ПЭН Германіі ўхваляе рух за дэмакратыю і заклікае спыніць гвалт і абмежаванне свабоды слова ў Беларусі


Фота: Christian Wiediger
ПЭН-цэнтр Германіі абураны жахлівым гвалтам, якім самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі адрэагаваў на мірныя акцыі пратэсту супраць свайго перавыбрання.

Александр Лукашэнка, які маніпуляваў афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, зноў выстаўляе сябе як несумленны дэспат. Незлічоныя акты гвалту над мірнымі ўдзельнікамі акцыі зафіксаваныя ў апошнія некалькі дзён, у тым ліку, жорсткае абыходжанне, збіццё і згвалтаванні. Гэта не пакідае сумневаў у тым, што Лукашэнка будзе імкнуцца захаваць уладу любымі спосабамі. Правы чалавека і свабода слова не маюць ніякага значэння для прэзідэнта.

Дзесяцігоддзямі пісьменнікаў, журналістаў і блогераў прыгнятаў і пераследаваў аўтакратычны рэжым. Нешматлікія СМІ знаходзяцца пад дзяржаўным кантролем, інфармацыйныя парталы былі заблакаваныя, а апошнім часам нават Інтэрнэт быў адключаны, каб стрымліваць пратэсты.

Нямецкі ПЭН-цэнтр выказвае вялікую павагу мірнаму апазіцыйнаму руху. Мы падтрымліваем заклік Нобелеўскай лаўрэаткі і былой стыпендыяткі праграмы “Пісьменнікі ў выгнанні” (Writers in Exile) нямецкага ПЭН-цэнтра Святланы Алексіевіч пра неадкладную адстаўку прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Вінаватыя ў рэпрэсіях супраць дэманстрантаў павінны быць прыцягнуты да адказнасці, а ўсе палітвязні – вызваленыя.

Наша бясспрэчная салідарнасць адрасуецца не толькі беларускім пісьменнікам і дзеячам культуры, але і ўсяму беларускаму народу. Лёс Беларусі не павінен знаходзіцца ў руках аўтакрата, таму мы звяртаемся да ўрада Германіі і ўсіх дзяржаў Еўрапейскага Саюза з просьбай працягваць падтрымліваць рух дэмакратыі ўсімі спосабамі, каб забяспечыць свабодныя, сумленныя і празрыстыя выбары ў Беларусі.

Тэкст заявы можна прачытаць у арыгінале на сайце ПЭНа Германіі.