Заява Шведскага ПЭНа ў падтрымку паэта Дзмітрыя Строцава


Фота: Раман Якімаў

22 кастрычніка 2020

Учора ў Мінску ўдзень знік беларускі паэт і сябра Беларускага ПЭН-цэнтра Дзмітры Строцаў. У 11 гадзін ён сышоў з дому і накіраваўся ў суседні дом у сваю працоўную майстэрню. З таго часу ён быў недасяжны. Сёння зранку яго імя знайшлі ў спісах затрыманых у ІЧУ на Акрэсціна ў Мінску. Строцаў рэгулярна прымаў удзел у мірных пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні і няспынна рабіў свой унёсак, публікуючы штодзень свае вершы ў фэйсбуку. Яго абвінавацілі згодна з артыкулам аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сёння ў судзе яму прысудзілі 13 сутак зняволення за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі.

Шведскі ПЭН-цэнтр патрабуе неадкладнага вызвалення Дзмітрыя Строцава.

Пэр Бэргстрэм піша ў газете “Сюдсвэнскан” пра затрыманне Строцава:

У сераду днём побач са сваім домам у Менску знік беларускі паэт Дзмітры Строцаў. у 11 гадзін ён развітаўся са сваёй жонкай і з таго часу яго тэлефон стаў недасяжны. Праз суткі пасля суцэльнага няведання сям’і удалося атрымаць звесткі, што імя Дзмітрыя Строцава знойдзена ў спісах затрыманых у ІЧУ на Акрэсціна, дзе зняволеных перыядычна збіваюць і калечаць у сувязі з пратэстамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Ужо сёння Строцава асудзілі за ўдзел ў несанкцыянаванай дэманстрацыі.

Строцаў, у якога ў Швецыі выйшаў зборнік “Маўчанне Адама” і які неаднаразова выступаў у Мальмё і Стакгольме, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч назвала адным з самых вядомых паэтаў у сучаснай Беларусі. Яго паэзія гэта асобны сусвет, дзе перамяшаліся палітычныя тэмы, пытанні злоўжывання ўладай, рэлігійнасці і чысціні. Гэтыя матывы паўтараюцца ў вершах, якія Строцаў публікаваў пасля таго, як пачаліся пратэсты. Штодзень ён пісаў новы верш, які адлюстроўваў сітуацыю навокал, нябачны гвалт побач з моцных рухам за перамены. Праз сацыяльныя сеткі вершы вельмі хутка распаўсюджваліся, не толькі па ўсёй Беларусі, але і за яе межамі, і былі перакладзеныя больш як на 10 моваў свету. 19 жніўня ён сярод іншага напісаў верш пра Акрэсціна. Цяпер ён сам трапіў туды ў змаганні з аўтарытарным рэжымам і гвалтам, якім запужваюць людзей да маўчання. Строцаў быў адным з тых, хто прыехаў да кватэры Святланы Алексіевіч, каб збудаваць сцяну з людзей, калі стала вядома пра пагрозы з боку сілавікоў. На мінулым тыдні ў адным з інтэрвію Строцаў сказаў, што пратэсты ўжо нельга спыніць, бо прэзідэнт адвярнуўся ад цэлага народу, цэлай нацыі. Я памятаю як быў у гасцях у Строцава і як за кубкам гарбаты мы размаўлялі пра яго паэзію. У яго атрымалася вельмі добра перадаць гістарычны і сучасны хаос, захоўваючы ўнутраны спакой. Цяпер рэжым пераследуе Строцава за жаданне перамен і за тое, што ён змяняе свет вакол сябе. Таму Дзмітры Строцаў і ўсе палітычныя зняволеныя ў Беларусі мусяць быць неадкладна вызваленыя.

Чытаць заяву на сайце Шведскага ПЭН-цэнтра.

За пераклад заявы дзякуем Надзеі Кандрусевіч.