Абвешчаны поўны спіс намінантаў на Прэмію Цёткі


Прайшлі першыя пасяджэнні мастацкага і літаратурнага журы, на якіх былі вызначаны поўныя спісы абедзвюх намінацый Прэміі Цёткі 2020.

Сёлета 19 кніг пазмагаюцца за званне “Найлепшае мастацкае афармленне”, а 27 – за званне “Найлепшая кніга для дзяцей”. Са спісамі можна азнаёміцца на сайце ciotka.by.

У складзе мастацкага журы ў гэтым годзе працуюць Кацярына Дубовік, Васіліса Паляніна і Валерый Славук.

Сябрамі літаратурнага журы сталі Вера Бурлак, Андрэй Жвалеўскі, Людміла Рублеўская, Андрэй Хадановіч і Ганна Янкута.

У кожнай намінацыі будзе вызначацца адзін пераможца, які атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$.

Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года пры падтрымцы фонда “Вяртанне”. За гэты час пераможцамі прэміі рабіліся Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай “Сем ружаў”, Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, Валер Гапееў з кнігай “Мая мілая ведзьма” і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна “Азбука. Вясёлы вулей”, Вера Бурлак з кнігай вершаў “Фантазюркі” і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясмінскай “Чаму Меша не мае хаты”.