Вандроўны Фэст Уладзіміра Караткевіча мяняе фармат


Фота: image description
Вандроўны Фэст Уладзіміра Караткевіча змушаны паведаміць пра змену фармату ўсіх пяці экскурсій з праекту "Адрасы Караткевіча", якія меліся адбыцца 19 і 20 верасня ўжывую і праз стрым у Мінску, Оршы, Кіеве і Вільні.

Экскурсіі планавалі правесці пісьменнікі Адам Глобус, Паліна Качаткова, Антон Рудак, а таксама ўкраінскі даследчык і перакладчык беларускай літаратуры Вячаслаў Лявіцкі. Змена фармату адбылася праз рост захворванняў каронавірусам (для ўсіх краін), а таксама праз напружаную сітуацыю ў Беларусі: у апошнія месяцы, на жаль, у краіне мелі месца скраданні экскурсаводаў (і іх слухачоў) нявызначанымі людзьмі.

У верасні фэст Караткевіча запіша некалькі дынамічных онлайн-экскурсій па мясцінах, звязаных з жыццём самага любімага беларускага пісьменніка ХХ стагоддзя.

Праект будзе рэалізаваны ў межах адукацыйнай праграмы “SOS Culture”, якая ладзіцца ініцыятывай Artonist.

У сувязі са зменай фармату мы таксама шукаем новых партнёраў, якія знаюцца на пракаце відэа. Калі ласка, дасылайце свае прапановы на [email protected] з пазнакай “Караткевіч”.
Вашай увазе – анонс кіеўскай экскусіі па мясцінах Караткевіча. Грунтоўны трохгадзінны маршрут, падрыхтаваны Вячаславам Левіцкім, мы былі змушаныя скасаваць у апошнюю хвілю.