Паэт Уладзімір Някляеў і амбасадар Францыі Дзідзье Канэс зрабілі падарунак беларускаму кінагледачу


У гонар 95-годдзя беларускага кіно незалежная кінакампанія «Безбуслоў Артс» прадставіла спецыяльную беларускамоўную версію цізера драмы «LIBERTÉ» на вершы паэта Уладзіміра Някляева.

У гонар 95-годдзя беларускага кіно незалежная кінакампанія «Безбуслоў Артс» прадставіла спецыяльную беларускамоўную версію цізера драмы «LIBERTÉ» на вершы паэта Уладзіміра Някляева.

Верш «Сумленне» быў напісаны паэтам знарок для фільма Андрэя Курэйчыка. Уладзімір Някляеў асабіста агучыў яго, пагадзіўшыся быць беларускім голасам карціны.

«Мы палічылі, што паэтычнае кіно, якім з’яўляецца драма «LIBERTÉ», арганічна патрабуе голас паэта, а тэма ўнутранай свабоды, сумлення, чалавечай годнасці, як галоўных катэгорый драмы, пранізліва сугучная з творчасцю выдатнага паэта Беларусі Уладзіміра Някляева», – лічыць рэжысёр і прадзюсер фільма Андрэй Курэйчык.


Драма «LIBERTÉ» здымалася на рускай, беларускай і нямецкай мовах у сядзібе Краскі Ваўкавыскага раёна і ў Мінску на працягу восені 2019 года. Галоўныя ролі ў ёй выканалi вядучая актрыса Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Святлана Анікей і зорка нямецкага кіно і тэлебачання Жан-Марк Біркхольц. Сцэнар напісалі Дзмітрый Марынін і Андрэй Курэйчык. Над музыкай працуе кампазітар Дзмітрый Фрыга.

Драматычная гісторыя жанчыны, якая спрабуе перамагчы ўласнае сумленне коштам жыцця ў ілюзорным свеце, і следчага Інтэрпола, які парушыў яе спакой, павінна выйсці на экраны ўлетку 2020 года.
Беларускі цізер даступны ў двух варыянтах: паэтычным і кінатэатральным. У абодвух выпадках «голасам» праекту выступіў Уладзімір Някляеў.
Яшчэ адзін падарунак праект «LIBERTÉ» зрабіў франкафоннай аўдыторыі. На ютуб-канале праекту стаў даступны французскі варыянт цізера ў агучцы Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзiдзье Канэса.

«Мы неверагодна ўдзячныя спадару паслу за цвёрдую і паслядоўную падтрымку беларускага незалежнага кіно і ўмацаванне сувязяў паміж нашымі культурамі, – паведаміў Дзмітрый Фрыга. – Акрамя ўсяго іншага, ён паказаў сябе вельмі арганічным і глыбокім акцёрам, які праявiў дакладнае разуменне прыроды нашай драмы».

Святочная версія цізера пад вершы Уладзіміра Някляева ў аўтарскай агучцы:

Французская версія тізера ў агучцы Пасла Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэса даступная па спасылцы.

Сайт праекта: www.libertefilm.art