Культура ў закладніках: патрабуем вызвалення Віктара і Эдуарда Бабарыкаў і зняцця перашкодаў для культурных праектаў


Культурніцкая супольнасць Беларусі рашуча пратэстуе супраць палітычна матываванага пераследу дзеячаў культуры і супраць іншых дзеянняў беларускіх уладаў, якія блакуюць існаванне важных культурных і грамадскіх ініцыятыў.  

Падчас правядзення перадвыбарчай кампаніі затрыманыя мецэнат, філантроп і грамадскі дзеяч, экс-старшыня кіраўніцтва “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка і ягоны сын, кіраўнік платформаў Ulej і MolaMola, менеджар культуры Эдуард Бабарыка. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Эдуарда і Віктара Бабарыкаў палітвязнямі. Былі знятыя з паказу і далучаныя да крымінальнай справы супраць “Белгазпрамбанка” творы з карпаратыўнай калекцыі банка, паралізаваная дзейнасць краўдфандынгавых пляцовак Ulej і MolaMola.

Дзякуючы ініцыятыве Віктара Бабарыкі і падтрымцы “Белгазпрамбанка” за апошняе дзесяцігоддзе былі рэалізаваныя наступныя культурныя праекты:

  • Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАрт” (першапачаткова — Тэатральны тыдзень з “Белгазпрамбанкам”, 2010 — 2019),
  • выстава “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, прымеркаваная да 75-гадовага юбілею Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі (2014),
  • праект “Восеньскі салон з «Белгазпрамбанкам»” (2015 — 2019), пакліканы прадставіць творы маладых беларускіх мастакоў, якія працуюць у розных відах і тэхніках выяўленчага мастацтва (жывапіс, графіка, фатаграфія, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інсталяцыя),
  • быў створаны і актыўна функцыянуе культурніцкі хаб ОК16 (2017 — па цяперашні час).

У 2018 годзе ”Белгазпрамбанкам” было прафінансаванае выданне 15 000 асобнікаў пяцітомніка Святланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову для перадачы ў дар бібліятэкам Беларусі. 

Віктар і Эдуард Бабарыка. Фота https://babariko.vision/ 

У 2015 годзе Віктар Бабарыка атрымаў ганаровае званне “Мецэнат культуры Беларусі” па выніках 2014 года. Адна з найбольш гучных яго ініцыятыў — стварэнне карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка”.

Карпаратыўная калекцыя “Белгазпрамбанка” — збор твораў мастацтва, які фарміруецца ў межах рэалізацыі нацыянальнага гісторыка-культурнага праекта “Арт-Беларусь” і налічвае сёння больш за 150 артэфактаў — карціны, скульптуры, кнігі. Ядро калекцыі складаюць творы мастакоў Парыжскай школы, якія нарадзіліся ў Беларусі: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Шрагі Царфіна, Пінхуса Крэменя, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна. 35 экспанатаў збору ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Значная частка калекцыі з 2017 году экспанавалася ў галерэі «Арт-Беларусь», якая месціцца ў Палацы мастацтваў і да апошніх дзён была даступная для ўсіх наведнікаў. Паводле  інфармацыі дзяржаўных СМІ “паўтары сотні карцін коштам 20 мільёнаў даляраў далучаныя да крымінальнай справы”, звязанай з супрацоўнікамі “Белгазпрамбанку”. Мастацтвазнаўцы называюць гэта рэйдарскім захопам. На сёння лёс і месцазнаходжанне калекцыі невядомыя. 

У чэрвені 2020 года заблакаваныя рахункі краўдфандынгавых і фандрайзінгавых пляцовак Ulej і MolaMola, якія плённа працавалі там, дзе не спраўляліся са сваімі абавязкамі міністэрства культуры (а таксама адукацыі, інфармацыі, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння). Цягам пяці гадоў праз партал ulej.by рэалізаваўся цэлы шэраг праектаў, сярод якіх 211 было звязана з выданнем кніг для дзяцей і дарослых на рускай і беларускай мовах, 82 — з пастаноўкай тэатральных і кінаспектакляў, здымкамі дакументальных і кароткаметражных гульнявых фільмаў, 77 — з выданнем дэбютных музычных альбомаў альбомаў і кліпаў ужо вядомых выканаўцаў; 92 праекты былі рэалізаваныя ў сферы медыя (блогі, публіцыстыка, анлайн-выданні), 191 ініцыятыва была звязаная з сацыяльнай сферай (падтрымка больніц, дапамога жывёлам, іншыя значныя для грамадства праекты); 126 праектаў мелі дачыненне да дызайну (адзенне, аксесуары, крэатыўныя прадукты), 88 бізнес-праектаў пачыналі сваё існаванне менавіта праз краўдфандынг.

У сітуацыі, калі дзяржаўная палітыка ў сферы культуры арыентаваная пераважна на падтрымку лаяльных уладзе творцаў, за апошнія гады Віктар і Эдуард Бабарыкі стварылі сапраўдную экасістэму для існавання беларускай культуры.

Мы патрабуем спынення палітычна матываванага пераследу і вызвалення Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, а таксама “вызвалення” іх культурных праектаў.

 

РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
ГКК “Будзьма Беларусамі”
Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”
Міжнародны форум “ТЭАРТ”
Арт Сядзіба
Асацыяцыя “Belfilm”
ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
Кніжная серыя “Амерыканка”
Перакладчыцкая майстэрня
Лятучы ўніверсітэт
Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі
Цэнтр культуры VZAP
Кросс-ценностная антиплатформа
Press Club Belarus
ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны”
Выдавецтва “Янушкевіч”
Выдавецтва “Логвінаў”
Выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм”
Асветніцкі партал Wir.by
Міжнародны фестываль дакументальнага кіно WatchDocs
Беларускі Калегіюм
Часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”
Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча
Выдавецтва “Галіяфы”

Гэтую заяву таксама падтрымлівае ПЭН Амерыка і Саюз пісьменнікаў Нарвегіі

Заява адкрытая да падпісання іншымі арганізацыямі