Пошук

“Пакіньце мне права застацца сабой” – выпуск 15: падзеі беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу


“Краты – гэта толькі падрыхтоўка да жыцця, дзе не існуе крат”, – паўтараем мы словы Андрэя Хадановіча, пра сябе і ўголас, як мантру, таму што рэпрэсіі працягваюцца. І нашая барацьба – таксама. 

Як дапамагчы беларускай культурнай супольнасці?

ПАДТРЫМАЙЦЕ Беларускі фонд культурнай салідарнасці Donate (paypal.com) і кампанію “Save Our Songs”.


Затрыманні, прысуды, пераслед

Алена Літвінава, фота Радыё Свабода

 

Алену Літвінаву, настаўніцу з Гомеля, 11 студзеня пакаралі адміністратыўным арыштам на трое сутак за карагод вакол ялінкі ў лесе.

Да суда яна правяла ў ізалятары часовага ўтрымання пяць сутак замест дазволеных па законе 72 гадзін.

 

Чацвёра жыхароў Салігорска атрымалі суткі і штрафы за тое, што 13 лістапада сабраліся каля помніка «Жалобны звон», каб ушанаваць памяць загінулага ў Мінску Рамана Бандарэнкі. 

Андрэй Аляксандраў, фота БАЖа

 

Андрэй Аляксандраў, журналіст, медыяменеджар і паэт, затрыманы 12 студзеня і абвінавачваецца ў фінансаванні пратэстаў.

Андрэй прызнаў, што дапамагаў з аплатай штрафаў абвінавачаным па адміністратыўных справах. 

 

Адэль Рудніцкая (Жукава), спявачка, затрыманая 14 студзеня падчас шпацыру з бел-чырвона-белым парасонам. 15 студзеня ёй прысудзілі 8 сутак адміністратыўнага арышту.

Анатоля Лазара, культавага дызайнера, вядомага як Wiecier Mechaniczny, аўтара дызайну прэмій Міхала Анемпадыстава і Наталлі Арсенневай Беларускага ПЭН-цэнтра, раніцай 13 студзеня забралі ў фінансавую міліцыю разам з кампутарам. Адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні. 

Генадзя Вінярскага, выдаўца “Кнігазбора”, 13 студзеня супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі вазілі ў міліцыю, дзе правяралі на сплату падаткаў. Генадзя адпусцілі ў той жа дзень пад падпіску аб неразгалошванні, але кампутар і тэлефон не вярнулі.

Алеся Яўдаху, кнігараспаўсюдніка, і Андрэя Янушквіча, выдаўца, 15 студзеня забралі на допыт у ДФР разам з тэлефонамі і тэхнікай. Абодвух адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні, тэхніку ім не вярнулі.

Вольга Калацкая, фота Minsk repetitors info

Вольга Калацкая, вядомая перакладчыца, 15 студзеня была затрыманая. 18 студзеня ёй прад’явілі абвінавачанне па ч.1 арт.339 Крымінальнага кодэкса “Хуліганства”.

 

ПЭН Амерыка патрабуе неадкладнага вызвалення Вольгі Калацкай, да патрабавання далучылася пісьменніца Маргарэт Этвуд, якую, сярод іншага, перакладала на беларускую Вольга. 

 

Зміцер Дашкевіч, грамадскі і палітычны актывіст, былы палітвязень, аўтар кнігі турэмнай прозы “Чарвяк” (узнагароджаная прэміяй Францішка Аляхновіча 2014 года) быў затрыманы на месцы Курапацкай варты 15 студзеня, а 18 студзеня яму прысудзілі 15 сутак адміністратыўнага арышту.


Ціск, звальненні, забароны

Міліцыянта з Мядзела Аляксандра Кучынскага звольнілі за верш, які ён апублікаваў у канцы жніўня ў сваім пабліку на шэсць чалавек. У вершы былі такія радкі: “Нет правды в ударах дубин, не выстоят люди в мундирах”.  


Рэпрэсіі за сімволіку

1 сакавіка ўступаюць у сілу новыя Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія прадугледжваюць у тым ліку штрафы за “сцяг на балконе” (20 базавых велічынь – да 580 беларускіх рублёў для фізычных асобаў і да 1740 – для юрыдычных асобаў).

Жыхарам Мінска за бел-чырвона-белыя сняжынкі ў вакне невядомыя ў масках ноччу разбілі вокны гайкамі. Міліцыя адмовілася заводзіць справу і шукаць вінаватых. 

За герб “Пагоня” на калодзежы на ўласным хутары  Валерый Астрынскі, інвестар і бізнэс-анёл, атрымаў штраф 20 базавых велічынь. За жалюзі ў колерах “бчб” у Мінскім раёне судзілі бацьку семярых дзяцей Сяргея Мельянца


Творчы супраціў 

Кароткаметражны мастацкі фільм «Менск 2020» з’явіўся як водгук на падзеі на Плошчы Перамен 15.11.2020 і прысвячаецца памяці Рамана Бандарэнкі. 

Выйшла кніга пра злачынствы ў Беларусі Purple fingers Of the last dictatorship of Europe” (“Ссінелыя пальцы апошняй дыктатуры Еўропы”) з апісаннем катаванняў людзей беларускім рэжымам. Кніга напісаная па-англійску беларускай эмігранткай. 

«Словы мацней» — новы відэапраект ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. У ім сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ціску за культурніцкія акцыі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, чытаюць творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы. 

У першым роліку музыка Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава, а ў другім – кіраўніца хора «Concordia» Галіна Казіміроўская прачытала твор Міхася Чарота

Анлайн-фестываль “Музыка Побач-3: Шчодры вечар” адбыўся 14 студзеня. 

Фінальны выпуск інтэрактыўнага ютуб-шоу «Годны двор» адбыўся 15 студзеня.

Ціхан Клюкач, 18-гадовы палітзняволены, дасылае малюнкі з турмы

Малюнак Ціхана

“Радыё Свабода” працягвае збіраць песні, прысвечаныя пратэстам і сітуацыі ў Беларусі. Паслухаць новыя трэкі можна па спасылцы.

Выйшаў дакумэнтальны фільм «Сёстры пратэсту» пра маладых жанчын, якія прайшлі праз арышты. 

 

Мастакі ствараюць новыя малюнкі пратэсту: Стась Сугінтас, blonden artЛіза ЛянкевічЛіля Квацабая.


Галасы асобаў

Анжаліка Крашэўская, фота artcorporation.by

Анжаліка Крашэўская, дырэктарка міжнароднага форуму “ТэАрт” і Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў Art Corporation, сябра Каардынацыйнай рады, пра закрыццё прасторы ОК16

“Культура можа выжываць толькі ў свабодных умовах. Калі творчасць заганяць у рамкі – пра мастацтва тут складана казаць, бо яно не будзе мець дачынення да сапраўднай матывацыі аўтара і да сапраўднага творчага праекта. Гэта ўсё – наменклатурныя рэчы”. 

 

Уладзімір Ушакоў, кіраўнік Сучаснага мастацкага тэатра, аб прыпыненні працы тэатра.

“Я стварыў дом у сваёй краіне, дзе зручна і артыстам, і рэжысёрам, дзе яны маглі выказваць свае думкі і меркаванні, дзе была свабода творчасці. Вядома, мне шкада, што мы рызыкуем спыніцца, але сцены абрушацца, а тэатр застанецца. Мы ў любым выпадку жывімся надзеяй, што будучыня будзе светлай. Калі закрыецца наш тэатр, адкрыецца нешта новае, тое, што, можа быць, павінна нарадзіцца. Напэўна, каб у сённяшнім свеце адбыліся змены, трэба ісці на ахвяры і быць гатовым да выпрабаванняў. Любая вайна павінна скончыцца, любы дракон павінен быць адолены”.

Паліна Ляднёва, фота Новы час

Паліна Ляднёва, 18-гадовая мастачка, якая актыўна ўдзельнічае ў пратэставым руху са жніўня, была некалькі разоў затрыманая, адседзела 10 сутак і прайшла праз допыт у КДБ. 

“З аднаго боку, хочацца, каб тут усё хутчэй скончылася. З іншага боку, ёсць людзі, якія змагаюцца з гэтым 26 гадоў, і я іх вельмі моцна паважаю. Таму трэба далей працягваць рабіць усё, што ў маіх сілах. Мне здаецца, што ў нас будзе вельмі добрая, яркая і светлая вясна”.

 

Ян Грыб, паэт і грамадскі актывіст, якога шмат разоў затрымлівалі і штрафавалі на буйныя сумы, нягледзячы на ўзрост 84 гады, расказвае :

“У іх вочы проста страшна глядзець – там абсалютная пустата… У іх на ўсё адзін адказ: “У нас загад”. Я ім стараюся ўталкаваць, што ў Нюрнбергу такі адказ нікога са злачынцаў не выратаваў. Так і іх не выратуе”.


Міжнародная салідарнасць 

У арт-рэзідэнцыі DЕАС у Чарнагорыі адкрылася выстава фотаздымкаў Андрэя Лянкевіча і гукавой інсталяцыі Яўгена Рагозіна.

Нарвежскі саюз пісьменнікаў салідарны з Беларуссю

Стэфан Эрыксан, фота Pen Opp

 

Часопіс PEN/Opp Шведскага ПЭНа працягвае публікацыі ў нумары, прысвечанаму Беларусі.

Стэфан Эрыксан, былы шведскі амбасадар у Беларусі, расказвае пра Беларусь – гісторыю, культуру і палітыку

 

 

Спампаваць pdf-версію пятнаццатага выпуску маніторынга культурнага супраціву

Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.