 100% адпавядае поўнай карціне таго, што адбывалася.

Прааналізаваўшы ўсе выпадкі парушэнняў, можна адзначыць, што ў дачыненні да асобных суб’ектаў пры кожнай асобнай сітуацыі магло быць зафіксавана ад 1 да 8 парушэнняў.

Як бачна з прыведзенага вышэй графіка — найбольшая колькасць парушэнняў прыйшлася на працаўнікоў тэатра, музыкаў і літаратараў. Першыя прысутнічаюць у такой колькасці не толькі ў сувязі з прыватнымі гісторыямі, калі акцёры, актрысы ці іншыя супрацоўнікі тэатра маглі быць затрыманыя падчас мірных маршаў пратэсту альбо выпадковага знаходжання на вуліцы не ў той час і не ў тым месцы, але і ў сувязі з маштабнай хваляй салідарнасці, якая закранула цэлыя тэатральныя трупы, што выказаліся супраць гвалту ў краіне і падтрымалі рэпрэсаваных калег, як гэта адбылося з Купалаўскім, Гродзенскім, Магілёўскім, Новым драматычным тэатрамі, РТБД. Пасля акцыі салідарнасці былі звольненыя з Нацыянальнага тэатра оперы і балета пяць музыкаў. Музыкі — другая па ліку група пацярпелых у вынику парушэння правоў. Акрамя вышэйзгаданых класічных выканаўцаў, цэлая хваля рэпрэсій закранула барабаншчыкаў, якія сваім рытмам актыўна падтрымлівалі шматлікія вулічныя шэсці, і ўдзельнікаў музычных груп, якія давалі вулічныя канцэрты ў дваровых супольнасцях. Тут жа і некалькі выпадкаў парушэння аўтарскага права і іншых. Літаратары займаюць трэці радок. Сярод іх і тыя, хто быў затрыманы на маршах пратэсту; хто чытаў вершы на сустрэчах дваровых супольнасцяў; чый кантракт не быў падоўжаны на асноўным месцы працы або хто быў вымушаны звольніцца ў сувязі са сваёй грамадзянскай пазіцыяй; супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН з цэлым шэрагам непрадоўжаных кантрактаў і калегі, якія звольніліся ў знак салідарнасці. Тут жа пытанні, звязаныя з цэнзурай, — адмененыя прэзентацыі кнігі ў літаратара або гісторыка, адмова ў прадстаўленні памяшкання, замазванне слоў у вершы, які піша зняволены сваім родным, і іншыя выпадкі.

Структура парушэнняў

У агульным спісе парушаных правоў назбіралася 26 пазіцый, якія можна размеркаваць па трох групах: грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды; эканамічныя і сацыяльныя; культурныя.

Раней ужо было сказана, што калі маніторынг парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў у Беларусі планаваўся і пачынаўся, то рэальнасць была іншай і тыя парушэнні, з якімі сутыкаліся прадстаўнікі творчых прафесій і якія назіралі грамадзяне краіны ў кантэксце культурнай прасторы, тычыліся перадусім культурных правоў: наяўнасць «чорных спісаў» музыкаў і літаратараў; цэнзураванне прац фатографаў, мастакоў, працаўнікоў кінаіндустрыі і інш.; невырашальныя праблемы з гастрольнымі пасведчаннямі; размяшчэнне на дзяржаўных каналах фотаздымкаў і музычных твораў без указання аўтарства; пытанні забеспячэння канстытуцыйнага двухмоўя — усе гэтыя прыклады адносяцца да сферы культурных правоў. Калі можна казаць пра «чаканыя і прывычныя» віды парушэнняў у кантэксце сферы культуры ў Беларусі, то яны вось такія.

Але рэальнасць 2020 года сутнасна змяніла «звыклую» карціну і месца творчых выказванняў настолькі маштабна, што прывяла да такой сітуацыя, калі асноўная група парушаных правоў у кантэксце творчасці апынулася ў фокусе асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў.

Права на жыццё

Мы вымушаны канстатаваць, што ў фокусе дадзенага маніторынгу два выпадкі права на жыццё.

Канстанцін Шышмакоў, дырэктар ваенна-гістарычнага музея імя Баграціёна ў горадзе Ваўкавыску (Гродзенская вобласць), 29 гадоў. 9 жніўня, у дзень выбараў, ён адмовіўся падпісаць выніковы пратакол галасавання. 18 жніўня быў знойдзены мёртвым.

Раман Бандарэнка, мастак, 31 год. 11 лістапада вечарам яго жорстка затрымалі на знакамітай у Мінску «Плошчы Перамен» і адвезлі ў Цэнтральнае РУУС. Адтуль, моцна пабітага, з чэрапна-мазгавой траўмай, ноччу даставілі ў рэанімацыю Бальніцы хуткай дапамогі. Не прыходзячы ў свядомасць, Раман памёр 12 лістапада.

На момант завяршэння маніторынгу па абодвух выпадках родныя загінулых і грамадства настойваюць на адпаведным правядзенні следства.

Палітычныя зняволеныя

На момант 1 студзеня 2021 года 169 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Сярод іх 15 чалавек, якіх мы адносім да дзеячаў культуры для мэтаў дадзенага маніторынгу: пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павал Севярынец; адвакат і юрыст, паэт, аўтар-выканаўца песень Максім Знак; паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык; актывіст анархісцкага руху, аўтар турэмнай літаратуры Мікола Дзядок; музыкі Марыя Калеснікава і Аляксей Санчук; мецэнат Віктар Бабарыка; менеджары культуры Аляксандр Васілевіч, Эдуард Бабарыка і Дзяніс Чыкалёў; студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ксенія Сырамалот; студэнткі факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Яна Арабейка і Кася Будзько; студэнтка факультэта экспазіцыйнага дызайну Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік; былая студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Вікторыя Гранкоўская.

«Топ-5» парушэнняў

Як бачна з прыведзенага вышэй графіка, свабода выказвання меркавання (349 выпадкаў) займае асноўнае месца сярод зафіксаваных парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.

Далей: пераслед за іншадумства, адвольнае затрыманне, права на прававую дапамогу і права на справядлівы суд (ад 235 да 278 выпадкаў). Усё гэта віды парушэнняў, якія адносяцца да групы грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод.

На 7-й пазіцыі па частаце праяўлення — права на працу (137 выпадкаў), на 8-й пазіцыі — парушэнне з групы культурных правоў — свабода творчасці (103 выпадкі).

«Свабода выказвання меркавання» — права, якое было парушанае часцей за іншыя як у агульным аб’ёме сабраных выпадкаў, так і ў дачыненні да прыватных асоб. У межах 593 выпадкаў парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў у Беларусі парушэнне права на свабоду выказвання меркавання адбылося 349 разоў. Ва ўсіх тых сітуацыях, калі дзеячы культуры выходзілі на мірныя сходы — дазволены пікет у падтрымку каго-небудзь з кандыдатаў у прэзідэнты, удзел у мірным маршы пратэсту, ланцуг салідарнасці, дваровы канцэрт, акцыя памяці каля помніка загінуламу, — адно з паруша- ных правоў — права на свабоду выказвання меркавання. Таксама яно заўсёды было закранутым у тых гісторыях, калі педагогі навучальнай установы, тэатральная трупа або група студэнтаў запісвалі відэазварот, у якім асуджалі гвалт, які адбываўся на вуліцах горада, і патрабавалі новых сумленных выбараў, а пасля былі звольненыя, адлічаныя, узятыя пад варту або пацярпелі ад іншых форм пераследавання. Усё гэта таксама выпадкі парушэння права на свабоду выказвання меркавання (разам з іншымі парушанымі правамі).

«Пераслед за іншадумства» займае другі радок рэйтынгу парушэнняў. Ён заўсёды спалучаны з тымі выпадкамі, калі чалавека пераследуюць за яго пазіцыю, у дадзенай гісторыі — за тую, што апазіцыйная дзяржаўнай. Пераследуючы дзеячаў культуры за праяўленую імі пазіцыю, іх звальнялі (права на працу), адлічвалі з навучальных устаноў, канфіскавалі маёмасць, выклікалі на размову ў РУУС, заводзілі крымінальныя справы, пагражалі паставіць сям’ю на ўлік і забраць дзіця, стваралі сітуацыі, калі ўсё, што заставалася для выратавання, — вымушаны ад’езд з краіны з мэтай забеспячэння сваёй бяспекі, і да т.п. гісторыі.

«Адвольнае затрыманне» на трэцім радку па частаце парушэнняў — усе сітуацыі, калі прадстаўнікоў культурнай супольнасці затрымлівалі падчас мірных маршаў пратэсту, пасля дваровых канцэртаў і сустрэч, пасля таго як урываліся да іх у дамы ці кватэры і да т.п. — без апазнавальных знакаў, не прадстаўляючыся і не прад’яўляючы дакументы.

Парушаныя «правы на прававую дапамогу і справядлівы суд» займаюць чацвёрты і пяты радкі ў рэйтынгу і ідуць у маніторынгу поруч. Сітуацыя з правам у Беларусі 2020 года, калі людзей хапаюць, збіваюць, судзяць за тое, што яны былі не так апранутыя, не там ішлі, не так стаялі, вывесілі на балконы ручнікі «няправільных» колераў, звальняюць за вершы ў сацыяльных сетках і да т.п., налева і направа прысуджаюць суткі, штрафы і нават заводзяць крымінальныя справы; калі ў кожным судзе сведкі — прадстаўнікі сілавых структур, якім дазволена сядзець у балаклавах і называцца любым імем, а ў адваката (калі такі маецца) ёсць у лепшым выпадку 5 хвілін для размовы з кліентам і для азнаямлення з матэрыяламі справы.

Геаграфія парушэнняў

Асноўная колькасць парушэнняў прыходзіцца на горад Мінск, далей ідуць Гродзенская і Віцебская вобласці.

Арышты, штрафы, звальненні


Размеркаванне наяўных вынікаў па відах пакарання ў розных творчых групах (без уліку сітуацыі з палітзняволенымі і не маючы дадзеных пра тое, чым скончыліся яшчэ як мінімум 77 затрыманняў):

Згодна з дадзенымі па 2/3 выпадкаў затрыманняў, больш за ўсё сутак на ўсіх разам атрымалі музыкі, больш за ўсё штрафаў — літаратары.

Адносна тэатраў варта адзначыць практыку звальненняў, якая не мае аналагаў у сучаснай Беларусі. Больш за сто чалавек звольненыя (або вымушаныя падаць заявы пра звальненне) за перыяд жнівень–снежань 2020 года.

Больш дэтальны аналіз у сферы тэатраў падрыхтаваны Беларускім ПЭНам як асобны дакумент.

Гістарычная сімволіка

Ёсць вострая неабходнасць адзначыць і падкрэсліць той факт, што істотны пласт парушэнняў зафіксаваны са жніўня і доўжыцца дагэтуль у дачыненні да асоб, якія выкарыстоўваюць нацыянальную сімволіку. Гаворка ідзе пра бясконцую колькасць здымання / зразання / таптання / дыфамацыі і г.д. дзеянняў у дачыненні да гістарычнай сімволікі. У працэсе маніторынгу зафіксавана больш за два дзясяткі падобных выпадкаў, але ў сувязі з тым, што яны не перадаюць рэальны маштаб таго, што адбываецца, то ўключэнне асобных выпадкаў толькі сказіла б рэальную карціну.

У ходзе маніторынгу зафіксаваныя сведчанні «асаблівага [у плане жорсткасці] стаўлення» да беларускамоўных грамадзян пры затрыманні, транспартыроўцы і ўтрыманні пад вартай. Але гэтая тэндэнцыя, як і стаўленне да сімволікі, патрабуе асэнсавання і яшчэ падлягае катэгарызацыі.

Заключныя палажэнні

Беларуская незалежная культура навучылася існаваць у паралельнай рэальнасці за апошнія 10 гадоў, з большым ці меншым поспехам фінансуючы саму сябе. Справа ў тым, што, з аднаго боку, яна не апынаецца ў фокусе падтрымкі ўнутры краіны, бо дзяржава не падтрымлівае незалежных культурных дзеячаў і незалежныя арганізацыі, і адсутнасць такой падтрымкі прыводзіць да цэлага шэрага абмежаванняў і перашкод. Але таксама беларуская культура апынаецца не ў фокусе падтрымкі звонку, бо не знаходзіцца ў прыярытэце замежных інстытуцый, якія мяркуюць, што гэтым павінна займацца Міністэрства культуры Беларусі, а яе прасоўваннем за мяжой — інстытуты беларускай культуры, якіх тут проста няма. Многія дзеячы культуры знаходзяцца ў дастаткова неспрыяльных умовах, не маючы магчымасці рэалізаваць свае творчыя праекты, а інстытуцыі не могуць цалкам выконваць свае задачы.

Адначасова з сітуацыяй фінансавай не-падтрымкі, дзеячаў культуры на дадзены момант няма і ў фокусе праваабарончага руху Беларусі. Калі ў шэрагу краін праблематыка рэалізацыі і абароны правоў на свабоду самавыяўлення, доступу да культуры, захавання і падтрымкі ідэнтычнасці, нацыянальнай ці рэлігійнай культуры і інш. займае важнае месца як у грамадскім дыскурсе, так і ў юрыдычнай практыцы, то сітуацыя ў Беларусі іншая. Правы ў сферы культуры для Беларусі — пакуль дрэнна засвоеная і асэнсаваная вобласць, у тым ліку ў дзейнасці арганізацый у гэтай сферы.

Нягледзячы на тое што выпадкі парушэння правоў у сферы культуры — даволі рэгулярная практыка ў нашай краіне (сістэматычныя забароны ці стварэнні перашкод для правядзення канцэртаў беларускімі музычнымі групамі, прызнанне літаратурных твораў і інфармацыйных матэрыялаў «экстрэмісцкімі» і, як вынік, адбіранне накладаў, узгадненне спектакляў перад паказам і да т.п.), але часцей за ўсё яны не асацыююцца і не інтэрпрэтуюцца ў тэрмінах культурных правоў, а пераводзяцца ў плоскасць выключна пытанняў палітычнай ці грамадзянскай актыўнасці.

Іншы шырока распаўсюджаны і вядомы пласт парушэнняў правоў у сферы культуры звязаны з дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце, з доступам да адукацыі і культуры для беларускамоўных грамадзян краіны, але і гэтае пытанне часцей за ўсё разглядаецца ў палітычнай плоскасці, а не як выпадак парушэння правоў у сферы культуры.

Згаданыя вобласці — толькі найбольш яркія і сістэматычныя прыклады праяў парушэнняў правоў у дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў, але нават у гэтых выпадках мы не маем сістэматызаванай інфармацыі і аналізу правапрымяняльнай практыкі, якія дазволілі б рабіць абгрунтаваныя высновы і ўдасканальваць спосабы абароны. Бо сфера культурных правоў значна шырэйшая, і можна меркаваць, што праблем у ёй значна больш.

Для таго каб вызначыць, наколькі маштабныя гэтыя парушэнні і за кошт чаго яны робяцца магчымымі, неабходны механізм максімальна шырокага адсочвання выпадкаў парушэння правоў у вобласці культуры, аналіз і сістэматызацыя юрыдычных, працэдурных, змястоўных аспектаў гэтых парушэнняў. У сваю чаргу, на падставе дадзеных даследавання можна:

  1. дакладна ацаніць сітуацыю з захаваннем правоў у дачыненні да дзеячаў культуры і культурнымі правамі ў Беларусі;
  2. распрацоўваць канкрэтныя рэкамендацыі для тых, хто трапляе ў сітуацыю парушэння культурных правоў; для праваабарончых арганізацый і дзяржаўных інстытуцый, якія забяспечваюць прававое рэгуляванне ў сферы культуры.

Беларускі ПЭН — арганізацыя, якая працуе на стыку культуры і праваабароны. На працягу трох апошніх гадоў цэнтр актыўна спрабуе ўзмацніць праваабарончы кірунак сваёй дзейнасці. З мэтай больш актыўнага ўдзелу ўнутры краіны для абароны правоў і інтарэсаў мэтавых груп, ПЭН узяў на сябе задачу па маніторынгу рэалізацыі культурных правоў і ў сферы культуры. Гэта і рэсурс паўплываць у перспектыве на правапрымяняльную практыку і заканадаўства ў Беларусі ў дадзенай сферы, і магчымасць узаемадзеяння з партнёрамі для таго, каб культура зрабілася прыярытэтам у разнастайных нацыянальных і міжнародных праграмах.

Распачынаючы сістэмнае даследаванне парушэнняў у дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў у Беларусі, Беларускі ПЭН меркаваў, што першыя некалькі гадоў маніторынгу дадуць магчымасць спакойна паглядзець і зразумець, што ж складае асноўныя праблемы ў рэалізацыі культурных правоў. Але спецыфічная палітычная сітуацыя 2020 года прывяла да таго, што асноўная частка маніторынгу — праз год даследавання — адлюстроўвае парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў чалавека.

  1. Аналіз усіх зафіксаваных [593] кейсаў паказаў, што 80% парушэнняў закранаюць грамадзянскія і палітычныя правы, у той час як непасрэдна культурныя правы парушаныя ў межах 10%.
  2. Па стане на 01.01.2021 169 чалавек прызнаныя ў Беларусі палітычнымі зняволенымі. 15 з іх з’яўляюцца прадстаўнікамі і прадстаўніцамі дзеячаў культуры і на сённяшні дзень утрымліваюцца ў зняволенні.
  3. На дадзены момант зразумела, што мы маем справу з іншымі тыпам рэальнасці, гэта трэба ўсведамляць і на гэта неабходна рэагаваць.
  4. Калі першапачаткова запуск фіксацыі выпадкаў парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў у Беларусі падразумяваў, што суб’ектам наступнай камунікацыі павінна было выступаць Міністэрства культуры Беларусі, каб мець магчымасць уздзейнічаць на дзяржаўную палітыку ў сферы культуры, змену заканадаўства пра культуру і змену абмежавальнай правапрымяняльнай практыкі, то на дадзены момант — у сітуацыі зацягнутага грамадска-палітычнага і прававога крызісаў, масавых рэпрэсій і адсутнасці элементарных магчымасцяў для ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі кіравання — нам неабходныя максімальныя намаганні па абароне і аднаўленні парушаных правоў, абароне пацярпелых, а таксама распрацоўка сярэднетэрміновых і доўгатэрміновых стратэгій.
  5. Дадатковую актуальнасць набываюць паляпшэнне кааперацыі паміж незалежнымі арганізацыямі ў сферы культуры, узаемная падтрымка і абмен інфармацыяй.
  6. Аналіз парушэнняў ва ўразлівых абласцях культурных правоў, праблем і лакун у заканадаўстве не можа быць выкананы ў цяперашні час з-за «скажонай рэальнасці» 2020 года і ў сувязі з тым, што большасць незалежных арганізацый культуры і дзеячаў культуры пражываюць сённяшні крызісны перыяд і з’яўляюцца яго актарамі.
  7. Пакладзены пачатак фіксацыі фактаў, якія пацвярджаюць ушчэмленае становішча незалежных дзеячаў культуры, недзяржаўных культурных арганізацый, пагрозы творчай самарэалізацыі ў дзяржаўным сектары культуры ў Беларусі, а таксама сталую дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце (беларуская мова).

Спампаваць pdf-версію справаздачы на беларускай мове

Спампаваць pdf-версію справаздачы на рускай мове