#ПЭНгаворыць: пісьменнік Сяргей Дубавец


Каб ясна разумець, што цяпер адбываецца, трэба сыходзіць з прынцыпу адзінства нашай гісторыі.

Дарагія сябры!

Каб ясна разумець, што цяпер адбываецца, трэба сыходзіць з прынцыпу адзінства нашай гісторыі.

Ідзе працэс станаўленьня беларускай палітычнай нацыі, які пачаўся з паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі і доўжыцца ўжо больш за два стагодзьдзі. На гэты працэс нашы продкі паклалі мільёны сваіх жыцьцяў, былі мноства разоў абрабаваныя і прыніжаныя.

Але трэба ўсьведамляць, што гэта наша паўставаньне, а ня тых, хто нас душыць і прыніжае. Гэта наша гісторыя, а ня іх, мураўёвых, панамарэнак, лукашэнак. І гледзячы сёньня на людзей у турмах, на скрадзеныя скарбы мастацтва, на хамства, карупцыю і страх начальства, я ня бачу нічога новага. Усё гэта было ўжо і сто і дзьвесьце гадоў таму. Але я бачу новыя пакаленьні нашых людзей, якія ставяць тыя ж мэты, што і паўстанцы Каліноўскага ці змагары Слуцкага збройнага чыну, або героі паваеннага супраціву, для якіх была і застаецца адна нязьменная мэта — свабода.