Беларускі ПЭН далучыўся да міжнароднай кампаніі PENWrites


Англійскі ПЭН запусціў кампанію PENWrites па напісанні лістоў палітычным зняволеным.

27 кастрычніка сябры ПЭНаў расказвалі і слухалі пра вязняў сумлення Амануэля Асрата, паэта, крытыка і выдаўца з Эрытрэі, і Нэдзіма Цюрфэнта, курдскага журналіста. Да анлайн сустрэчы таксама далучылася паэтка, перакладчыца і сакратарка Беларускага ПЭНа Ганна Комар, якая распавяла пра сітуацыю ў Беларусі, пра зняволеных дзеячаў і дзяячак культуры і каштоўнасць падтрымкі.

Мы б хацелі падзяліцца некаторымі водгукамі ўдзельнікаў і ўдзельніц сустрэчы:

Я пішу, каб падтрымаць многіх грамадзян і грамадзянак Беларусі, якія змагаюцца за адкрытае грамадства. Доступ да разнастайнасці меркаванняў і ідэй мусіць быць фундаментальным правам для ўсіх нас.

Жадаю вам моцы, смеласці і надзеі ў гэты вырашальны для будучыні вашай краіны момант. Працягвайце барацьбу за свабоду слова. (Мэры)

Беларускаму ПЭНу – маленькі жэст салідарнасці. Вашая барацьба за тое, каб зрабіць грамадства адкрытым, натхняе. У гэтыя складаныя часы, дзе б мы ні знаходзіліся, мы павінны сачыць за тым, што адбываецца ў вас.

Дасылаю вам моцы і салідарнасці. Калі ласка, памятайце: мы думаем пра вас.

Па ўсім свеце вашыя сябры стаяць плячо ў плячо з вамі.

Дзякуй вам, Беларускі ПЭН-цэнтр, за вашую важную працу. Я спадзяюся, хутка вы зможаце свабодна выказваць сваё меркаванне, мірна і не баючыся рэпрэсій. Я жадаю вам усім смеласці і моцы. (Хелен)

Вашая адданая барацьба за свабоду натхняе. Вы – святло для многіх з нас, неабыякавых да голасу забытых і занядбаных. Моцы вам.