Пазіцыя праваабарончых арганізацый у сувязі з затрыманнем і заключэннем пад варту Сяргея Сацука


25 сакавіка 2020 года быў затрыманы Сяргей Сацук, журналіст і рэдактар інтэрнэт-рэсурсу «Ежедневник». 26 сакавіка для яго была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

26 і 27 сакавіка былі праведзены ператрусы ў офісе «Ежедневника» і дома ў Сяргея Сацука, канфіскаваныя аргтэхніка, дакументы.

Падставай для крымінальнага пераследу стала нібыта атрыманне Сяргеем Сацуком больш за год таму грошай за падрыхтоўку і размяшчэнне на інтэрнэт-рэсурсе «Ежедневник» артыкула пра карупцыю. Гэтыя грашовыя сродкі разглядаюцца следствам як «хабар» па сэнсе ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару, за што прадугледжана пакаранне на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі).

Сяргей Сацук вядомы як журналіст і рэдактар, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. Адным з яго гучных расследаванняў была серыя публікацый у онлайн-выданні «Ежедневник» аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Пазней у дачыненні да шэрагу высокапастаўленых службовых асоб Міністэрства аховы здароўя былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды за карупцыйную дзейнасць.

Сяргей Сацук заявіў, што атрымліваў пагрозы з-за сваёй журналісцкай дзейнасці, звязаныя з гэтым расследаваннем. З апублікаванага (пасля затрымання) ягонага адкрытага ліста, перададзенага ў СМІ задоўга да затрымання, вядома, што яму паступалі пагрозы, у тым ліку пагрозы крымінальнага пераследу. Аднак С. Сацук не распачаў ніякіх спроб змяніць месца жыхарства або схавацца ад магчымага крымінальнага пераследу. Больш за тое, – як вынікае з яго адкрытага ліста, гэта было немагчыма і з прычыны неабходнасці клопату пра сям’ю і, у прыватнасці, з-за стану здароўя жонкі.

Затрыманне ў ходзе папярэдняга следства па крымінальнай справе і ўзяцце пад варту чалавека, які не хаваўся на працягу доўгага часу, з улікам стану яго здароўя і здароўя яго родных, выглядаюць непрапарцыйнымі і відавочна празмернымі мерамі. Гэта можа сведчыць аб наяўнасці палітычнага матыву ў пераследзе журналіста, накіраванага на прымус да спынення або змены характару яго дзейнасці па распаўсюджванні інфармацыі аб карупцыі.

Лічым неабходным неадкладна вызваліць Сяргея Сацука з-пад варты і прыняць усе меры па забеспячэнні яго працэсуальных правоў.

Праваабарончыя арганізацыі працягваюць уважліва сачыць за дадзенай крымінальнай справай.

 

Далучыліся:

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

ПЦ “Вясна”

ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”

РГА “Прававая ініцыятыва”

Ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”

Асветніцкая ўстанова “Цэнтр прававой трансфармацыі”

Экспертна-прававое таварыства “Ініцыятыва FORB”

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”

Установа “Human Constanta”

Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звозскава

ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”