ПЭН » Навiны » Зварот беларускай грамадскасці наконт беларускай мовы

Зварот беларускай грамадскасці наконт беларускай мовы


Калі вы як публічная асоба ці ваша арганізацыя падзяляеце гэты зварот, калі ласка, напішыце нам пра гэта на адрас [email protected] з пазнакай “подпіс пад зваротам” і мы дадамо ваш подпіс.

Калі вы хочаце падпісаць зварот як арганізацыя, напішыце, калі ласка, поўную яе назву.

Калі вы хочаце падпісаць зварот як публічная асоба, то дашліце, калі ласка, поўнае імя і прозвішча і таксама сваю сферу дзейнасці.


Мы, прадстаўнікі беларускай грамадскасці, заклапочаныя тым, што беларуская мова не мае спрыяльных умоваў для існавання і развіцця ў Беларусі.

Паводле Канстытуцыі Беларусі абедзве мовы – беларуская і расейская – ёсць дзяржаўнымі, але ўлады ўвесь час цураюцца беларускай мовы. Яна амаль не ўжываецца на афіцыйным узроўні, практычна ўсе законы ў Беларусі выдаюцца выключна па- расейску. Паводле апошніх даследаванняў, 48 % беларусаў лічаць беларускую мову роднай, але доступ да адукацыі на беларускай мове застаецца абмежаваны: толькі 13 % вучняў навучаюцца па-беларуску; у краіне няма ніводнага ўніверсітэту з беларускай мовай выкладання. Мова 85 % кнігаў, што выдаецца ў Беларусі штогоду, – расейская; па- беларуску выходзіць толькі 9,5 % кніг.

Паколькі ў апошнія гады колькасць ініцыятываў, скіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, няспынна расце, надышоў час, каб беларуская нацыя напоўніцу карысталася ўласнымі правамі на самавыяўленне і ўдзел у культурным жыцці, у тым ліку і праз сваю мову.

На неабходнасць падтрымаць беларускую мову ў Беларусі звяртае ўвагу міжнародная супольнасць. Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу на 85-м штогадовым Кангрэсе звярнулася з заклікам да ўладаў Беларусі паважаць, абараняць і дапільноўваць правы ўсіх беларускамоўных і дзеяць згодна з Артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які заканадаўча замацаваў статус беларускай мовы як дзяржаўнай. Таксама Міжнародны ПЭН звяртаецца да карпарацыі «Google» ды іншых інтэрнэт-платформаў, каб яны прызналі беларускую мову і забяспечылі беларусам магчымасць у поўнай меры карыстацца ёй на гэтых пляцоўках.

Беларускай мове мусяць быць створаныя спрыяльныя ўмовы для развіцця і роўныя шанцы ў параўнанні з расейскай мовай.

4 кастрычніка ў Беларусі пачаўся чарговы перапіс насельніцтва. Звесткі перапісу, паводле Закону «Аб перапісе насельніцтва», будуць уплываць на фармаванне дзяржаўнай палітыкі ў розных сферах. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову роднай, залежыць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам «беларуская» вы станоўча паўплываеце на яе.

Мы перакананыя, што родная мова – не абавязкова «першая засвоеная ў дзяцінстве». Родная мова – гэта эмоцыі ды пачуцці, гэта тая мова, якую вы адчуваеце роднай, мовай сваіх дзядоў. Незалежна ад таго, якой мовай вы карыстаецеся ў штодзённым жыцці, беларуская мова нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі.

Мы заклікаем усіх, хто з нейкіх прычынаў можа / хацеў бы назваць беларускую мову роднай, абраць яе роднай падчас перапісу насельніцтва. Маленькі ўчынак – глабальнае значэнне.

Мы прапаноўваем арганізацыям грамадзянскай супольнасці і публічным асобам далучацца да гэтага звароту і пашыраць яго ў сваіх колах. Гісторыю робім мы, і гэта не складана. Дастаткова выявіць волю і заявіць пра сваё – роднае.

Беларускі ПЭН-цэнтр
Белсат
Бацькаўшчына
Арт-сядзіба
Symbal.by