Журы абвясціла пераможцу прэміі Анемпадыстава


Журы абвясціла пераможцу прэміі Міхала Анемпадыстава 2020. Ёю стала дызайнерка Кацярына Пікірэня.

Пераможцай прэміі Анемпадыстава сёлета стала дызайнерка Кацярына Пікірэня за вокладку да кнігі “Трое ў чоўне і пёс з імі” Джэрома Клапкі Джэрома выдавецтва “Логвінаў” (пераклад на беларускую мову Паўла Касцюкевіча). 

Сама Кацярына адзначыла, што шмат экспераментавала пад час працы над вокладкай. “У выніку атрымалася вокладка навыварат: тэкст і ілюстрацыя памяняліся ролямі, назва кнігі была намаляваная, а тэкст з цэнтральнымі словамі “ўсё будзе добра” зрабіўся ілюстрацыяй. Праз гэты фінт давялося парушыць вядомы прынцып дызайна: не быць літаральным. З тэхнічным выкананнем я таксама праэксперыментавала, спалучыўшы каляровую туш і лінарыт. Давялося карпатліва выразаць з лінолеўму і аддрукоўваць асобна кожную літару, каб стварыць непадробную выпадковасць, вандроўную крафтавасць формы і тэкстуры”, – рассказала дызайнерка.

“Свободная рукотворная типографика и графика создает оригинальную композицию, где форма и образ сочетаются органично. Чувствуется раскрепощенность, свобода графического и пластического решения. Обложка выглядит современно. Автор хорошо решает формальные задачи в разнообразном сочетании пропорций элементов текста и изображения, где сохраняются балансы между главным и второстепенным”, – дзеліцца меркаваннем дызайнер і сябра журы прэміі Юрый Тарэеў.

У конкурсе сёлета ўдзельнічалі 37 кніг. Фіналістамі сталі:

  1. Кацярына Пікірэня – аўтарка вокладкі кнігі “Англійскі сусед”, Міхаіл Вешым (пераклад на беларускую Таццяны Анікеенкі). Логвінаў, 2019.
  2. Наталля Паваляева – аўтарка вокладкі кнігі “Паехаць на поўнач, каб памерцi”, Іда Ліндэ (пераклад на беларускую Наталлі Паваляевай). Янушкевіч, 2019.
  3. Наталля Паваляева – аўтарка вокладкі кнігі “Пыха і перадузятасць”, Джэйн Остэн (пераклад на беларускую Ганны Янкуты). Янушкевіч, 2019.
  4. Кацярына Пікірэня – аўтарка вокладкі кнігі “Трое ў чоўне і пёс з імі”, Джэром Клапка Джэром (пераклад на беларускую Паўла Касцюкевіча). Логвінаў, 2019.
  5. Жанна Гладко – аўтарка вокладкі кнігі “Чорныя макі”, Вольга Гапеева. Галіяфы, 2019.
  6. Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі “Homo”, Крысціна Бандурына. Галіяфы, 2019.

У журы прэміі ўвайшлі творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам: літаратарка і архівістка Вольга Бабкова, графік, дызайнер і фатограф Адам Бароўскі, пісьменнік і мастак Адам Глобус, культуролаг, крытык і эсэіст Максім Жбанкоў, пісьменнік і мастак Артур Клінаў, дызайнер і каліграф Генадзь Мацур, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнер Юрый Тарэеў.

Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Саюзам беларускіх дызайнераў  і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Генеральным партнёрам прэміі з’яўляецца тэлеканал “Белсат”

Прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця два гады таму. Леташнім пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса.