Адкрылася падпіска на першае паўгоддзе 2020 г. на незалежныя беларускія газеты


Адкрылася падпіска на незалежныя беларускія газеты, якія з'яўляюцца даўнімі і надзейнымі партнёрамі ПЭНа — «Народная воля», «Новы час», «Свободные новости плюс».
Адкрылася падпіска на першае паўгоддзе 2020 г. на незалежныя беларускія газеты. Мы хацелі б звярнуць вашу ўвагу на тры нацыянальныя газеты, якія з’яўляюцца даўнімі і надзейнымі партнёрамі ПЭНа — «Народная воля», «Новы час», «Свободные новости плюс». Вы можаце падпісацца самі, а таксама падпісаць сваякоў, сяброў, школьных настаўнікаў.

Увага: напрыканцы гэтай навіны — інфармацыя пра розыгрыш!

«Народная Воля» рэгулярна надае ўвагу пытанням правоў чалавека, адмене смяротнага пакарання і іншым актуальным праблемам. Газета — адзін з ключавых партнёраў ПЭНа: у складаны для ПЭН-Цэнтра час галоўны рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч зрабіў усё, каб адно з нашых вострых пытанняў было станоўча вырашана ўладамі. Пераадолеўшы мноства рэпрэсій, газета застаецца адным з самых уплывовых і друкаваных выданняў, але сёння перажывае не найлепшыя часы і мае фінансавыя праблемы. Цяпер у нас ёсць магчымасць  падставіць газеце плячо. «Народная Воля» выходзіць двойчы на тыдзень.

Місія газеты — аператыўнае інфармаванне грамадскасці пра падзеі ў Беларусі і ў свеце. Мэта — падтрымка дэмакратычных каштоўнасцяў і інстытутаў, абарона правоў чалавека, умацаванне грамадзянскай супольнасці, спрыянне станоўчым пераменам ва ўсіх сферах жыцця.

Кошт падпіскі на месяц — 8 рублёў 50 капеек.

«Новы Час» — штотыднёвая незалежная прынцыпова беларускамоўная газета. Надае шмат увагі культуры і літаратуры, мае дадатак «Літаратурная Беларусь».

Сёння «Новы Час» — гэта:
– агляд актуальных падзей з усёй краіны і замежжа;
– эксклюзіўныя рэпартажы і інтэрв’ю;
– змястоўныя палітычныя і эканамічныя матэрыялы;
– аўтарская аналітыка;
– каментарыі экспертаў;
– асвятленне праблем нашых чытачоў;
– захапляльныя гістарычныя і краязнаўчыя матэрыялы;
– найлепшыя ўзоры сучаснай беларускай прозы і паэзіі.

Кошт падпіскі на 1 месяц — 3 рублі 9 капеек.

«Свободные новости плюс» — штотыднёвая рэспубліканская газета, якая робіць стаўку на аналітыку і не толькі палітычную. Чытачам «СНплюс» добра вядомыя імёны сучасных пісьменнікаў, сярод якіх — сябры ПЭНу і СБП. Газета выступала партнёрам Прэміі Гедройца, публікуючы агляд Доўгага спісу прэміі, а таксама рэгулярна асвятляе іншыя ПЭНаўскія падзеі і мерапрыемствы.

Ад рэдакцыі: «Будзем рады не толькі таму, што вы падпішыцеся самі або парадуеце падпіскай сваіх сваякоў ці сяброў: гэтаксама вітаем вашыя будучыя артыкулы ў нас, просім адгукацца на просьбы пра інтэрв’ю нашым карэспандэнтам. “СНплюс” нарадзіліся тады, калі літаратары і журналісты фармавалі грамадскую думку і вялі за сабой грамаду. Мы і пагэтуль захавалі павагу да прыгожага, разумнага пісьменства і вас, як яго прадстаўнікоў. Верым у моц і карысць гэтага саюзу!». 

Сярод аўтараў газеты — Сяргей Законнікаў, Аляксандр Тамковіч, Валер Карбалевіч, Андрэй Паротнікаў, Сяргей Нікалюк, Міхаіл Пастухоў, Святлана Балашова, Максім Жбанкоў, Віталь Цыганкоў, Ігар Карней.

Кошт падпіскі на 1 месяц — 3 рублі 71 капейка.

На ўсе тры выданні ёсць магчымасць аформіць падпіску не выходзячы з дому, праз інтэрнэт. Для гэтага Вам трэба на сайце Belpressa.by запоўніць падпісны бланк і аплаціць праз сістэму Webpay банкаўскай карткай ці праз сістэму «Расчет» (АРІП). У апошнім выпадку неабходна выбраць пункт «Система “Расчет”» (ЕРИП) — «СМИ» — «Н» (для газет «Народная Воля» і «Новы Час» або «С» (для газеты «Свободные новости плюс») — «Подписка». Для аплаты ўвядзіце нумар рахунка, атрыманага на сайце Belpressa.by. Зрабіце плацёж. Падпісацца анлайн можна да 18 снежня. 

Падпісацца можна таксама традыцыйным спосабам праз сістэму Белпошта. Падпісны індэкс «Народнай Волі» — 63222,  «Новага Часу» — 63279, «СНплюс» — 63254. Падпіска праз Белпошту — да 27 снежня.

А цяпер — розыгрыш для сябраў ПЭНа! Сярод тых, хто падпішацца на любую з пералічаных газет на першае паўгоддзе і дашле ў ПЭН (на мэйл [email protected], з пазнакай «падпіска», да 31 снежня) копію квітанцыі, мы разыграем падпіску на другое паўгоддзе. Калі падпішацеся на дзве ці тры газеты — значыць, удзельнічаюць у розыгрышы ўсе квітанцыі і шанец выйграць павялічваецца 🙂 У выпадку выйгрышу вы можаце самі абраць газету (з трох пералічаных), на якую мы вас падпішам. Будуць абраныя тры пераможцы!