ПЭН » Навiны » Беларускі ПЭН. Меркаванне Віктара Марціновіча

Беларускі ПЭН. Меркаванне Віктара Марціновіча


Да 30-годдзя Беларускага ПЭНа сябры і партнёры арганізацыі падрыхтавалі эсэ пра тое, што ПЭН значыць для іх саміх, для літаратурнага асяроддзя і для Беларусі.

Віктар Марціновіч, пісьменнік, мастацтвазнаўца.

Большасць саюзаў, што з’ядноўваюць выбітных музыкаў, мастакоў і іншых творчых людзей у Беларусі, адлічваюць сваю гісторыю з савецкага часу; іх стварэнне, такім чынам, было запачаткавана не столькі жаданнем аб’яднацца і сумесна адстойваць свае правы (бо якія правы маглі быць у Савецкім Саюзе), колькі дырэктыўна навязанай сімуляцыяй грамадскай дзейнасці.

У гэтым сэнсе Беларускі ПЭН-цэнтр, створаны ў 1989-м годзе не партыяй, але - пісьменнікамі, выразна стаіць паасобку і выгодна вылучаецца з ліку падобных арганізацый. Ягоная місія, ягоная структура, само гучанне назвы, быццам бы з’яўляюцца нечым чужынскім для краіны гарвыканкамаў і ідэолагаў, то няма ніякага дзіва ў тым, што сяброўства ў ПЭНе фактычна прыроўніваецца навакольнай сістэмай да “дармаедства”. Гэтаксама, як большасць некалі савецкіх творчых саюзаў некалі савецкай Беларусі цалкам пераасэнсавалі свае прынцыпы і пераўтварыліся ў паўнавартасныя прафсаюзы сучаснай краіны, ПЭН каштоўнасцям людзей, якія яго запачаткавалі, ніводнага разу не здрадзіў. Ягоная дзейнасць асабліва важная тым, што, калі мы чуем пра чарговы арышт ці затрыманне чалавека, які піша, менавіта ПЭН узвышае свой голас першым. Гэта вельмі карысная справа: адчуванне пляча і таго, што вакол цябе ёсць неабыякавыя калегі, дапамагае стасавацца з уласнымі перасцярогамі.

З каштоўнасцяў Міжнароднага ПЭНу, якія падзяляе Беларускі ПЭН, для мяне найбольш важнымі з’яўляецца імкненне ўмацаваць ўзаемнае разуменне і павагу паміж людзьмі, бо менавіта разумення ў наш час робіцца ўсё меней. Мы працягваем ствараць усё болей тэкстаў, якія чытаюцца ўсё з меньшай увагай і сэнсы якіх засвойваюцца ўсё з большымі цяжкасцямі. Гэтаксама мне вельмі блізкае імкненне ПЭНу развіваць беларускую культуру, бо тут у ПЭНа вельмі небагата кампаньёнаў.

Я б параіў сваім калегам уступаць у ПЭН дзеля таго, каб адчуваць уласную знітаванасць з іншымі творцамі; каб у сітуацыі паўсюднай выключанасці людзей ад права ўплываць на рашэнні, сумесны голас ПЭНаўцаў рабіўся чутным; каб адчуваць сваю абароненасць у сітуацыі, калі ніхто болей за цябе не заступіцца; каб, нарэшце, сустракацца з калегамі на імпрэзах, зладжаных ПЭНам.