Кнігі шорт-ліста прэміі Гедройца 2018 даступны ў аўдыёфармаце!


Шэсць кніг з кароткага спісу мінулагодняй прэміі Гедройца можна паслухаць анлайн.


Дзякуючы Беларускаму ПЭН-цэнтру, “Радыё Свабода” і “Еўрарадыё” шэсць кніг з кароткага спісу мінулагодняй прэміі Гедройца можна паслухаць анлайн на платформе Soundcloud. Таксама кнігі ў аўдыёфармаце можна бясплатна спампаваць.

Запіс і мантаж адбываліся на студыях “Радыё Свабода” і “Еўрарадыё”: кнігі Уладзіміра Арлова, Адама Глобуса і Вінцэся Мудрова агучыў Зміцер Бартосік, першую частку кнігі Альгерда Бахарэвіча запісаў і агучыў Сяргей Шупа, над раманам Анкі Упалы працавала Паліна Дабравольская, а частку рамана Паўла Севярынца агучыў Павел Клёк. Каардынатарка праекта – Дар’я Бялькевіч.

Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра распавядае пра праект: 

“Спачатку мы меркавалі, што зможам агучыць толькі адну кнігу, але дзякуючы дапамозе партнёраў (Радыё Свабода і Еўрарадыё) атрымалася “ахапіць” усіх шортлістараў мінулага году. Гэта пілотны праект, спадзяюся, ён будзе працягвацца. Мы б хацелі, каб такім чынам сучасная беларуская літаратура стала даступная для людзей з інваліднасцю па зроку, для тых, хто вучыць мову, а таксама і для шырокай аўдыторыі, якая любіць больш слухаць, чым чытаць”.

Актор агучкі Павел Клёк дзеліцца сваімі ўражаннямі: 

“Агучваць кнігі з шорт-ліста прэміі, хай і часткова, — безумоўна, цікавы спосаб прыцягнуць да іх увагу. Кніга, з якой давялося працаваць мне, мела пэўныя асаблівасці, што адначасова і ўскладняла задачу, і рабіла яе больш цікавай, і вымушала эмацыйна прывязвацца да кнігі. Крышачку, на паўкніжачкі, нырнуць у такі тэкст без магчымасці проста «прабегчы вачыма» — адназначна цікавы досвед”.

Кнігі можна паслухаць (ці спампаваць) па наступных спасылках:



Уладзімір Арлоў “Танцы над горадам” 

Альгерд Бахарэвіч “Сабакі Эўропы” (частка “Мы лёгкія, як папера”)


Вінцэсь Мудроў “Забойца анёла”


Адам Глобус “Сям’я” (раман “Дом”)

Павел Севярынец “Беларусалім” (частка “Ноч нараджэння”)


Анка Упала “На заснежаны востраў”

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання сёлетніх лаўрэатаў прэміі Гедройца адбудзецца 25 верасня ў прасторы ZAL#2, што ў менскім Палацы мастацтваў. Пачатак цырымоніі — а 19:00.


Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Менску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі.

Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016), Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017), Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018).