Школа крэатыўнага пісьма Адама Глобуса “Літара” распачынае новы сезон


Школа крэатыўнага пісьма Адама Глобуса “Літара” пры Беларускім ПЭН-цэнтры распачынае новы сезон. Да навучання ў Школе запрашаюцца дзяўчаты і хлопцы ад 16 да 21 гадоў.
Школа крэатыўнага пісьма Адама Глобуса “Літара” пры Беларускім ПЭН-цэнтры распачынае новы сезон.

У праграме Школы – азнаямленне, вывучэнне і практыкаванне ў формах літаратурных мініяцюр (дзённікавы запіс, хоку, грэгерыя) на прыкладзе класікаў сусветнай і беларускай літаратуры: Сэй-Сёнагон, Янкі Брыля, Басё, Рамона Гомэса дэ ля Сэрны і іншых. Школа скіраваная на юнацкую аўдыторыю.

Чытанне і пісанне тэкстаў навучыць маладых людзей больш сур’ёзнаму стаўленню да літаратуры і творчасці агулам, дапаможа лепей зразумець сябе і людзей наўкола, асэнсавана падыходзіць да выбару жыццёвых шляхоў.

Заняткі ў Школе будуць адбывацца чатыры разы на месяц па нядзелях а 12-й гадзіне, у цэнтры Мінска. Іх працягласць складзе 2 акадэмічныя гадзіны (90 хв.). Раз на месяц (замест класічных заняткаў) навучэнцы будуць удзельнічаць у літаратурных імпрэзах і фэстах, наведваць музеі і выставы, вандраваць па літаратурных мясцінах нашай сталіцы.

Навучанне ў Школе бясплатнае. Плануецца, што група складзе каля 20 чалавек. Працоўнымі мовамі на занятках будуць беларуская і руская. Да навучання ў Школе запрашаем дзяўчат і хлопцаў ад 16 да 21 гадоў уключна. Свае заяўкі просім дасылаць на электронную скрыню: [email protected] да 24 лютага 2020 года.

У заяўцы неабходна:
1) напісаць крыху пра сябе і сваіх бацькоў – не забудзьце пазначыць таксама свае год і месца нараджэння, свае кантакты (электронны адрас, мабільны тэлефон, старонка ў сац.сетках);
2) прадставіць 1 ці 2 аўтарскія тэксты невялікага аб’ёму (апавяданне, эсэ, верш, сачыненне);
3) адказаць на пытанне, чаго вы чакаеце ад заняткаў у Школе.

1 сакавіка маладыя людзі разам са сваімі бацькамі (у выпадку, калі вучань непаўналетні) будуць запрошаныя на сумоўе, па выніках якога і адбудзецца адбор у Школу. У лютым заняткі распачнуцца для вучняў папярэдніх гадоў, а з сакавіка да іх далучыцца новы набор.

Пра выкладчыка:
Адам Глобус – беларускі пісьменнік, мастак, выдавец. Нарадзіўся ў 1958 годзе. Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча (1977), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі ўніверсітэт (1983). Доўгі час выкладаў у Беларускім Калегіюме. Як пісьменнік працуе ў галіне паэзіі і прозы. У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1981 годзе. Аўтар амаль дваццаці кніг прозы, паэзіі і публіцыстыкі. Яго вершы і апавяданні перакладзеныя на асноўныя мовы свету. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра.