Абвешчана журы прэміі Анемпадыстава. Працягваецца прыём заявак


Сталі вядомыя імёны сябраў журы, якія будуць абіраць лаўрэата сёлетняй прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку.

У журы ўвайшлі творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам: літаратарка і архівістка Вольга Бабкова, графік, дызайнер і фатограф Адам Бароўскі, пісьменнік і мастак Адам Глобус, культуролаг, крытык і эсэіст Максім Жбанкоў, пісьменнік і мастак Артур Клінаў, дызайнер і каліграф Генадзь Мацур, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнер Юрый Тарэеў.

Прыём заявак доўжыцца да 2 сакавіка. Каб падаць вокладку на конкурс, запоўніце форму па спасылцы. Таксама на адрас [email protected] дашліце выяву вокладкі кнігі ў электронным фармаце (jpeg + png ці pdf):  пярэдні бок і разварот цалкам, а таксама іншыя элементы афармлення кнігі, якія лічыце важнымі для разгляду журы (напр., форзацы). У тэме пазначайце, калі ласка, назву кнігі і аўтара/аўтараў вокладкі.

Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы. 

Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Пераможцу абвесцяць на фестывалі “Прадмова”, які адбудзецца 2 – 5 красавіка ў менскай прасторы ОК16. 

Да ўдзелу запрашаюцца дызайнеры, якія стварылі вокладку да папяровай беларускай кнігі, што выйшла ў 2019 годзе. Канчатковая адпаведнасць намінаванай кнігі панятку “беларуская кніга” ў кожным канкрэтным выпадку вызначаецца сябрамі журы большасцю галасоў. Больш падрабязна з умовамі ўдзелу можна азнаёміцца, прачытаўшы статут і рэгламент прэміі.

Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Саюзам беларускіх дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. 

Прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця два гады таму. Леташнім пераможцам стаў Грыгорый Кацнэльсон за кнігу «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса.

Сачыць за навінамі прэміі Міхала Анемпадыстава можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас [email protected] ці па тэлефоне +375 29 631 82 62.