Заява Рады РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” і Сакратарыята ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”


Кожны тыдзень да нас прыходзяць трывожныя звесткі пра затрыманні і арышты нашых сяброў-літаратараў, журналістаў і дзеячаў культуры. За кратамі застаюцца Павел Севярынец і Дзмітры Строцаў.

Вольга Шпарага, якая 24 кастрычніка выйшла на волю пасля 15-суткавага арышту, была вымушаная выехаць за мяжу, калі атрымала паведамленне аб прысудзе да чарговага тэрміну адміністратыўнага арышту. 

25 кастрычніка ў Мінску быў затрыманы Зміцер Дашкевіч літаратар, былы палітвязень, адзін з арганізатараў “Ночы расстраляных паэтаў”, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-Цэнтра і Беларускай службы Радыё Свабода (UPD: яму прысудзілі 15 сутак арышту). У гэты ж дзень у Горадні быў арыштаваны доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч – выбітны даследчык гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтра (UPD: ён прабыў у ізалятары 72 гадзіны, яму прысудзілі штраф у 10 базавых – 270 рублёў).

Таксама 25 кастрычніка ў Мінску затрымалі дзеячаў культуры, якія актыўна супрацоўнічаюць з Беларускім ПЭН-Цэнтрам: музыку гурта luty sakavik і аркестра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Эрыка Арлова-Шымкуса (UPD: яму прысудзілі 12 сутак арышту), аператарку і рэжысёрку Аляксандру Бабкову, якая была арыштаваная разам са сваёй маці, былой рэжысёркай беларускага тэлебачання Наталляй Бібікавай.

Падобныя дзеянні ўладных сілавых структураў маюць неабгрунтаваны рэпрэсіўны характар, накіраваны на задушэнне права грамадзянаў на свабоду выказванняў, свабоду слова, а таксама права на мірныя сходы і дэманстрацыі, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Творчыя арганізацыі неаднаразова заклікалі спыніць гвалт, але рэпрэсіі супраць дзеячоў культуры працягваюцца і ўзмацняюцца. 

Рада РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” і Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у чарговы раз настойліва патрабуюць:

– спыніць гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў;

– неадкладна вызваліць усіх затрыманых падчас выбарчай і паслявыбарчай кампаніі 2020 года;

– абраць новы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь у сувязі з катэгарычным недаверам да цяперашняй ЦВК;

– правесці паўторныя празрыстыя дэмакратычныя выбары, забяспечыўшы фарміраванне выбарчых камісій з абавязковым удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных міжнародных і беларускіх назіральнікаў.

Жыве агульнанацыянальны страйк!

Жыве Беларусь!

26 кастрычніка 2020 года

 

Рада РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”

Святлана Алексіевіч

Таццяна Нядбай

Андрэй Хадановіч

Марыя Мартысевіч 

Уладзімір Арлоў

Сяргей Дубавец

Лявон Баршчэўскі

Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Барыс Пятровіч

Алесь Пашкевіч

Усевалад Сцебурака