#ПЭНгаворыць: паэтка, перакладчыца і першая намесніца старшыні ПЭНа Таццяна Нядбай


Калі затрымлівалі кандыдатаў у прэзідэнты і ўдзельнікаў іх ініцыятыўных груп, іх былых калег, сяброў сям’і, гэта не выклікала здзіўлення, хаця бясспрэчна дадавала змрочнасці. Калі блакавалася дзейнасць культурніцкіх пляцовак, накрывала тупое пачуццё безвыходнасці, хаця і да яго мы ўжо звыклі за гэтыя дзесяцігоддзі. Зрэшты, так заўсёды: ты робіш тое, што лічыш патрэбным, і разумееш, што з «таго боку» табе хутчэй за ўсё раней ці пазней «прыляціць» і да гэтага трэба быць проста гатовым.

Тое, да чаго не можаш прывыкнуць: рэакцыі, якія з нагоды сітуацыі прарасталі з «нашага боку»: «Але ўсё ж добра, што цяпер карціны беларускіх мастакоў будуць ва ўласнасці беларускай дзяржавы!»

Так, мне таксама хацелася б, каб менавіта беларуская дзяржава (чытай народ) была ўласніцай нашых культурных здабыткаў. Але для гэтага яна сама павінна была б набываць звязаныя з Беларуссю прадметы мастацтва на замежных аўкцыёнах і прывозіць іх у краіну, робячы даступнымі для нас. Мне хацелася б, каб беларуская дзяржава апекавалася лёсам вывезеных у суседнія краіны артэфактаў і на ўзроўні Мінкульта і МЗС вяла перамовы аб іх вяртанні. І каб мы, дзеячы культуры і культурніцкія арганізацыі, маглі ўплываць на дзяржаўную палітыку ў сферы культуры, быць яе актарамі, суб’ектамі і рэцыпіентамі. Вось толькі мы звыкліся дзесяцігоддзямі назіраць, як нашы з вамі падаткі ідуць на славянскія базары, парады і дажынкі, але гатовыя доўга абмяркоўваць «мяккую сілу» і казаць пра замежнае падтрыманне тых, каго рэпрэсуюць па палітычных матывах. Гэтым самым нібыта даючы картбланш на парушэнні правоў чалавека і знявагу тых, хто нам несімпатычны.

Часам падаецца, уласнае бяссілле і няздольнасць уплываць на ўладу мы кампенсуем прагай адыграцца «на коціках» бяспечных, бо не прыйдуць да нас з вобшукам, і бясшкодных, бо ўжо сядзяць.

Я ўражаная той хваляй салідарнасці, якая ўздымаецца сёння з розных бакоў і ў розных супольнасцях. Мне хацелася б толькі, каб мы навучыліся не адрынаць тых, каго несправядліва б’юць, незалежна ад таго, ці падтрымліваем мы іх палітычную пазіцыю і ці сімпатызуем ім як асобам. Праява салідарнасці гэта не пра тое, хто нам падабаецца, а хто не. Гэта пра ўніверсальнасць правоў чалавека. Дэманстраваць снабізм і прад’яўляць гамбургскія рахункі можна потым, калі людзі, якія патрапілі пад каток рэпрэсій, будуць таксама сядзець на ўтульных канапах у коле сваіх блізкіх.