Пошук

Імпрэзы, прысвечаныя 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча


На гэтым тыдні беларусы рыхтуюцца да святкавання 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Вандроўны Фэст Уладзіміра Караткевіча сабраў для вас навіны, датычныя святкавання гэтай светлай падзеі ў нашы цёмныя часы.

26 лістапада, 18:00 адбудзецца анлайн-імпрэза “Вандроўны тост” да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Гэта віртуальнае застолле, удзел у якім возьмуць Уладзімер Арлоў, Валянціна Аксак, Наста Кудасава, Андрэй Хадановіч, Валярына Кустава, Кася Камоцкая, Віктар Корзун, Міхайла Слабашпіцкі, Святлана Караненка, Вячаслаў Лявіцкі, Генадзь Канеўскі, Андрэй Чарняўскі, Паліна Качаткова і іншыя.

Удзельнікі імпрэзы прачытаюць урыўкі з твораў Уладзіміра Караткевіча, раскажуць свае гісторыі, звязаныя з легендарным пісьменнікам і распавядуць пра фільмы, спектаклі, праекты, створаныя ў гонар ці па творах Караткевіча. Адбудуцца ўключэнні з Оршы, Рагачова, Менска, Кіева, Масквы.

Эфір будзе транслявацца у сацсетках Беларускага ПЭНа і на Youtube.


На вялікі жаль, адмененая юбілейная вечарына Саюза беларускіх пісьменнікаў, запланаваная на гэты тыдзень у канферэнц-залі рэстарана “Сёмае неба”. Святкаванне адбудзецца ў анлайн-фармаце 26 лістапада:

“Да 90-годдзя Уладзіміра Сымонавіча мы апублікуем ягоныя невядомыя аўтографы і малюнкі, а таксама падрыхтуем некалькі вельмі цікавых матэрыялаў на нашым сайце”, – паведамляе арганізацыя.


26 лістапада, вечар – свята суседзяў “Караткевіч з намі”.
Квартал Літаратараў (Мінск) адзначыць юбілей свайго суседа Уладзіміра Караткевіча ў раёне, дзе ён жыў у 1960-я на вуліцы Чарнышэўскага. Спецыяльная госця вечара Кася Камоцкая праспявае песні на словы класіка.

19:00 – збор суседзяў
19:30 – пачатак канцэрта Касі Камоцкай
20:30 – прагляд дакументальнага фільма “Як сканаю, душа застанецца… ” (2010 год, рэжысёр Віктар Корзун)

Суседзі прачытаюць любімыя творы Караткевіча ў рэжыме адкрытага мікрафону. Уваход вольны для вольных духам людзей.
Адрас, па якім адбудзецца канцэрт, шукайце ў тэлеграм-чатах сваіх раёнаў.


26 і 27 лістапада, 19:00 ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі пакажуць спектакль “Наш Караткевіч”.

“Наш Караткевіч” – гэта тэатральная імпрэза пра незвычайнага чалавека, яго жыццё, поўнае жарсцяў, неверагодных прыгодаў і яркіх адкрыццяў. Па лабірынтах творчасці, кахання, спакусаў, нечаканых таямніц, звязаных з асобай Караткевіча, гледача правядуць вядучы імпрэзы Васіль Дранько-Майсюк, артысты РТБД, а таксама ансамбль “Музычная арка”.

Аўтары: Васіль Дранько-Майсюк, Валярына Кустава
Мастак: Юрый Саламонаў
У спектаклі граюць: Таццяна Мархель, Валянцін Салаўёў, Людміла Сідаркевіч, Галіна Чарнабаева, Ганна Анісенка, Анастасія Баброва, Алена Баярава, Максім Брагінец, Вераніка Буслаева, Дзмітры Давідовіч, Марына Здаранкова, Арцём Курэнь, Ганна Семяняка, Наталля Халадовіч, Надзея Цвяткова, Ілля Ясінскі.


26 лістапада – дзень Уладзіміра Караткевіча на канале “Беларусь-3”.
Глядзіце самі:

08:30 “Дзікае паляванне караля Стаха”. (12+)
21:40 “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. (12+)
14:55 “Сівая легенда Уладзіміра Караткевіча”.
10:40 “Люблю і памятаю”. Аўтарская праграма Уладзіміра Арлова.
12:55 “Апошні дзень”. Леў Дураў (12+).
13:30 “Хрыстос прязямліўся ў Гародні”. Мастацкі фільм (12+).
14:55 “Сівая легенда Уладзіміра Караткевіча”. Дакументальны фільм.
15:25 “Чорны замак Альшанскі”. Мастацкі фільм (12+) [СТ].
17:40 “Запіскі на палях”.
18:05″Дзікае паляванне караля Стаха”. Мастацкі фільм (12+) [СТ].
21:05 “Апошні дзень”. Леў Дураў (12+).
21:40 “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Мастацкі фільм (12+).
23:15 “Люблю і памятаю”. Аўтарская праграма Уладзіміра Арлова.


26 лістапада, 21:00. Анлайн-канцэрт Змітра Вайцюшкевіча да юбілею Уладзіміра Караткевіча (кошт квітка абіраеце вы самі)

“Традыцыйна ў гэты дзень зайграю вялікі канцэрт з песнямі на вершы паэта. “Дзе мой край” і “Заяц варыць піва”, “Мора гранітныя хвалі” і “Сніў я сон” – гэтыя і шматлікія іншыя вершы юбіляра, увасобленыя мною ў музыцы, прагучаць падчас дзвюхгадзіннай праграмы, – піша Зміцер Вайцюшкевіч, – Ва ўмовах складзеных сітуацый канцэрт пройдзе ў анлайн-фармаце, але гэта не зашкодзіць нашай атмасферы і нават дадасць утульнасці дзякуючы размовам ды адказам на пытанні”.

Гэтай імпрэзай распачнецца цыкл экслюзіўных анлайн-канцэртаў беларускіх музыкаў, уваход на якія будзе ажыццяўляцца па квітках. Прычым кошт квітка вызначае сам глядач – ад сімвалічных 9 рублёў і болей. Гэта дасць магчымасць зрабіць анлайны якасней, пазбегнуць рызыкаў арганізатарам і музыкам, даць новы подых галіне. Частку сродкаў з продажу квіткоў артысты адрасна накіруюць у дапамогу пацярпелым дзеячам культуры. Інфалінія: +375 33 6611432.
Набыць квіток можна тут.


Таксама Вандроўны Фэст Уладзіміра Караткевіча падрыхтаваў для вас публікацыі ў новым раздзеле “Бібліятэчка”.

“Светачу чалавецтва ад сяброў-падсвечнікаў”: успаміны Вячаслава Рагойшы пра Уладзіміра Караткевіча. У юбілейны год у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла друкам кніга “Дзесяць сагаў” – успаміны Вячаслава Рагойшы пра ягонага блізкага сябра. З дазволу аўтара публікуецца ўрывак з кнігі.

“Кухарам для натхнення: любімыя стравы Уладзіміра Караткевіча”. Праваднік па гастранамічных упадабаннях Караткевіча, заснаваны на успамінах яго сяброў, дзённіках і мастацкіх творах самога пісьменніка, падрыхтавала Паліна Качаткова.


Кастусь Каліноўскі ці Алесь Загорскі? Гервасій Выліваха альбо Надзея Яноўская? Даведайцеся, хто вы з герояў Уладзіміра Караткевіча! Адукацыйны партал wir.by падрыхтаваў забаўляльны тэст па матывах твораў класіка – “адмыслова да юбілею нашага любімага пісьменніка, «заўжды маладога літаратара», які абудзіў нацыянальную самасвядомасць, навучыў піць каву з перцам і натхніў насіць сваё неба з сабой”. Прайсці тэст можна тут.