Літаратурны фестываль «Pradmova» у Віцебску 22 лютага


22 лютага ў прасторы “VZAP” (вул. Кастрычніцкая, 2) з 12:00 да 20:40 адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» у кампаніі пісьменнікаў, музыкаў, выдаўцоў і іншых герояў нашага часу. 

Хто прыедзе? Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Марына Шода, Сяргей Шаматульскі, Дар’я Трайдэн, Ілля Сін, Лявон Баршчэўскі, Надзея Ясмінска і шмат хто яшчэ! Віцебскія літаратары і дзеячы культуры таксама парадуюць сваёй творчасцю і прадставяць уласныя праекты: Аляксандр Веледзімовіч, Таццяна Катовіч, Міхаіл Рубін.

У праграме: дзіцячыя майстар-класы, літаратурныя падарожжы, прэзентацыі кніг, дыскусіі на тэму тэатра і беларускай прозы, монаспектаклі, паэтычныя выступы, шэдэўры сусветнай літаратуры па-беларуску, музыка, квіз ад “Мова Нанова” і шмат іншых цікавостак. Уваход на ўсе часткі праграмы вольны. 

Можна будзе не толькі паслухаць літаратараў і музыкаў, але і набыць кнігі выдавецтваў “Логвінаў”, “Галіяфы”, “ARCHE”, часопісы з серыі “Наша Ніва” і “Суродзічы” ды атрымаць аўтографы аўтараў і перакладчыкаў.

Падрабязная праграма фестываля «Pradmova» у сацсетках:
Вконтакте  
Facebook
Instagram 

«Pradmova» – пляцоўка для камунікацыі паміж выдаўцамі, аўтарамі, рэдактарамі, ілюстратарамі, дызайнерамі і чытачамі. Фестываль праходзіць з 2018 года ў Мінску і рэгіёнах Беларусі. Штогод у ім прымаюць удзел найлепшыя беларускія і замежныя літаратары, а праграма складаецца з дзесяткаў разнастайных імпрэз.