#ПЭНгаворыць. Ярмошына і Купалаўскі тэатр. Эсэ Вячаслава Ракіцкага.


Фота: TUT.BY
Спадарыня Ярмошына любіць Купалаўскі тэатр. Асабіста я, тэатральны крытык і гісторык тэатра, апошнімі гадамі бачыў яе на ўсіх прэм'ерных спектаклях купалаўцаў, акрамя, натуральна, «Вешальнікаў».

Раней старшыня ЦВК прыходзіла ў храм мастацтва са сваім намеснікам спадаром Лазавіком. Але пасля ягонай смерці зяўляецца адна.

Апошнім разам я Лідзію Міхайлаўну ў Нацыянальным тэатры бачыў на прэм’еры «Караля Ліра». Я быў адзін, і яна — адна. Абое прыйшлі па запрашальніках. Вось тэатр, натуральна выпадкова, і даў нам месцы разам. Лідзія Міхайлаўна, як і належыць віп-персоне, заняла сваё месца з трэцім званком. Я разгубіўся. Зала была паўнюткая, перасесці на іншае месца не было магчымасці. Пакінуць тэатр я не мог, бо ніколі ў жыцці не пакідаю тэатр, не дагледзеўшы спектакль, ды і паабяцаў шэф-рэдактару «Нашай Нівы» Андрэю Дынько ўжо на наступны дзень напісаць рэцэнзію. Мая ж суседка, разумеючы, хто я, адразу стала мне захоплена расказваць, як яна любіць Купалаўскі тэатр, як яны раней хадзілі на спектаклі са спадаром Лазавіком. Адбывалася нешта падобнае на «свецкую бяседу» — хоць я адмоўчваўся, — якую чулі і асобныя людзі тэатра, што занялі побач прыстаўныя крэслы. У антракце адбывалася фотасесія: спадарыня Ярмошына ахвотна фатаграфавалася з гледачамі. А пасля спектакля яна разам з усімі пляскала ў далоні выдатна сыгранай крывавай трагедыі Шэкспіра. І тым самым ухваляла пакаранне тырана.

На наступны дзень была надрукаваная мая рэцэнзія. «Наша Ніва» пад яе загалоўкам ад сябе змясціла ўдакладненне, што на прэм’еры прысутнічала спадарыня Ярмошына.

А сёння, у дзень пратэсту купалаўцаў, выглядае, што ўзаемалюбоў старшыні ЦВК і Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы скончылася разам з «выбарамі», якія яна правяла, з вынікамі і наступствамі якіх не пагадзіліся купалаўцы, як і ўсе разумныя і свабодныя беларусы. Тым больш што ўзнікла катастрафічная для айчыннага мастацтва перспектыва ўвогуле знішчэння галоўнай драматычнай сцэны краіны.

Вось так падзякавала старшыня ЦВК Тэатру за запрашальнікі на прэм’еры! Вось чаго вартыя апладысменты віп-аматаркі беларускага тэатральнага мастацтва!

Натуральна, ніхто не перашкодзіць ёй купіць квіток і прыйсці ў тэатр. Але ці адчуе яна, пераступіўшы наступным разам парог тэатра, сваю віну за скрадзеныя на яе «выбарах» і галасы купалаўцаў, што яе «выбары» прывялі да гвалту дзяржавы супраць мірных людзей, супраць чаго паўстаў увесь калектыў тэатра? І ці зразумее, што яна першая ў ланцугу людзей, датычных да страшнага ўдару па Нацыянальным тэатры?!

Што ж, запушчаны працэс пайшоў… Купалаўцы практычна ўсім калектывам падалі заявы на звальненне. 101-ы сезон можа і не пачацца. Таму гэтыя пытанні, магчыма, і не будуць свідраваць мазгі, сумленне ні спадарыні Ярмошынай, ні спадара міністра культуры Бондара (наступнага ў ланцугу знішчальнікаў), калі на гэтай святой сцэне замест «Тутэйшых», «Дзвюх душ», «Пана Тадэвуша», «Рэвізора», «Караля Ліра», «Вешальнікаў» будуць паказваць якіх-небудзь «Знойных мамочек».

Вячаслаў Ракіцкі, кандыдат мастацтвазнаўства, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, лаўрэат Прэміі імя Алеся Адамовіча

 

Паводле “Нашай Нівы”