ПЭН » Навiны » Фестываль Уладзіміра Караткевіча: расклад падзей

Фестываль Уладзіміра Караткевіча: расклад падзей


Беларускі ПЭН-Цэнтр і Аршанская філія Таварыства беларускай мовы запрашаюць на «вандроўны» Фестываль Уладзіміра Караткевіча, які сёлета пройдзе 30 лістапада ў Смалянах і Оршы. Наведнікаў чакаюць культурніцкія падзеі, у якіх возьмуць удзел дзеячы культуры з усёй краіны, але найперш творцы з Аршаншчыны. Фестываль прымеркаваны да дня нараджэння горача любімага беларусамі класіка ХХ стагоддзя. Экскурсіі, гутаркі пра творчую спадчыну Караткевіча, вершы, проза, спевы і выдатныя кніжкі для ўсіх ахвочых далучыцца!

Расклад падзей фестывалю
10:00 – экскурсія па Смалянах ад краязнаўца Віктара Мяжэвіча. Балотны замак Белы Ковель, руіны Дамініканскага касцёла і кляштара, царква Святога Спаса (драўлянае барока). Прамова Ірыны Дубянецкай на магіле Тамаша Зана. Збор на цэнтральнай плошчы каля дамініканскіх руінаў.

14:30 – экскурсія па Оршы Ўладзіміра Караткевіча ад пісьменніцы Паліны Качатковай. Агляд Дому Караткевіча, які будзе адкрыты для публікі ў дзень фестывалю. Збор на «нулявым кіламетры» ў пачатку вуліцы Караткевіча.

16:00 – «Беларусь, прачынайся! Я цябе абуджаю!»: дыскусія аб ролі Уладзіміра Караткевіча ў фармаванні новай ідэнтычнасці беларусаў. Уладзімір Арлоў, Павел Баркоўскі, Паліна Качаткова, Юры Нагорны. Мадэратарка Ірына Дубянецкая. Кавярня "Замкавая" ў будынку Езуіцкага Калегіума (вул. Леніна, 6а, Орша).

17:00 – 20:00: літаратурна-музычная імпрэза. Уладзімір Арлоў, Зміцер Дзядзенка, Яўгенія Казлова, Наста Кудасава, Аляксандр Макарэвіч, Марыя Мартысевіч, Таццяна Нядбай, Антон Рудак, Андрэй Хадановіч, Сяргей Шаматульскі. Песні Сержука Доўгушава на вершы Караткевіча. Кавярня "Замкавая" ў будынку Езуіцкага Калегіума (вул. Леніна, 6а, Орша).

У межах вечарыны адбудзецца прэзентацыя праекту «Вандроўная кнігарня» ад Аляксандры Логвінавай. Падчас фестывалю можна будзе набыць кнігі беларускіх і замежных аўтараў ад выдавецтва «Логвінаў». Таксама наведнікаў чакаюць кнігі класікаў і сучаснікаў ад кнігарні «Акадэмкніга».

Уваход на ўсе падзеі вольны.

Мяркуецца, што Фестываль Уладзіміра Караткевіча стане штогадовым, і ў 2020 годзе, да 90-гадовага юбілею пісьменніка, пройдзе з большым размахам.

Ідэя фестывалю: Ірына Дубянецкая, Паліна Качаткова, Юры Нагорны, Алена Танкачова.

Арганізатары фестывалю: РГА «Беларускі ПЭН-Цэнтр», ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (Аршанская філія).
Генеральны партнёр фестывалю: «Вандроўная кнігарня» Літаратурнага дома «Логвінаў».

Партнёры фестывалю: ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», Аршанскі рэгіянальны партал orsha.eu, ЗАТ «Патио», «Акадэмкніга».

Арганізатары дзякуюць сям’і фотамастака Валянціна Ждановіча за дазвол выкарыстоўваць у анонсах падзеі знакаміты здымак «Уладзімір Караткевіч з кацянятамі».

Кантакты: [email protected] (з пазнакай: «Фестываль Караткевіча»), +375293465792 (Паліна Качаткова).