Адкрыты збор кейсаў для ацэнкі эфектыўнасці спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў


Беларускі камітэт ICOMOS абвяшчае збор кейсаў - прыкладаў сітуацый, якія могуць паказаць эфектыўнасць Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў у ратаванні помнікаў.

Мы з вамі рэгулярна назіраем выпадкі разбурэння ці занядбанасці важных для нашай культуры помнікаў. Агульнапрынята лічыць, што ўключэнне будынка ў Дзяржаўны спіс ёсць першым і важнейшым крокам яго ратавання. Але што адбываецца далей? І ці не здараецца часам так, што на практыцы ўключэнне помніка ў Дзяржспіс не заўсёды гарантуе яго захаванне, у той час як многія помнікі набываюць новае жыццё перадусім дзякуючы высілкам асобных людзей альбо супольнасцяў?

Мы запрашаем усіх неабыякавых паглядзець больш пільна на ўсю разнастайнасць такіх сітуацый і супольна прааналізаваць эфектыўнасць Спіса як найпершага інструмента культурнай палітыкі ў захаванні спадчыны.

У пошук абвяшчаюцца кейсы, якія ілюструюць наступныя сцэнары:

1) Калі каштоўны аб’ект знаходзіўся пад пагрозай зносу, і яго ўнясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў сапраўды паспрыяла захаванню і аднаўленню, аб’ект быў уведзены ў эксплуатацыю;
2) Калі аб’ект з наданым статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці гадамі стаіць закінуты і занядбаны, інвестар на яго не знаходзіцца або пасля некалькіх спробаў пачаць працы адмаўляецца;
3) Калі каштоўны аб’ект не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак яго аднаўленне адбываецца згодна методыцы рэстаўрацыі з павагай да аўтэнтычных элементаў і ролі ў гісторыі;
4) Калі грамадская актыўнасць, арганізаваная вакол каштоўнага аб’екта з мэтай яго захавання, сапраўды садзейнічала яго аднаўленню і ўвядзенню ў эксплуатацыю, у незалежнасці ад таго, унесены ён у Дзяржспіс ці не.

Даслаць свае прыклады можна да 10 чэрвеня ўключна, проста запоўніўшы гэтую форму.

Сабраныя кейсы будуць прадстаўленыя падчас навукова-практычнай канферэнцыі “Права на спадчыну” і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: Выклікі і рашэнні”, што мае адбыцца 19-20 чэрвеня гэтага года офлайн ці онлайн у партнёрстве з МНДА “ЕўраБеларусь”. Арганізатары падзеі імкнуцца прааналізаваць ілюстрацыі (не-) эфектыўнасці працы такога інструмента, як Дзяржспіс, у дыялогу з адказнымі органамі ўлады. А выніковы аналітычны дакумент, складзены паводле сабраных кейсаў, дазволіць экспертам (сярод якіх можаце быць вы) акрэсліць наступныя крокі ў адвакатаванні неабходных зменаў у прававым рэгуляванні працы з спадчынай.

Паводле прэс-рэліза