Абвешчана журы прэміі Арсенневай. Працягваецца прыём заявак.


Сталі вядомыя імёны сябраў журы, якія будуць абіраць лаўрэата сёлетняй прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую беларускамоўную паэтычную кнігу.

Склад журы:

Міхаіл Бараноўскі – паэт, загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча;
Вольга Гронская – паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук, выкладчыца сусветнай літаратуры;
Віктар Жыбуль – паэт, літаратуразнаўца, архівіст, кандыдат філалагічных навук;
Анжэла Мельнікава – літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, выкладчыца;
Лера Сом – паэтка, бард, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры.

Прыём заявак доўжыцца да 13 лютага. Каб падаць заяўку, запоўніце форму па спасылцы. Таксама дашліце электронную версію выдання і вокладку кнігі ў фармаце jpeg на адрас [email protected] (пазначыўшы ў тэме пісьма назву кнігі і аўтара). 

Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (з 11 да 18 гадзінаў у працоўныя дні, адрас: Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31, пакой 906, на дамафоне набраць 47 і званок, тэлефон +375 17 354 80 91). 

Падрабязней пра крытэры для падачы кніг можна даведацца ў статуце прэміі.

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”. 

У  2019 прэмію атрымала Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў – за кнігу “Перавыбранае”, а ў 2017 – Уладзімір Някляеў за кнігу “Толькі вершы”.

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”.  Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас [email protected] ці па тэлефоне +37544 7994047.