Лекцыя пра польскага паэта Яцака Качмарскага. Распавядае Андрэй Хадановіч


Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”.

Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы.

Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты і лаўрэаткі. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.

Сустрэча ў прамым эфіры адбудзецца ў  аўторак 26 мая а 17:00 на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку.

Тэма шостай сустрэчы – культавы польскі паэт і спявак Яцак Качмарскі (1957-2004). Бард, які трымаў гітару і спяваў іначай. Парадаксальная постаць, што стала голасам пакалення і сімвалам руху “Салідарнасць”, але была нашмат глыбейшая і цікавейшая за плоскаць палітыкі. Паэт-інтэлектуал, натхнёны Брэйгелем і Матэйкам, Феліні і Таркоўскім. Перакладчык і “суаўтар” Уладзіміра Высоцкага, Жака Брэля, Луіса Льяка, Боба Дылана. Аўтар дзясяткаў альбомаў і тысячы старонак тэкстаў.

Андрэй Хадановіч, які пераклаў Качмарскага і разам з беларускімі музыкамі запісаў дыск “Муры”, у фармаце лекцыі-канцэрту прадставіць творчасць, прачытае вершы і заспявае песні геніяльнага польскага барда.

Запрашаем да прагляду і заахвочваем да актыўнага ўдзелу – задавайце пытанні і дзяліцеся меркаваннямі.

Сачыць за цыклам сустрэч можна праз падзею ў Facebook.