ПЭН » Навiны » Станіслаў Асееў. Заява выканаўчай рады ПЭНа Украіны

Станіслаў Асееў. Заява выканаўчай рады ПЭНа Украіны


Два гады таму, у чэрвені 2017 у Данецку, на акупаванай тэрыторыі, быў выкрадзены украінскі пісьменнік і журналіст Станіслаў Асееў. Выкрадальнікі – так званае Міністэрства грамадскай бяспекі ДНР – доўга адмаўлялі сваё дачыненне да гэтай справы і толькі праз паўтара месяца пацвердзілі, што журналіст утрымліваецца ў турме па абвінавачванні ў шпіянажы. У мінулым годзе стала вядома, што журналіст абвясціў галадоўку з патрабаваннем свайго вызвалення, але пазней з’явілася інтэрв’ю на канале “Россия 24”, у якім Асееў на камеру прызнае, што займаўся шпіянажам.

Асееву не дазваляюць бачыцца з маці, прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый не маюць магчымасцяў сустрэцца з ім хаця б для таго, каб ацаніць стан яго здароўя. Гэта дае падставы падазраваць, што журналіста катавалі.

Калі пачаўся ваенны канфлікт, Станіслаў Асееў вырашыў застацца ў Данецку і апісваць падзеі, якія ён пабачыў на свае вочы. За час працы Асееў апублікаваў дзясяткі тэкстаў у друкаваных і інтэрнэт-выданнях, сярод якіх Радыё Свабода, “Дзеркало тижня”, “Український тиждень”, “Українська правда” і іншыя. Станіслаў Асееў з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг і ў 2018 годзе быў прыняты ў сябры Украінскага цэнтру Міжнароднага ПЭН-клубу.

Украінскі ПЭН-Цэнтр заяўляе, што не верыць у прызнанне Станіслава Асеева ў шпіянажы і ўпэўнены, што журналіста да яго прымусілі. Таксама Украінскі ПЭН заклікае ўкраінскія ўлады прыкласці ўсе намаганні да вызвалення Станіслава Асеева і іншых палітвязняў у Расіі і на акупіраваных тэрыторыях.

Беларускі ПЭН далучаецца да заявы Украінскага ПЭНа. Поўны тэкст заявы на ўкраінскай мове тут, на ангельскай - тут.