Сталі вядомыя пераможцы Прэміі Цёткі


Пераможцы Прэміі Цёткі былі абвешчаныя 16 кастрычніка падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”.

Сёлета ў намінацыі “Найлепшае мастацкае афармленне” прэмію атрымала Вераніка Шпак за аздабленне казачнай аповесці Генадзя Аўласенкі “Як зубраня “Зубраня” наведала”, а ў намінацыі “Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў” — Зараслава Камінская за кнігу “Калядны стол”. 

Пераможцы кожнай намінацыі атрымалі ад фонду “Вяртанне” грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$.

Анімаваны ролік-абвяшчэнне вынікаў можна паглядзець на Youtube.

У доўгі спіс мастацкай намінацыі ўваходзіла 19 кніг. Сябры журы Кацярына Дубовік, Васіліса Паляніна і Валерый Славук выбіралі пераможцу з гэтага кароткага спісу:

  1. Дар’я Барышнікава, Лілія Бусарава, Ксенія Гуніна-Авербург, Алеся Жыткевіч, Ганна Каралёва, Ілона Касабука, Алена Немік, Маша Петухоўская, Леся Пчолка, Таццяна Радзівілка, Дар’я Сазановіч, Антаніна Слабодчыкава, Кацярына і Марыйка Сумаравы, Марта Шматава, Кацярына Шутко — Ірына Саламаціна, Наталля Кухарчык. Яна была / Галіяфы
  2. Дар’я Ганчарык-Чарняўская, Алена Карабань — З рога ўсяго многа / Мастацкая літаратура
  3. Марыя Міцкевіч — Таццяна Дамаронак. Вясёлка над лесам / Звязда
  4. Кацярына Першына — Алена Стэльмах. Павучок Славік / Мастацкая літаратура
  5. Марыя Станкевіч — Анатоль Зэкаў. Варыла вячэру варона / Мастацкая літаратура
  6. Вераніка Шпак — Генадзь Аўласенка. Як зубраня “Зубраня” наведала / Мастацкая літаратура

Доўгі спіс літаратурнай намінацыі складаўся з 27 кніг. Журы, у якое ўваходзілі Вера Бурлак, Андрэй Жвалеўскі, Людміла Рублеўская, Андрэй Хадановіч і Ганна Янкута, вызначылі наступную шасцёрку найлепшых кніг: 

  1. Аліна Длатоўская. Арнаменты / Янушкевіч
  2. Лілія Ільюшына. Ключ дарог. Пачатак / Галіяфы
  3. Сяргей Календа. Балтыйскія шкарпэткі / Логвінаў
  4. Зараслава Камінская. Калядны стол. Некулінарная кніга / Галіяфы
  5. Яраш Малішэўскі, Аксана Спрынчан. Малочны кактэйль для Вужынага Караля, альбо Калякамп’ютарная казка / Мастацкая літаратура
  6. Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Ключ ад Вялікай Каштоўнасці / Звязда

Сёлета Прэмія Цёткі таксама займела стыкерпакі для месенджараў. Усталяваць стыкеры для Telegram можна па гэтай спасылцы, а для Viber — па гэтай. Вобразы намалявала адна з лаўрэатак прэміі — Лізавета Лянкевіч

Віншуем пераможцаў!