Януш Вішнеўскі, шмат паэзіі і Заяц ПЦ: фестываль кнігі Pradmova абвесціў праграму


Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova анансаваў сёлетнюю праграму. Фестываль пройдзе ў Мінску трэці раз 15-18 кастрычніка ў Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) і прадставіць некалькі дзясяткаў падзей, прысвечаных розным жанрам мастацтва, паяднаных тэмай кнігі. У гэтым годзе частка мерапрыемстваў пройдзе анлайн. У мэтах бяспекі на ўсе падзеі, акрамя кніжнага кірмаша і некаторых урачыстых падзей, трэба будзе прайсці папярэднюю рэгістрацыю.

Хто ўдзельнікі?

Януш Леон Вішнеўскі (Польшча), папулярны польскі аўтар завітае на фестываль, каб прэзентаваць працяг сусветна вядомага рамана “Адзінота ў сеціве”. Кніга называецца “Канец адзіноты” і выйшла на беларускай мове ў выдавецтве “Янушкевіч”. Мерапрыемства пройдзе пры падрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

Лінор Гаралік (Расія-Ізраіль), ізраільская рускамоўная пісьменніца і перакладчыца, фіналістка прэміі “Большая книга”. А яшчэ Лінор Гаралік аўтарка тых самых коміксаў “Заяц ПЦ і яго ўяўныя сябры”. На фестывалі пройдзе выстава коміксаў Лінор, а таксама запланавана дыскусія з Віктарам Марціновічам разам на тэму постапакаліптычных раманаў і размова з Янушам Леонам Вішнеўскім на тэму сучасных выклікаў для пісьменнікаў. Гаралік далучыцца да фестывалю анлайн.

Барыс Пастэрнак (Расія), расійскі выдавец, дырэктар выдавецтва “Время” распавядзе, якая літаратура найбольш запатрабаваная сёння ў свеце, што павінна рабіць выдавецтва па прасоўванні сваіх кніг і аўтараў, як атрымліваць літаратурныя прэміі. Выдавец падзеліцца досведам працы з беларускімі аўтарамі, якія таксама прымуць удзел у мерапрыемстве. Адкажа на пытанні, у чым феномен кніг Святланы Алексіевіч і ці ёсць у беларускіх пісьменнікаў шанец на яшчэ адну Нобелеўскую прэмію. 

Міхаіл Мінакоў (Украіна-Італія), гісторык, філосаф і палітолаг. Ён прыме анлайн-удзел у міжнароднай дыскусіі “Стан і перспектывы палітычных і сацыяльных навук на постсавецкай прасторы, іх здольнасць апісваць актуальныя падзеі”, а таксама прэзентуе свае новыя кнігі і часопіс ”Идеология и политика”.

Жарка Ёваноўскі (Харватыя). З замежжа на фестываль завітае харвацкі майстра паэтычнага слова Жарка Ёваноўскі. Аўтар дзесяці паэтычных кніг, лаўрэат нацыянальных і міжнародных прэмій, Ёваноўскі пачытае сваю іранічную (і месцамі хуліганскую) паэзію разам з перакладчыкам Андрэем Хадановічам на імпрэзе пад назвай “Дзяржава, якая хацела зрабіцца мядзведзем”. 

Сярод беларускіх хэдлайнераў гэтага года Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Максім Жбанкоў, Таццяна Заміроўская, Артур Клінаў, Віктар Марціновіч, Ганна Севярынец, Дзмітрый Строцаў, Юля Цімафеева.

Што яшчэ будзе?

Кожны дзень падчас фестывалю з 11.00 да 21.00 будзе працаваць кніжны кірмаш. Свае навінкі і найлепшыя кнігі прадставяць выдавецтвы “Логвінаў”, “Галіяфы”, “Янушкевіч”, “Суродзічы”, “Время”, ARCHE, “Лімарыус”, “Коска”, “Тэхналогія”, “Эканомпрэс”, “Макбел”, выдаўцы Раман Цымбераў, Зміцер Колас, Алесь Дудар (кніжны гандаль) і іншыя беларускія і расійскія выдавецтвы інтэлектуальнай кнігі.

Таксама на працягу ўсіх чатарох дзён будуць працаваць чатыры экспазіцыі: выстава творчасці 12 вядомых літоўскіх мастакоў кнігі “Сусветная разнастайнасць у літоўскіх кніжных ілюстрацыях” пад куратарствам Довіле Тамкутэ (Літва), выстава прац фіналістаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі “Арт-Прадмова 2020”, выстава мінскай мастачкі Яніны Зайчанка “Свабода [слова] ад невыноснага”, тэматычная выстава коміксаў Лінор Гаралік “Я ўсё выправіў да горшага”: Заяц ПЦ і яго ўяўныя сябры: Ф, Щ, грэлка і свіная адбіўная з гарошкам”.

На Pradmova будуць уручаныя адразу некалькі літаратурных прэмій: прэмія імя Ежы Гедройца за найлепшую празаічную кнігу, прэмія імя Карласа Шэрмана за найлепшыя кніг перакладаў на беларускую мову, прэмія Цёткі ў галіне дзіцячай літаратуры, прэмія імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі. Яшчэ адбудзецца вечарына з нагоды 10-годдзя прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча з удзелам пераможцаў і шорт-лістараў прэміі. 

Чакаюцца калабарацыі з іншымі мастацкімі праектамі: фотапраектам “Змена”, конкурсам і выставай “Арт-Прадмова”, купалаўцамі, культурніцкім праектам wir.by і інш. На фестывалі пакажуць фільм Аляксея Палуяна “Возера радасці” па матывах аднайменнай кнігі Віктара Марціновіча. 

Падрабязная праграма фестывалю са спасылкамі на рэгістрацыю тут.