У межах сайта ПЭНа пачынае працу “Аўдыятэка”


“Аўдыятэка” – гэта пляцоўка, дзе публікуецца беларуская літаратура ў гукавым фармаце, своеасаблівы архіў перадусім сучаснай літаратуры, якую можна не толькі пачытаць, але і паслухаць. Пераважна самі літаратары і літаратаркі начытваюць уласныя творы, часам прафесійныя акторы.

На сённяшні момант “Аўдыятэка” ўяўляе сабой лагічны працяг сайта “Літрадыё”, якому наследуе і з якім да нядаўняга часу Беларускі ПЭН-цэнтр шчыльна супрацоўнічаў. Гэтая супраца паказала, што літаратура ў аўдыяфармаце напраўду запатрабаваная, таму мы працягваем працу ў гэтым кірунку. Праект “Аўдыятэка” з цягам часу будзе дапаўняцца і развівацца ў самастойным рэчышчы.

Ужо сёння на сайце “Аўдыятэкі” можна слухаць шэсць аўдыяверсій кніг, што ўвайшлі летась у кароткі спіс прэміі Гедройца: Анкі Упалы, Уладзіміра Арлова, Альгерда Бахарэвіча, Адама Глобуса, Вінцэся Мудрова, Паўла Севярынца, абноўленыя падборкі вершаў Вальжыны Морт, Таццяны Нядбай і інш.

Усе запісы можна слухаць не толькі на сайце, але і непасрэдна на старонцы Беларускага ПЭНа на soundcloud.