» » "Новыя (ў)мовы белліту": Беларускі ПЭН-цэнтр на IBB JubiläumsFest

"Новыя (ў)мовы белліту": Беларускі ПЭН-цэнтр на IBB JubiläumsFest


Беларускі ПЭН-цэнтр бярэ ўдзел у фестывалі сацыяльных і культурных праектаў IBB JubiläumsFest, прысвечанаму 25-годдзю Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імені Ёханэса Раў (ІВВ Мінск, пр. Газеты "Правда", 11).

Для фэсту сябры і партнёры арганізацыі падрыхтавалі адукацыйна-дыскусійную праграму, мэта якой - акрэсліць месца і ролю гаворак беларускай мовы, мікрамоваў, роднасных беларускай, а таксама самых розных "трасянак" у актуальным літаратурным працэсе. У кантэксце шматстагоддзевай шматмоўнасці літаратуры Беларусі і напярэдадні перапісу насельніцтва-2019. 

Чакаем вас 1 верасня з 17:00 да 20:00 у аўдыторыі "Дортмунд". Слухайце, абмяркоўвайце, задавайце пытанні!

ПРАГРАМА БЕЛАРУСКАГА ПЭН-ЦЭНТРА (заля "Дортмунд")

17:00 Кароткая гісторыя падляшскай літаратуры. Відэаблог Яна Максімюка, прэм'ера роліка ФБ-суполкі "Толькі пра літаратуру". Акторка Яана Троц і пісьменніца Галіна Максімюк чытаюць творы па-падляшску (відэа).   

17:20 "Новы Завіт" Фёдара Клімчука. Прэзентацыя перакладу Евангелля на заходнепалескую мову культурніцкім аб'яднаннем "Традыцыя" (Сяргей Доўгушаў, Ірына Мазюк). Прагучыць заходнепалеская мова перакладчыка (аўдыё).

17:40 Дыялекты і фальклор у сучасных мастацкіх творах: ідэі для літаратараў. Прэзентацыя этнаграфічнай суполкі "Вольны архіў" (Сяргей Лісіца) і інтэрактыўнай мапы "Дыялекты" (Іна Хоміч).     

18:10 Лупім на трасяначцы. Мова раману "Каларадская пушча" Севярына Квяткоўскага. Гутарка з аўтарам.

18:30 "Гаворкі, мікрамовы, "трасянкі" як самастойная мова літаратурнага твору. Патэнцыял і выклікі ў межах беларускага літаратурнага працэсу і па-за імі". Дыскусія з удзелам культуролага Максіма Жбанкова, лінгвіста Сяргея Запрудскага, моўнай актывісткі Іны Хоміч. Мадэратарка Марыя Мартысевіч.

Падзея ў фэйсбуку

Уваход на ўсе падзеі вольны. Цягам дня (з 10:00 да 20:00) вы таксама можаце наведаць іншыя імпрэзы фестывалю, падрабязей пра гэта - у афішы IBB JubiläumsFest

Да сустрэчы!