Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае міжнародную супольнасць да падтрымкі ў сувязі з працяглым крызісам у краіне


Фота: Belsat
Беларускі ПЭН-цэнтр звяртаецца з заклікам да міжнароднай супольнасці ў сувязі з няспынным ціскам беларускіх уладаў на прадэмакратычны рух.

Падчас палітычнага крызісу беларускія дзеячы культуры зазналі беспрэцэдэнтны ціск за тое, што яны адкрыта выказваюць свае погляды, выступаючы супраць рэпрэсій, гвалту і фальсіфікацый выбараў. Той факт, што большасць культурных устаноў у Беларусі знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, робіць культурную сферу асабліва ўразлівай для рэпрэсій.

Яскравым прыкладам з’яўляецца звальненне чальцоў знакамітага Нацыянальнага тэатра Янкі Купалы, якому сёлета споўнілася 100 гадоў, пасля таго, як яны адкрыта выступілі супраць катаванняў  і гвалту з боку беларускіх сілавікоў. Іншы прыклад — пагроза скасаваць кантракты супрацоўнікаў Белдзяржфілармоніі праз тое, што яны ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, проста шпацыруючы па вуліцах Мінска і падпяваючы пратэстоўцам. Яшчэ адзін прыклад — мастацтвазнаўца Мікіта Моніч, якога звольнілі з Нацыянальнага мастацкага музея пасля таго, як ён апублікаваў свой верш, у якім звяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі і крытыкаваў яго. Гэта толькі некалькі прыкладаў шматлікіх выпадкаў ціску на літаратараў, музыкаў і іншых дзеячаў культуры. Беларускі ПЭН-цэнтр вядзе маніторынг такіх парушэнняў правоў у галіне культуры.

Рэпрэсіям падвергліся таксама сябры і лаўрэаты прэмій Беларускага ПЭН-цэнтра:

  • 9 кастрычніка Вольга Шпарага, філосафка і сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, была затрыманая і атрымала 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Пасля вызвалення Вольга атрымала паведамленне аб тым, што яе пакаралі яшчэ 12 соднямі арышту. У выніку яна была вымушаная пакінуць краіну.
  • 21 кастрычніка знік яшчэ адзін сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, паэт Дзмітрый Строцаў. На наступны дзень Дзмітры знайшоўся ў следчым ізалятары на Акрэсціна і ў выніку суда атрымаў 13 содняў адміністрацыйнага арышту. Падчас выкрадання яму накінулі мяшок на галаву і надзелі кайданкі, пасля чаго даставілі ў КДБ.
  • У Гродне былі затрыманыя і аштрафаваныя два лаўрэаты прэміі Францішка Багушэвіча, гісторыкі Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч, у Мінску ўжо другі раз затрыманая лаўрэатка прэміі Алеся Адамовіча – журналістка Наста Захарэвіч.

Гэта толькі некаторыя з апошніх прыкладаў рэпрэсій у дачыненні да пісьменнікаў і дзеячаў культуры.

Інтэлектуалы і грамадскія лідары, сярод якіх ёсць заснавальнікі Беларускага ПЭН-цэнтра, пастаянна выходзяць на мірныя акцыі пратэсту і салідарнасці ў крытычна важныя моманты, абараняючы свае асноўныя правы і свабоды.

Сёння дзеячы культуры сталі адной з ключавых сіл у мірным супраціве: літаратары, акторы, музыкі і мастакі выкарыстоўваюць творчасць як адну з формаў пратэсту: ладзяць паказы, канцэрты, чытанні і іншыя культурныя акцыі ў падтрымку пратэстоўцаў. Іх рэгулярна затрымліваюць, штрафуюць, садзяць на суткі, хаця іх мірныя дзеянні заклікаюць толькі да справядлівых выбараў, свабоды выказвання меркаванняў і спынення гвалту.

Акрамя ўсяго іншага, прафесійныя саюзы ў сферы культуры не абараняюць мастакоў і дзеячаў культуры ад ціску і запалохвання з боку ўрада. У афіцыйна прызнаных прафсаюзах часта пераважаюць праўрадавыя прадстаўнікі, а незалежныя прафсаюзы пазбаўленыя магчымасці атрымаць прававы статус. Гэта прыводзіць да абмежаваных магчымасцяў для абароны, падтрымкі і калектыўных дзеянняў.

Улічваючы беспрэцэдэнтныя выпадкі масавага гвалту і парушэнняў правоў чалавека, Беларускі ПЭН-цэнтр і грамадзянская супольнасць Беларусі працягваюць патрабаваць ад беларускіх уладаў:

  • Спыніць гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў.
  • Вызваліць усіх палітычных зняволеных.
  • Правесці новыя свабодныя выбары.

Таксама Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае:

  • Спыніць запалохванне, пераслед, ціск і прымяненне сілы ў дачыненні да дзеячаў культуры, якія выкарыстоўваюць сваю творчасць для мірнага выказвання меркаванняў, адрозных ад афіцыйнай пазіцыі дзяржавы.
  • Спыніць палітычна матываваныя звальненні дзеячаў культуры з дзяржаўных устаноў культуры.
  • Спыніць дыскрымінацыйнае абмежаванне доступу да публічных платформаў для дзеячаў культуры, якія маюць іншыя палітычныя перакананні.
  • Дазволіць стварэнне незалежных прафсаюзаў, якія прадстаўляюць работнікаў культуры і мастацтва.
  • Абараняць і прасоўваць свабоду творчасці і спрыяць рэалізацыі культурных правоў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека і механізмамі абароны, улічваючы рэкамендацыі Спецыяльнага дакладчыка ААН па культурных правах.

Мы таксама заклікаем міжнародную культурную супольнасць:

  • Прызнаць дзеячаў культуры асобнай уразлівай групай, якая нават у “мірны час” функцыянуе ў неспрыяльных умовах і знаходзіцца “на перадавой” падчас грамадзянска-палітычнага крызісу;
  • Паспрыяць псіхалагічнай, юрыдычнай і матэрыяльна-тэхнічнай падтрымцы іх дзейнасці і падтрымцы творчых ініцыятыў;
  • Падтрымліваць ініцыятывы, якія абараняюць правы чалавека ў сферы культуры, калектыўныя правы і інтарэсы работнікаў культуры як прафесійнай групы.