Марыя Мартысевіч. Вершы салідарнасці


Фота: Еўрарадыё
Вершы, напісаныя мной за час кіравання Аляксандра Лукашэнкі і ягоных памагатых. Шчыра веру, што неўзабаве яны састарэюць, як бабіны, пэйджары ці дыскавыя тэлефоны. Я хачу, каб спыніўся адлік гадоў і абставін, якія змушаюць пісаць такую паэзію. Жыве!  

З кнігі “Амбасада” (2011)

НАРАДЗІ ПРЭЗЫДЭНТА

Ты кажаш, іголкай цэнзуры зашыты твой рот
і ванітоўней, чым сёньня, ужо ня будзе.
А па мне, усё ў тваіх руках, пакладзеных на жывот:
нарадзі прэзыдэнта, якога хочаш, – сабе і людзям.

Ты кажаш, Народ і Мова заняпалі дашчэнту.
Дык за чым затрымка? Нарадзі прэзыдэнта.
Скажы сабе: «Як спадарыні Лінкальн і Кенэдзі», –
і нарадзі.

І ён вырасьце й зможа ўсё зло на сьвеце змагчы:
Папа Рымскі будзе сядзець ад яго зьлева,
Голуб Міру будзе сядзець у яго на плячы,
а ля ног яго – Брытанская каралева, –

бо вы малайцом, мамаша, усё зрабілі, як трэба,
і цяпер усё будзе іменем Айца і Сына,
і арол дэмакратыі будзе лунаць над тваёй краінай,
хоць, магчыма, там будзе банальнае мірнае неба.

І ты – прычына таго, што здохла нешта вялікае ў лесе –
прымаючы ў пасьляродавым журналістаў маленькімі групкамі,
адмовісься ад вілы ў Ніцы й на радасьць кансэрватыўнай прэсе
аддасі перавагу хутару недзе пад Крупкамі.

Ты пасадзіш ля хаты півоні, флёксы і мак.
Ён штурхаецца ножкай – гэта харошы знак.
Адчуваеш – ва ўлоньні віруе плацэнта?
Нарадзі прэзыдэнта.

 

ЭТЫКА І ПСЫХАЛЁГІЯ СЯМЕЙНАГА ЖЫЦЬЦЯ

Згвалтаваньне, калі вярталася поцемкі з працы, –
віна жанчыны.
Муж, які не сустрэў ля мэтро, безумоўна, яе пакідае,
бо а раптам пранцы,
бо значыць была прычына,
бо сама нарвалася, бо знойдзецца маладая.

І – апроч пары новых зморшчак – усё гладка,
І – акром чорна-белых кашмараў – усё весялкова,
Толькі зранку нашча пад локаць лепіцца ватка,
І сястра застаецца ночыць нібы выпадкова.

Ну было і сплыло – з кожнаю можа стацца.
І цяпер, як сястра пераконвае, трэба старацца
жыць далей,
правярацца зранку нашча на пранцы,
і ня думаць пра шэрыя поцемкі пасьля працы.

19 сьнежня 2010 г.

 

ПАМЫЛКІ ПЕРШАГА РАЗУ

«А на Божым Судзе
ўсім у жопу будзе», –
паўтарай гэта ў голас, калі
тваё першае каханьне цябе засудзіць.

Любілі сядзець на трубах ля пачатку КАДу –
і вось вы на цэнтральных вуліцах, па розныя бакі барыкадаў.
Уцякалі з урокаў гуляць па трамвайных рэйках –
а цяпер вы на дыбачках па сківіцы ў розных рэках.

Дзеці Пятра Шміта, салісты канкуруючых хораў, –
а на бацькоўскім лецішчы ўзімку было так хораша!
Так пад чужой кашуляй гарэлі агнём рукі!..
Але чорт узяў і прыдумаў палітычныя рухі.

Ня склалася – што ж, merci – і нават beaucoup.
Ці прынцыпова, каб нашы першыя былі на нашым баку?
Ці трэба, каб яны былі з намі,
калі мы зазнаем паразу?

Дзякуй, Суддзя, за памылкі першага разу.

 

* * *

Прыгарадная маршрутка «Няміга – Дудуткі»
па паўднёва-паўночнай трасе нясецца воўкам.
Тут варагі балююць з грэкамі пятыя суткі,
А пасьля – хоць зямля ім пухам, хоць шлях ім шоўкам.
Аглядае турыст Нямігі крывавыя берагі,
Відашукальнік паправіўшы, як лярнэт.
Аніякіх візаў – шэсьцьдзесят шосты санэт
І страхоўку спыталі памежнікі на мяжы.
Паглядзіце направа – гэта сьцягі, сьцягі.
Паглядзіце налева – гэта крыжы, крыжы.

 

HOW I SPENT SATURDAY

Вялікае праньне – пра што мне яшчэ пісаць.
У машыны маёй не сканчаецца чорная паласа.
На антрэсолях чакае вясёлкавая вясна,
Кош закіданы чорным да самага дна.
Шалікі, швэдры, пальчаткі – іх цьмы і цьмы.
Ці адмыемся ад халоднай доўгай зімы?
Чорнае зь белым, дзьве партыі, дзьве душы.
«Як вы там? Дзе вы? Ці не ўзялІ? Пішы».
«Не ўзялі, але нам заставалася паўвяршка».
Не хапае цэнзурных словаў і пральнага парашка.
Ці прарвёмся мы цераз бруі бруднай вады
туды, дзе бялізна белая сапраўды?
Ці пачнецца вясна ў камодзе і на дварэ?
«Як вы там? Што вы робіце?» – «Мы пярэм».
Вялікае праньне – пра што мне яшчэ пісаць.
У краіны маёй не сканчаецца чорная паласа.
Цераз бруі бруднай вады ці прарвёмся мы?
Ці адмыемся ад халоднай чорнай зімы?

25 сакавіка 2017 г.

 Вы таксама можаце паглядзець эфіры “Вершы салідарнасці”

за 5 жніўня і 23 ліпеня.